21 лiстапада 2017, aўторак, 18:31

Алесь Чахольскі заклікае спыніць размовы пра мэмарыялізацыю Курапатаў

8
Фота: Reuters

Паводле яго, «задума ўладаў, як прынізіць і ў канчатковым варыянце зьнішчыць Народны мэмарыял, зразумелая».

Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты, адказны сакратар управы сойму КХП БНФ Алесь Чахольскі зьвярнуўся праз Свабоду са зваротам у сувязі з абвешчаным Міністэрствам культуры конкурсам на мэмарыял у Курапатах. Паводле яго, «задума ўладаў, як прынізіць і ў канчатковым варыянце зьнішчыць Народны мэмарыял, зразумелая».

Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты падкрэсьлівае, што «найперш ніхто ня ведае, хто ўваходзіць у журы, якія мэты і куды яны так сьпяшаюцца, бо арганізацыя конкурсу, разгляд праектаў вымагае працу ў працяглым часе, не адзін месяц, а можа і год».

«Другое пытаньне з дабрачыннымі рахункамі. Мы ведаем, як зьбіраюцца сродкі гэтай уладай, людзей прымусяць пералічваць на рахункі грошы, якіх у насельніцтва ў гэты цяжкі час і так не хапае. А значыць, гэта выклікае абурэньне, незадавальненьне грамадзтва супраць Народнага мэмарыялу Курапаты. Нам людзі з усёй Беларусі перадавалі грошы на пабудову мэмарыялу шчыра, без усялякага прымусу, ад усяго сэрца, якое баліць ад таго, што адбываецца ў Беларусі. Трэцяе — запусьцяць туды расейскіх энкавэдэшных папоў, якія да Бога і да хрысьціянскай веры ня маюць дачыненьня, бо служаць дʼяблу», — перакананы Алесь Чахольскі.

Як кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты ён заклікае сябраў розных ініцыятываў, экспэртаў спыніць усялякія размовы пра мэмарыялізацыю Курапатаў.

«Бо ўжо і так столькі нагаварылі і нашкодзілі сваімі прапановамі і далі падставы ўладам улезьці ў гэтае сьвятое месца. Агульная пазыцыя на гэтым этапе павінна быць такая — улада павінна прызнаць, што Народны мэмарыял створаны. Мы патрабуем ад міністэрства культуры вярнуць 300-мэтровыя ахоўныя межы, бо толькі пасьля гэтага можна рухацца далей. Пасьля аднаўленьня ахоўных зонаў абвясьціць конкурс на стварэньне мастацкай агароджы вакол мэмарыялу, перад гэтым стварыўшы сапраўднае журы з прафэсіяналаў, мастакоў, скульптараў, гісторыкаў і гэтак далей. Сродкі на выраб і ўсталяваньне мастацкай агароджы праводзіць толькі праз грамадзкую дырэкцыю Народнага мэмарыялу Курапаты. Вы ўсе павінны ведаць, што калі грошы ахвяравалі на крыжы, то крыжы і былі вырабленыя, калі ахвяравалі на добраўпарадкаваньне, то яны і ішлі на гэтую справу. Калі вы пералічыце сродкі на рахункі антыбеларускай улады, вынік будзе такі — раскрадуць», — лічыць Чахольскі.

Днямі быў абвешчаны конкурс эскізных праектаў памятнага знака (мэмарыялу) «Курапаты». Заяўкі прымаюцца да 26 красавіка.

Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры, піша газэта «Звязда».

Матэрыялы будуць разгледжаныя журы на закрытым пасяджэньні не пазьней за 1 траўня.

24 сакавіка Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс.

Пасьля адкрыцьця праўды пра Курапаты ў 1988 годзе ўжо двойчы абвяшчаўся конкурс на стварэньне мэмарыялу — пры канцы 1980-х і напачатку 1990-х. Вылучаліся розныя ідэі, праекты, ініцыятывы, у тым ліку і досыць кантравэрсійныя кшталту падковы, якую прапаноўваў Беларускі фонд міру. Але далей за абмеркаваньні справа ня рухалася. На курапацкім пагорку на закладным камяні прымацаваная шыльда, на якой напісала, напісана, што тут у адпаведнасьці з рашэньнем Савету міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 году будзе ўсталяваны помнік ахвярам рэпрэсіяў 1937–1941 гадоў. Помніку ад дзяржавы так і не зьявілася за амаль 30 гадоў. А за гэты час у Курапатах паўстаў Народны мэмарыял, былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў на ахвяраваньні людзей.