20 красавiка 2024, Субота, 18:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урад Нямеччыны заклікаў улады Беларусі вызваліць затрыманых дэманстрантаў

6
Урад Нямеччыны заклікаў улады Беларусі вызваліць затрыманых дэманстрантаў

Таксама Бэрлін раскрытыкаваў Крэмль за масавыя затрыманні ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Прадстаўнік урада ФРГ нагадаў уладам у Маскве і Менску аб неабходнасці выконваць іх абавязанні і захоўваць свабоду меркаванняў, СМІ і сходаў, піша «Нямецкая хваля».

Урад Нямеччыны раскрытыкаваў улады Расеі і Беларусі за масавыя затрыманні ўдзельнікаў акцый пратэсту. У Бэрліне з "неразуменнем і ўстурбаванасцю" ўспрынялі затрыманні сотняў мірных дэманстрантаў у Маскве і іншых гарадах Расеі, заявіў у панядзелак, 27 сакавіка, афіцыйны прадстаўнік федэральнага ўрада Штэфэн Зайбэрт. Паводле ягоных слоў, усе ўдзельнікі акцый, якія дагэтуль утрымліваюцца ўладамі, павінны быць неадкладна адпушчаныя.

Як адзначыў Зайбэрт, Расея абавязалася выконваць прынцыпы, сфармуляваныя ў дакументах Рады Еўропы і АБСЕ, сярод якіх - свабода сходаў і меркаванняў. "Выкананне гэтых важных прынцыпаў мае вялікае значэнне для расейскай дэмакратыі", - сказаў ён.

Згадаўшы падзеі ў Беларусі, ён заклікаў улады ў Менску "як мага хутчэй" вызваліць усіх, хто быў затрыманы на акцыі пратэсту 25 і 26 сакавіка. З ягоных слоў, празмерна жорсткі адказ супрацоўнікаў праваахоўных органаў на дэманстрацыі пратэсту падымае пытанне аб "суразмернасці" іх дзеянняў. Ён таксама нагадаў аб неабходнасці выконваць свабоду прэсы і сходаў у Беларусі.

На акцыі супраць карупцыі ў Маскве 26 сакавіка, паводле звестак праваабаронцаў, былі затрыманыя больш за 1 000 чалавек. Падчас затрымання паліцыя шматкроць ужывала грубую фізічную сілу супраць мірных дэманстрантаў, у тым ліку супраць падлеткаў, жанчын і пажылых людзей. Адным з першых быў затрыманы арганізатар акцыі Аляксей Навальны.

У Беларусі 25 сакавіка ўлады Менска жорстка разагналі акцыю дэмакратычных сілаў на Дзень Волі. Некалькі сотняў удзельнікаў акцыі і дзясяткі журналістаў былі затрыманыя, некаторыя збітыя. 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшла акцыя з патрабаваннем вызваліць усіх несправядліва затрыманых напярэдадні ўдзельнікаў акцыі Дня волі. Зноў былі затрыманыя некалькі дзясяткаў удзельнікаў, а таксама журналісты.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках