25 красавiка 2024, Чацвер, 18:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прайшоў мітынг у абарону Курапатаў

7
У Менску прайшоў мітынг у абарону Курапатаў
ФОТА: РАДЫЁ СВАБОДА

Побач з урочышчам Курапаты сабралася некалькі сотняў чалавек, якія запатрабавалі спыніць будоўлю ля мемарыяла.

У мітынгу ўзялі ўдзел лідар "Маладога Фронту" Зміцер Дашкевіч, паэт, адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідар руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч ды іншыя.

Палітыкі выступілі на мітынгу з патрабаваннем забараніць незаконнае будаўніцтва бізнэс-цэнтра або іншых аб'ектаў ля Курапатаў.

Алесь Чахольскі зачытаў праект рэзалюцыі, якую удзельнікі мітынгу збіраюцца накіраваць у Генпракуратуру, Мінкультуры і Менгарвыканкам.

Яны патрабуюць:

— скасаваць вынікі незаконнага аўкцыёну для продажу пляцу на вуліцы Мірашнічэнкі;

— забараніць незаконнае будаўніцтва бізнэс-цэнтра або іншых аб'ектаў на гэтай тэрыторыі;

— аднавіць ахоўную зону Курапатаў, згодна з праектам, які камісія пры Міністэрстве культуры зацвердзіла ў 2003 годзе;

— правесці добраўпарадкаванне тэрыторыі, высадзіць дрэвы, аднавіць дзіцячую пляцоўку і адрамантаваць прылеглую дарогу;

— спыніць практыку выдавання зямлі пад будаўніцтва, там, дзе гэта пагражае гісторыка-культурнай спадчыне і выклікае грамадскі пратэст.

Удзельнікі мітынгу прагаласавалі за гэтыя патрабаванні аднагалосна.

Зміцер Дашкевіч падзякаваў усім удзельнікам акцыі і заявіў, што ахова тэрыторыі будзе знятая ў панядзелак. «Калі Шорац (мэр Менска – заўв. рэд.) сюды сунецца — ляжам пад колы!» — папярэдзіў ён.

Нагадаем, што напярэдадні адбыліся сустрэчы актывістаў са старшынём Менгарвыканкама і з кіраўніцтвам забудоўніка. Будаўніцтва на ўскраіне мемарыяла пакуль прыпынілі.

Фото: Радыё Свабода
Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках