20 красавiка 2024, Субота, 0:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З ганьбай звольненую ў Кіеве прыхільніцу «расейскага свету» ўладкавалі ў Віцебскі ўніверсітэт

69
З ганьбай звольненую ў Кіеве прыхільніцу «расейскага свету» ўладкавалі ў Віцебскі ўніверсітэт
ІРЫНА ЗАЙЦАВА
ФОТА: 0642.UA

Кафедру замежных моў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўзначаліла Ірына Зайцава.

Як стала вядома «Нашай Ніве», у мінулым годзе кафедру замежных моў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўзначаліла Ірына Зайцава.

Ва ўніверсітэце яна ўжо адзначылася правядзеннем семінара, прысвечанага Дню роднай мовы. Пры гэтым, роднай мовай была названая расейская.

Нарадзілася яна ў Саамскім раёне Мурманскай вобласці Расеі, разам з бацькамі неўзабаве пераехала ў Луганск, а кандыдацкую і доктарскую дысертацыі абараняла ў Маскве.

Сваю грамадзянскую актыўнасць пачала праяўляць яшчэ ў 1990-х — яна была функцыянерам «Луганскага абласнога Расейскага цэнтра», узначальвала Украінска-расейскі саюз, супрацоўнічала з «Расейскім блокам» і «Расейскім рухам».

Настолькі прабіўную асобу заўважылі ў Партыі рэгіёнаў, ад якой яна трапіла ў абласную раду, дзе дамагалася, каб дэпутаты выступалі выключна па-расейску.

У сваёй навуковай дзейнасці Зайцава адзначылася тым, што будучы загадчыкам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Луганскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў перавяла выкладанне дысцыплін «Гісторыя Украіны» і «Гісторыя ўкраінскай культуры» з украінскай на расейскую мову, на чым не спынілася і прапанавала філолагам выкладаць украінскую мову па-расейску (!), пакінуўшы па-ўкраінску толькі прыклады.

Зайцава нават займала пасаду намесніцы міністра адукацыі Украіны за міністрам Табачнікам.

Як паведамілі нам ва ўкраінскіх акадэмічных колах, на гэтай пасадзе Зайцава ў асноўным займалася сабатажам украінскай адукацыі. Ёй, напрыклад, належыць фраза аб тым, што грошы, выдаткаваныя на ўкраінскі дубляж фільмаў, можна зэканоміць і накіраваць на развіццё расейскай мовы.

З яшчэ аднаго месца працы, Украінскага цэнтра кантролю якасці адукацыі Зайцаву звольнілі за грубае парушэнне пры выкананні працоўных абавязкаў.

Не раз яна называла сябе абаронцай «расейскага свету» і расейскай мовы, што фактычна выяўлялася ў дыскрымінацыі ўсяго нацыянальнага — у сучаснай тэрміналогіі, Зайцава была ва Украіне агентам уплыву Крамля.

З мноства адыёзных выказванняў Зайцавай падаем толькі тыя, з якіх чытач мог бы судзіць пра этычны і прафесійны ўзровень прафесаркі.

«Псіхолагі многіх краін даўно даказалі, што пры навучанні дзіцяці на няроднай мове яго інтэлектуальны патэнцыял зніжаецца на 45-50 адсоткаў!» — заяўляла ў 2009 годзе Ірына Зайцава, на той час прарэктар Луганскага дзяржаўнага інстытута культуры і мастацтваў, падчас круглага стала на тэму «Родная мова як асноўны носьбіт культурнай самаідэнтыфікацыі нацыі».

Ва Украіне значная (калі не большая!) частка насельніцтва ўважае за родную расейскую мову, што нельга недаацэньваць. Выхаванне і навучанне дзяцей на чужой для іх мове ніяк не спрыяе развіццю роднай мовы, Украіна бяднее і маральна, і духоўна, заяўляла Ірына Зайцава.

Але кар'ера Зайцавай ва Украіне скончылася прадказальна. За падтрымку сепаратызму і ўхваленне акупацыі Крыму блізу 200 прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі напісалі адкрыты ліст рэктару Кіеўскага педагагічнага ўніверсітэта і міністру адукацыі з просьбай звольніць «агрэсіўную украінафобку і карупцыянерку» з універсітэта, дзе Зайцава займала пасаду выкладчыцы.

ПЕРШАЯ СТАРОНКА ШМАТСТАРОНКАВАГА ЛІСТА З ПАТРАБАВАННЕМ ЗВОЛЬНІЦЬ ЗАЙЦАВУ.

Пасля калектыўнага ліста з сотнямі падпісантаў Зайцаву з ганьбай звольнілі з кіеўскага ўніверсітэта.

Але чаму яна паехала ў Беларусь, а не засталася ў Луганску, хоць і сябруе з лідарамі сепаратысцкай адміністрацыі?

Ці сапраўды гэта вымушаны для яе жыццёвы крок? Ці гэты пераезд звязаны з канкрэтнымі, але ценявымі мэтамі барацьбы з беларускай нацыянальнай культурай паводле «луганскай схемы»?

І чаму асоба з такой адыёзнай біяграфіяй прынятая ў Віцебску, ды яшчэ і прызначаная на кіроўную пасаду?

Першы прарэктар Васіль Маліноўскі на гэтае пытанне «Нашай Нівы» не адказаў, прызнаўшыся, што не ведае абставін біяграфіі Зайцавай.

Сама ж загадчыца кафедры апынулася недаступная у сувязі з удзелам у навуковай канферэнцыі ў Полацку.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках