28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каваль з Жодзіна папрасіў замяніць яму штраф арыштам

10
Каваль з Жодзіна папрасіў замяніць яму штраф арыштам
АНАТОЛЬ ФРАЛОЎ
ФОТА: TUT.BY

Мужчына хацеў застацца са сваім сынам, прысуджаным да 10 дзён за Дзень Волі.

У судзе Заводскага раёна Менска сёння асудзілі бацьку і сына - Анатоля і Максіма Фралова, паведамляе tut.by.

Фралоў Анатоль Пятровіч, 1964 года нараджэння, каваль з Жодзіна. Артыкул 17.1, суддзя Генадзь Янкоўскі. Фралоў сказаў, што ў яго язвавая хвароба, прасіў спецыяльную ежу, яму не далі, галадаў да суду, і не піў вады. Прапанавалі адваката.

Фралоў: А ён нешта зменіць?

Суддзя: Вось менавіта. Я бачу, што псіхічных захворванняў няма. Вам ваша адукацыя дазваляе абараняць сябе самаго.

Затрыманы растлумачыў, што прыехаў з сынам у Менск пайсці па крамах. Абодвух затрымалі, калі яны былі разам, без тлумачэнняў. У пратаколах напісана, што яны з сынам былі затрыманыя ля розных дамоў - 73 і 83 на праспекце Незалежнасці.

Фралоў прасіў дапытваць міліцыянтаў на паліграфе, суддзя адмовіў.

Сведку маёра Васкевіча дапытвае суддзя.

- Кампанія 15 чалавек, прыцягнула ўвагу, крычалі, шумелі, размахвалі рукамі.

- Што супрацьпраўнага яны зрабілі?

- Крычалі, шумелі, размахвалі рукамі.

- У вашых паказаннях напісана, што ён нецэнзурна лаяўся.

- Пару мацюкоў паміж словамі праскочыла, не болей.

Потым суддзя паказаў на блытаніну ў нумарах дамоў, маёр сказаў, што не з Менска, таму ўсе нумары дамоў не памятае. Але сказаў, што затрымлівалі каля Парку Чэлюскінцаў.

Лейтэнант Андрэй Рагатка наогул назваў нумар дома Незалежнасці 80 і заявіў, што ў натоўпе, які прыцягнуў увагу, было 30 чалавек. Ён сказаў, што затрымалі Фралова каля Акадэміі Навук. На пытанне, у чым было парушэнне Фралова і кампаніі, у якой яго бачылі, лейтэнант адказаў:

- Паводзілі сябе агрэсіўна, нецэнзурна лаяліся.

Суддзя: На каго?

- Можна сказаць, што і на людзей, і на супрацоўнікаў міліцыі.

Суддзя наважыў, што не давяраць паказанням супрацоўнікаў міліцыі няма падстаў, бо не супярэчаць адзін аднаму.

Вердыкт - штраф 10 базавых адзінак з улікам стану здароўя.

Сын, Максім Фралоў, атрымаў 10 дзён. Фралоў-бацька зайшоў да свайго суддзі, прасіў яго перапісаць штраф на арышт, каб быць з сынам, у якога ёсць праблемы з сэрцам.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках