25 красавiка 2024, Чацвер, 4:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідары беларускай апазіцыі звярнуліся да Сейма Польшчы

5
Лідары беларускай апазіцыі звярнуліся да Сейма Польшчы

Менавіта ў гэтую цяжкую хвіліну незалежная Беларусь мае патрэбу ў дапамозе з боку самага блізкага суседа Польшчы і ўсяго Еўрапейскага Звязу.

Пра гэта заявілі ўдзельнікі слуханняў, якія прайшлі сёння ў Камісіі замежных спраў Сейма Польшчы. У Сейме Польшчы выступілі адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Стральцоў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, адзін з кіраўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, намесніца старшыні руху «За свабоду» Галіна Скараход, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, судырэктар Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Бастунец, дырэктар тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы і іншыя.

Беларускія ўдзельнікі таксама прынялі зварот да дэпутатаў Сейма і Сената Польшчы:

«Сёння Беларусь перажывае цяжкую сітуацыю. Няўдалая эканамічная палітыка беларускіх уладаў за апошнія 22 гады прывяла да вострага эканамічнага крызісу. Гэты крызіс выклікаў хвалю сацыяльных пратэстаў, якія прадаўжаюцца ў Беларусі ўжо другі месяц. Узмацніліся рэпрэсіі, якія зазнала таксама польская дыяспара. У той жа час сітуацыя ў Беларусі становіцца ўсё больш цяжкай. Разам з эканамічнай катастрофай і пагрозай з боку Расеі ў краіне спее сур'ёзны маральны, культурны і духоўны крызіс.

Менавіта ў гэтую цяжкую хвіліну незалежная Беларусь мае патрэбу ў дапамозе з боку самага блізкага суседа Польшчы і ўсяго Еўрапейскага Звязу. Мы павінны выпрацаваць спосабы, каб схіліць беларускія ўлады да спынення рэпрэсій і кампрамісу з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй.

Толькі кампраміс і перамовы ўладаў з апазіцыяй могуць сёння выратаваць незалежнасць Беларусі і спыніць падзенне краіны ў глыбіні сацыяльнага хаосу і рэгіянальнай нестабільнасці. Самі беларускія ўлады не ў стане гэтаму перашкодзіць.

У імя адказнасці за будучыню Беларусі, беларускае грамадства павінна стаць часткай палітычнага працэсу і мірных перамен унутры краіны. Мяркуем, што для будучыні Беларусі і ўнутранага кансэнсусу ў найбліжэйшай будучыні павінны быць арганізаваныя дэмакратычныя выбары, згодна з дэмакратычнымі нормамі, згодна з прадпісаннямі, якіх прытрымліваюцца ва ўсім вольным свеце – свабодная палітычная канкурэнцыя, галоснасць і сумленны падлік галасоў.

Звяртаемся да ўладаў Рэспублікі Польшча – найбліжэйшага гістарычнага і этнічнага суседа – з просьбай аб падтрымцы нашых дзеянняў, накіраваных на правядзенне дыялогу паміж уладамі і беларускім грамадствам. Ранейшае сяброўства з нашым народам, дабрыня, а таксама досвед Польшчы сёння нам асабліва патрэбныя для захавання незалежнасці Беларусі. Незалежнасць Беларусі з'яўляецца таксама глыбінным інтарэсам Польшчы».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках