19 красавiка 2024, Пятніца, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Deutsche Welle»: Беларусам плацяць менш, чым суседзям з ЕЗ, а прадукты каштуюць больш

74
«Deutsche Welle»: Беларусам плацяць менш, чым суседзям з ЕЗ, а прадукты каштуюць больш

У Беларусі павялічваюцца толькі кошты.

Кошты ў Беларусі на многія тавары прыкметна вышэйшыя, чым у суседніх краінах ЕЗ, і прадаўжаюць расці. Пры гэтым даходы беларусаў значна ніжэйшыя. Што даражэе мацней за ўсё і чаму, высветліла «Deutsche Welle».

Практычна штомесяц, калі не штотыдзень, у беларускіх крамах і гандлёвых цэнтрах абнаўляюцца цэннікі. Даражэе практычна ўсё - ад прадуктаў харчавання да паліва і мабільнай сувязі. І гэта пры тым, што прыбыткі жыхароў краіны практычна не растуць. Кошты чаго павялічваюцца хутчэй за ўсё.

«Яны што, наогул азвярэлі?»

«Вараная каўбаса па 11 рублёў (прыкладна 5,4 еўра. - Рэд.) - яны што, наогул азвярэлі? З якога залатога мяса яе робяць?», - абураецца прыстойна апранутая дама пенсійнага ўзросту ўбачаным у адной з менскіх крамаў».

Іншая жанчына звяртае ўвагу, што апошнім часам усё радзей завозяць субпрадукты, больш даступныя коштам для маламаёмасных.

«Раней я амаль кожны дзень набывала курыныя шкілеты або свіныя косткі на булён, цяпер і гэта становіцца рэдкасцю. А нармальнае мяса нам ужо не па кішэні», - шкадуе яна, укладваючы ў кошык пачак аўсяных шматкоў, на якія грошай дастаткова. І такія размовы чутныя практычна ўсюды ў беларускай сталіцы, асабліва ў невялікіх гандлёвых месцах.

З пачатку 2017 года сярэдні заробак у краіне зніжаецца. У студзені ён упаў на 80,9 рубля, склаўшы, паводле звестак Белстата, 720 рублёў (360 еўраў). Гэта сярэдні заробак - уключаючы супрацоўнікаў ІТ-сферы, сілавікоў і чыноўнікаў, якія зарабляюць значна больш за шараговага беларуса.

Адначасова ў краіне даражэе практычна ўсё - ад паслуг ЖКГ і паштовай сувязі да праезду ў грамадскім транспарце і прадуктаў харчавання. Напрыклад, з 1 красавіка аператар мабільнай сувязі МТС узнімае тарыфы на 9%, у гэты ж дзень вырастуць кошты цыгарэт. З 1 сакавіка падаражэлі званкі са стацыянарных тэлефонаў, сёлета ўжо двойчы (хай і не на шмат) даражэла аўтамабільнае паліва, чаго не адбывалася з 2015 года. І гэта, абяцае канцэрн «Белнафтахім», толькі пачатак.

«Параўнанне не на карысць Беларусі»

Але мацней за ўсё па кішэні беларусаў б'е рост коштаў прадуктаў харчавання. Некаторыя гатункі варанай каўбасы ўжо каштуюць больш за 10 рублёў (5 еўраў) за кілаграм, тады як у суседняй Польшчы яе прадаюць па 1,5-2,5 еўра, а ў Літве і Латвіі - да 3 еўраў. Астуджаная свініна прапануецца па 6,5-8,9 рубля (3,2-4,4 еўра) за кілаграм, у той час як у Варшаве яна абыходзіцца ў 1,5-2,5 еўра, а ў Вільні - у 2,5- 3,3 еўра.

Хутчэй за ўсё растуць кошты гародніны. Леташняя бульба дрэннай якасці з пачатку года падаражэла на 30-40%, памідоры - на 30-70% (у залежнасці ад гатунку і краіны-пастаўшчыка). Прычым, як ні дзіўна, беларускія таматы даражэйшыя за імпартныя. Напрыклад, гішпанскія ці турэцкія памідоры можна купіць за 3-4 рублі за кіло, а айчынныя у найлепшым выпадку абыдуцца 4,5-5 рублёў. Для параўнання - у Польшчы памідоры каштуюць блізу 1,5 еўра, у Літве - 1,6-2,2 еўра. У два-тры разы не на карысць Беларусі адрозніваюцца кошты салодкага перцу, агуркоў, іншай гародніны. Пры гэтым выбар тавару, асабліва ў крамах так званай крокавай даступнасці, пакідае жадаць лепшага.

Ад пакупак садавіны і ягад многія менчукі проста адмовіліся. Італійскі вінаград абыдзецца 7-15 рублёў за кілаграм (3,5-7,5 еўра), у Літве кошты яго ўдвая ніжэйшыя, а ў Польшчы - амаль утрая. І ўсё гэта пры заробках, якія ў гэтых краінах у разы вышэйшыя за беларускія. Таму жыхары памежных раёнаў ахвотна ездзяць па тавары ў суседнія Літву і Польшчу, а таксама ва Украіну, дзе кошты практычна ўсяго таксама ніжэйшыя.

Прычыны дарагоўлі

Эканаміст Леў Марголін называе яшчэ цэлы шэраг прычын таго, чаму ў Беларусі практычна ўсё даражэйшае, чым у суседзяў. Па-першае, гэта розніца ва ўзроўні прадукцыйнасці працы - у Беларусі яна ніжэйшая, таму вышэйшы сабекошт і кошт тавару. Па-другое, адсутнасць у краіне паўнавартаснай канкурэнцыі, якая прымушае павялічваць прадукцыйнасць працы і зніжаць кошты. Па-трэцяе, абмежаванне на імпарт тавараў.

Са слоў Марголіна, беларускія ўлады ўстанаўліваюць таксама негалосныя абмежаванні, як гэта адбываецца, напрыклад, з імпартам лекаў: «Нават кантрольныя органы прызнаюцца, што ім даюць указанне максімальна цягнуць з выдачай дазволаў і ліцэнзій на ўвоз таго ці іншага прэпарата».

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках