28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Добрушы рабочым плацяць па $50 за месяц

16
У Добрушы рабочым плацяць па $50 за месяц

Заробкі на мясцовым «флагмане» эканомікі, Добрушскай папяровай фабрыцы, таксама не нашмат адрозніваюцца ад гэтай лічбы.

Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» — адно з найстарэйшых і найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны. Некалі флагман эканомікі Беларусі — сёння ў заняпадзе: прастоі на вытворчасці і маленькі заробак — тут справа звыклая, паведамляе «Белсат».

«Ну, напэўна, палепшыцца становішча. Усе спадзяемся, што палепшыцца. Колькі гадоў спадзеяцеся? Не ведаю, усё жыццё будзем спадзявацца», — кажа працаўнік мясцовай папяровай фабрыкі.

«Квіток паказаць? Няма квіткоў. А ніяк, каб звесці канцы з канцамі. Вось і ўсё што тут плацяць. 2500? Ну, выходзіць 2500. А што гэта грошы?», — пытаецца іншы работнік.

«Два мільёны плацяць у сярэднім. Я працаваў, памятаю, папрацаваў на фабрыцы год дзесьці, і сышоў. Наогул сумнае становішча на фабрыцы», — кажа мясцовы жыхар.

Сярэдні заробак на фабрыцы складае 250 рублёў. Работнікі лічаць такія заробкі жабрацкім, і з настальгіяй згадваюць савецкія часы, калі прадпрыемства працавала напоўніцу і кожны сёмы школьнік СССР пісаў у добрушскім сшытку.

У 2015-м годзе на базе філіяла фабрыкі «Герой працы» кітайская карпарацыя «Сюань Юань» павінна была пабудаваць новы завод і тады ж увесці яго ў эксплуатацыю. Планавалі, што з 2017-га года пасля выхаду на праектную магутнасць комплекс будзе выдаваць 200 тысяч тон прадукцыі ў год, а выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў цэлым на прадпрыемстве павінна была павялічыцца больш чым у 16 з паловай разоў. Гэтага не адбылося праз фінансавыя цяжкасці і немагчымасці выплаціць крэдыты з рэспубліканскага бюджэту. Праект рэалізуецца за кошт прыцягнення крэдытных рэсурсаў Кітая сумаю блізу $350 млн. Але цяпер сітуацыя пад кантролем, гэта пацвердзіў 16-га сакавіка падчас прэс-канферэнцыі старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў.

«У ліпені мы пачынаем пусканаладачныя работы, і ўжо да канца года на гэтых заводах плануюць атрымаць першую прадукцыю», — заявіў старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў.

Але ўжо 22-га сакавіка Лукашэнка падпісаў указ нумар дзевяноста адзін, згодна з якім тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю і выхаду на праектную магутнасць не ўсталёўваюцца наогул.

Тым часам становішча з працай у райцэнтры вельмі напружанае: жыхары абіваюць парогі цэнтра занятасці, часцей за ўсё безвынікова. Больш лёгкая на пад'ём моладзь ад безграшоўя і адсутнасці перспектыў з'язджае ў Расею.

«Я тут жыву ўсяго толькі чацвёрты год. Я не ведаю, як тут людзі выжываюць наогул. Можа хтосьці выжывае ў каго свой двор, а я ў кватэры жыву», — кажа мясцовы жыхар.

«Зараз я пакажу вам свой разліковы лісток, што я атрымаў. Вось мільён і сем рублёў. Працы няма ў нашым горадзе. Разлічваюся і збіраюся ехаць у Расею зарабляць. А больш ніякіх варыянтаў няма. Калі ўсё ж запрацуе новы камбінат, у Добрушы з'явіцца 200 новых рабочых месцаў, праўда, гэта наўрад ці вырашыць праблему беспрацоўя паселішча, у якім жывуць амаль дваццаць тысяч чалавек», — распавядае працаўнік мясцовага ПМК.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках