24 красавiка 2024, Серада, 3:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства заклікаў ЕЗ адрэагаваць на сітуацыю ў Беларусі

3
Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства заклікаў ЕЗ адрэагаваць на сітуацыю ў Беларусі

ЕЗ заклікалі выразна выказаць сваё стаўленне да дзеянняў беларускіх уладаў.

Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства звярнуўся да кіраўніцтва Беларусі, а таксама да Дональда Туска, прэзідэнта Еўрапейскай рады, Жана-Клода Юнкера, прэзідэнта Еўрапейскай камісіі, Антоніа Таяні, прэзідэнта Еўрапейскага парламента, Федэрыкі Магерыні, віцэ-прэзідэнта Еўрапейскай камісіі, высокай прадстаўніцы ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі, Ёханэса Хана, еўракамісара ў пытаннях палітыкі суседства і пашырэння перамоў, Стаўраса Ламбрынідзіса, спецыяльнага прадстаўніка ЕЗ у правах чалавека, Андрэа Віктарын, кіраўніка прадстаўніцтва ЕЗ у Рэспубліцы Беларусь.

Заява Кіроўнага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

Цягам сакавіка 2017 года ў Беларусі адбываюцца масавыя мірныя пратэсты грамадзян, выкліканыя прыняццем Дэкрэта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Нягледзячы на палажэнні Канстытуцыі аб свабодзе слова і сходаў, у многіх гарадах Беларусі практычна штодня маюць месца масавыя адвольныя затрыманні з ужываннем гвалту ў дачыненні да пратэстуючых грамадзян, грамадскіх актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, а таксама журналістаў, якія асвятляюць грамадска значныя падзеі. На сёння ўжо больш за 260 чалавек аштрафаваныя альбо арыштаваныя.

У сваёй заяве, апублікаванай 14 сакавіка 2017 г, Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП звяртае ўвагу, што рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў прычыняюць сур'ёзную шкоду нядаўна адроджанаму працэсу нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх стасункаў, знішчаючы базу для магчымых узаемавыгадных дачыненняў паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Звязам.

Кіроўны камітэт ФГС УП далучаецца да пазначаных у заяве патрабаванняў да ўладаў Беларусі:

- Неадкладна адмовіцца ад практыкі рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да грамадзян, якія мірна выказваюць свой пратэст, у тым ліку грамадскіх актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці;

- Выявіць адказных за парушэнні канстытуцыйных правоў грамадзян і прыцягнуць іх да адказнасці, устаноўленай заканадаўствам. Ужыць захады для недапушчэння ў будучыні парушэнняў канстытуцыйных правоў грамадзян і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды выказвання меркаванняў, сходаў, словы;

- Спыніць затрыманні і іншыя захады, накіраваныя на перашкоды ў прафесійнай дзейнасці журналістаў і незалежных СМІ;

- У самыя кароткія тэрміны вызваліць усіх арыштаваных і затрыманых з нагоды мірных выступаў у сувязі з Дэкрэтам №3, а таксама апратэставаць судовыя пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў дачыненні да гэтых людзей.

Мы заклікаем улады Беларусі праявіць цярпімасць, устрымацца ад ужывання гвалту і рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі, запланаванай на 25 сакавіка 2017 г у Менску і іншых гарадах краіны, а таксама быць адкрытымі для дыялогу з мірнымі дэманстрантамі.

Мы таксама заклікаем еўрапейскія інстытуты і ўрады краін ЕЗ:

- Звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю з парушэннямі правоў і свабод грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, выразна выказаць сваё стаўленне да дзеянняў беларускіх уладаў;

- Распачаць неабходныя дзеянні для недапушчэння далейшай эскалацыі сітуацыі, задзейнічаць усе магчымыя фарматы і механізмы беларуска-еўрапейскіх дачыненняў для гарантый захавання канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян краіны;

- Выступіць у якасці мадэратараў для садзейнічання дыялогу паміж беларускімі ўладамі і грамадзянскай супольнасцю.

У сваю чаргу Форум грамадзянскай супольнасці УП прадоўжыць сачыць за развіццём сітуацыі, а таксама разам з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці зробіць ацэнку наступстваў гэтага сацыяльна-палітычнага крызісу для беларуска-еўрапейскіх дачыненняў і ўмоў дзейнасці актывістаў і структур грамадзянскай супольнасці і СМІ.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках