25 красавiка 2024, Чацвер, 0:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Немецкая волна» напісала пра неадэкватнасць беларускай улады

20
«Немецкая волна» напісала пра неадэкватнасць беларускай улады
ФОТА: SVABODA.ORG

Незразумела, як дыктатарскі рэжым будзе выходзіць з ім жа створанай сітуацыі.

Пасля масавых акцый пратэсту ў Беларусі пачаліся суды над іх удзельнікамі, затрыманымі 25 і 26 сакавіка. Іх прыгаворваюць да адміністрацыйных арыштаў альбо да буйных грашовых штрафаў, паведамляе «Немецкая волна».

У Беларусі зноў запрацаваў судовы канвеер. У панядзелак, 27 сакавіка, у раённыя суды беларускай сталіцы былі дастаўлены дзесяткі чалавек, затрыманых у Менску ў мінулыя выходныя падчас акцый пратэсту. Ім інкрымінуецца парушэнне адміністрацыйнага кодэкса паводле артыкулаў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і (або) за дробнае хуліганства. Маецца інфармацыя аб судовых працэсах і з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Са слоў АМАПаўцаў, якія, як правіла, выступаюць на працэсах у якасці сведак, ці ледзь ні ўсе фігуранты адміністрацыйных спраў «размахвалі рукамі, гучна лаяліся і не падпарадкоўваліся законным патрабаванням прадстаўнікоў дзяржаўных органаў». Зрэшты, гэта стандартныя абвінавачванні ў адрас апанентаў улады, якіх сілавікі затрымліваюць падчас вулічных акцый у Беларусі.

Без апраўданняў

Ніводны судовы працэс на момант падрыхтоўкі матэрыялу не завяршыўся апраўдальным вердыктам. Людзей прысуджаюць да доўгіх адміністрацыйных арыштаў або штрафаў, хоць у паказаннях сведак юрысты адзначаюць шматлікія супярэчнасці, а пратаколы затрыманняў напісаныя быццам пад капірку.

Назіральнікі звяртаюць увагу на тое, што імёны і прозвішчы большасці тых, хто паўстаў перад судом, не вядомыя шырокай грамадскасці. Многія з затрыманых упершыню ўдзельнічалі ў вулічных акцыях і не звязваюць сябе з палітыкай ці апазіцыяй. Людзі дамагаліся толькі скасавання прэзідэнцкага дэкрэта №3, паляпшэння ўзроўню жыцця, за што і паплаціліся свабодай або грашыма.

Але ёсць сярод фігурантаў адміністрацыйных спраў і вядомыя людзі. Так, дырэктар культурніцкай пляцоўкі «Арт-сядзіба» Павел Белавус арыштаваны на 15 дзён, актывіст Леанід Кулакоў правядзе за кратамі 25 дзён, на 15 дзён адміністрацыйнага арышту асуджаны аператар незалежнага тэлеканала Белсат Аляксандр Баразенка. Былому скрыпачу папулярнага калектыву «Крамбамбуля» Аляксандру Хаўкіну падчас суда стала дрэнна, і яму выклікалі «хуткую дапамогу».

Бацькі і дзеці

У судзе Заводскага раёна Менска судзілі бацьку і сына - Анатоля і Максіма Фраловых. Фралоў-старэйшы распавёў у судзе, што 25 сакавіка прыехаў у Менск з сынам, каб прайсціся па крамах. Аднак іх затрымалі ў цэнтры горада без усялякіх тлумачэнняў. Анатоля, які пакутуе язвай страўніка, аштрафавалі на 10 базавых велічынь (115 еўраў), а яго сына прысудзілі да 10 дзён арышту. Бацька звярнуўся да суддзі з просьбай змяніць яму штраф на адміністрацыйны арышт, каб быць побач з сынам, у якога праблемы з сэрцам. Дарэчы, Анатоль Фралоў патрабаваў у судзе праверыць на паліграфе паказанні сведкі-амапаўцы, але суд у гэтым патрабаванні адмовіў.

У Маскоўскім судзе Менску 27 сакавіка судзілі палітолага, перакладчыка і выкладчыка Алеся Лагвінца, былога намесніка старшыні Руху «За свабоду». Яго прысудзілі да 10 дзён арышту. Алеся Лагвінца разам з яго 22-гадовым старэйшым сынам Антонам яшчэ 23 сакавіка схапілі каля дома невядомыя ў цывільным і завалаклі ў аўтамабіль. Там Лагвінца збілі - лекары канстатавалі ў яго страсенне мозгу, чэрапна-мазгавую траўму і пералом носа. Са слоў Антона Лагвінца, на суд не пусцілі сваякоў Алеся, ён паспеў толькі абняць свайго малодшага сына, якому яшчэ не споўніўся год.

Статкевіч знайшоўся

Больш за тры дні нічога не было вядома пра лёс былога кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года і экс-палітвязня Мікалая Статкевіча. Палітык пасля арыштаў іншых лідараў апазіцыі заявіў, што бярэ на сябе адказнасць і арганізацыю акцыі ў Менску 25 сакавіка.

Сувязь з ім перарвалася яшчэ 23 сакавіка, ніхто з паплечнікаў і сваякоў Статкевіча не ведаў, дзе ён знаходзіцца. А 27 сакавіка стала вядома, што ўвесь гэты час палітык знаходзіўся ў СІЗА КДБ, пра што ён паведаміў СМІ, назваўшы дзеянні ў дачыненні да сябе выкраданнем і паклікаўшы людзей выходзіць з пратэстамі на вуліцы і ў далейшым, у тым ліку і падчас дзяржаўных святаў.

Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту, юрыст Алег Гулак 25 сакавіка сам трапіў «пад раздачу», калі знаходзіўся ў офісе праваабарончага цэнтра «Вясна», куды ўварваліся сілавікі і затрымалі 57 чалавек. Гулак называе тое, што адбываецца ў краіне «сапраўдным трызненнем». З пункту гледжання юрыста, адзначае ён, маюць месца незаконныя затрыманні, незаконныя і свядомыя пастановы судоў. «А з пункту гледжання праваабаронцы, дарэчнае пытанне, навошта ўлады ўсё гэта робяць і як збіраюцца выходзіць з гэтай сітуацыі?», - кажа Алег Гулак.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках