29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія яблыкі пад выглядам беларускіх і сербскіх вярнуліся ў РФ

4
Польскія яблыкі пад выглядам беларускіх і сербскіх вярнуліся ў РФ

Рассельгаснагляд неаднаразова заяўляў пра выяўленне спробаў рээкспарту праз тэрыторыю Беларусі партый яблыкаў, персікаў, сліў, таматаў.

Польскія садоўнікі заявілі аб нарошчванні паставак яблыкаў у Расею. Аднак на паліцах федэральных рытэйлераў гэтую санкцыйную прадукцыю не сустрэнеш. Схема руху садавіны праз Польшчу ў 2016 годзе не змянілася, змянілася толькі дакументальнае афармленне прадукцыі, заявіў прэзідэнт Нацыянальнага саюза пладоў і гародніны РФ Сяргей Каралёў, піша tut.by.

Польшча з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам яблыкаў у Еўропе, але пасля замарожвання расейска-польскіх стасункаў у 2014 годзе з'явіліся асцярогі, што гэты гандлёвы сектар збанкрутуе. Польскія яблыкі вярнуліся ў Расею, экспарт адноўлены практычна ў дасанкцыйным аб'ёме, напісала ў сакавіку польская газета Dziennik Gazeta Prawna.

У Расею да санкцый трапляла 55% усяго польскага экспарту яблыкаў - блізу 676 тысяч тон. Гэта 22% ад усяго ўраджаю яблыкаў у краіне. Праз уведзеныя санкцыі і ў адказ эмбарга экспарт яблыкаў у 2015 годзе скараціўся амаль на 300 тысяч тон, аднак ужо ў 2016 годзе аб'ёмы экспарту што да 2013 года былі меншыя на 137 тысяч тон.

На думку польскага СМІ, гэта азначае, што пасля закрыцця расейскага рынка аб'ёмам 676 тысяч тон быў кампенсаваны аб'ём у 539 тысяч тон за кошт продажу ў іншыя дзяржавы, прычым у першую чаргу ў Беларусь. Там імпарт польскіх яблыкаў вырас з 2013 года з 145 тысяч тон да 514 тысяч тон у 2016 годзе.

У расейскіх супермаркетах запэўніваюць, што не гандлююць польскімі яблыкамі. «Дыксі» з верасня да красавіка прадае яблыкі з Расеі ды Сербіі ў суадносінах 50/50, з красавіка да жніўня - з Расеі і краін Паўднёвага паўшар'я (Чылі, Аргенціна, ПАР), распавёў «Ведомостям» прадстаўнік сеткі. Доля расейскіх прадуктаў ва ўсіх прадуктовых катэгорыях павялічылася, у яблыках - на 20%, адзначае ён. У сетцы «Вікторыі» доля айчынных прадуктаў стабільна расце апошнія два гады, адзначае прадстаўнік рытэйлера.

Пастаўшчыкі адпраўляюць груз праз Беларусь, выкарыстоўваюць сербскія або малдаўскія сертыфікаты. Таму ў Расеі ўсё выглядае прыстойна.

Яблыкі ў Польшчы таннейшыя, што дазваляе пасярэднікам-пастаўшчыкам дадаткова зарабіць. Сярэдні кошт у Беларусі ды Расеі складае блізу 1,4-1,7 даляраў за 1 кг. Буйныя польскія вытворцы адгружаюць яблыкі па 0,2-0,4 еўра за 1 кг.

Dziennik Gazeta Prawna піша, што польскія экспарцёры і расейскія атрымальнікі «прынялі пэўныя правілы гульні: кожны ведае, што яблыкі з «беларускімі дакументамі» напраўду польскія. Гандаль проста апярэдзіў палітыку».

Рассельгаснагляд неаднаразова заяўляў пра выяўленне спробаў рээкспарту праз тэрыторыю Беларусі партый яблыкаў, персікаў, сліў, таматаў без указання краіны паходжання або з указаннем дазволеных Сербіі, Македоніі, Малдовы. Пры гэтым брытанскія СМІ пісалі, што польскія фермеры плацілі пасярэднікам з Сербіі ды Беларусі, каб тыя падраблялі дакументацыю і такім чынам экспартавалі яблыкі ў Расею.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках