29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Дзе Мікола Статкевіч?

44
«Нямецкая хваля»: Дзе Мікола Статкевіч?
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

Адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) Мікола Статкевіч з 23 сакавіка не выходзіць на сувязь.

Пра гэта паведаміла «Нямецкай хвалі» жонка палітыка Марына Адамовіч. У суботу, 25 сакавіка, у Дзень Волі Статкевіч павінен быў быць у Менску на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Адтуль ён як арганізатар правядзення акцыі ад імя БНК планаваў пачатак шэсця па галоўным праспекце беларускай сталіцы. Але палітык там не з'явіўся.

«Апошні раз я бачыла Міколу раніцай у чацвер, 23 сакавіка, пасля гэтага прыйшло паведамленне, што з ім усё ў парадку, з тых часоў ягоны тэлефон не адказвае, і няма нікога, хто мог бы мне распавесці, дзе мой муж», – заявіла Адамовіч. Яна падкрэсліла, што галоўнай мэтай Статкевіча было застацца на волі да 25 сакавіка. «Мы абмеркавалі сістэму сігналаў бяспекі, і ён пайшоў, каб яго не арыштавалі да гэтага тэрміну», – кажа Адамовіч. Яна перакананая, што калі б Мікалай Статкевіч не быў арыштаваны, то «зрабіў бы ўсё магчымае, каб прыехаць у Менск на акцыю, куды ён сам паклікаў людзей».

У спісе затрыманых няма

Марына Адамовіч распавяла, што ў панядзелак, 27 сакавіка, яна разам з адвакатам мае намер падаць афіцыйны запыт у КДБ Беларусі пра месцазнаходжанне Мікалая Статкевіча. Паводле ейных словаў, яна ўжо звярталася па даведкі ў СІЗА КДБ, у менскі следчы ізалятар МУС на Валадарцы і ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, але ёй адказалі, што Статкевіча там няма.

«У мяне ёсць усе падставы не верыць, што яго не ўтрымліваюць у СІЗА КДБ», – мяркуе жонка палітыка.

«Недарэчныя заявы пра тое, што Мікалай уцёк у Парыж ці яшчэ куды-небудзь, як гэта ў 1999 годзе гаварылася пра бясследна зніклых беларускіх апазіцыянераў – экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і генерала МУС Юрыя Захаранку, можна расцэньваць як прамую датычнасць уладаў да знікнення майго мужа», – дадала Марына Адамовіч.

У спісе затрыманых cпецслужбамі паводле абвінавачвання ў падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, які вядзе беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна», імя Мікалая Статкевіча няма.

Юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч паведаміў, што 27 сакавіка ўсе праваабарончыя структуры Беларусі плануюць выступіць з супольнай заявай да ўладаў «даць інфармацыю пра месцазнаходжанне Статкевіча і пра ягоны працэсуальны статус, а таксама заклікаць, каб у дачыненні да яго не ўжываліся ніякія недазволеныя метады допытаў і жорсткае абыходжанне».

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках