24 красавiка 2024, Серада, 5:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кара-Мурза заклікаў ЗША жорстка рэагаваць на дзеянні Пуціна

Кара-Мурза заклікаў ЗША жорстка рэагаваць на дзеянні Пуціна
УЛАДЗІМІР КАРА-МУРЗА-МАЛОДШЫ

Сенат ЗША разглядае пытанне аб павелічэнні фінансавай падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў РФ.

Да больш жорсткага падыходу Вашынгтона ў дачыненні да рэжыму прэзідэнта Уладзіміра Пуціна заклікаў, выступаючы на слуханнях аб Расеі ў Сенаце ЗША ў сераду, 29 сакавіка, расейскі апазіцыянер, каардынатар «Адкрытай Расеі» Уладзімір Кара-Мурза-малодшы, паведамляе DW.

Слуханні былі прысвечаны падрыхтоўцы фінансавай праграмы, якая дапаможа іншым дзяржавам і арганізацыям процідзейнічаць Крамлю.

Кара-Мурза нагадаў сенатарам, што ў Расеі няма свабодных і сумленных выбараў, улады душаць незалежныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі, навешваюць на іх ярлык «замежных агентаў» і «шпіёнаў». Зараз у РФ блізу 100 палітычных зняволеных. А пасля антыкарупцыйных пратэстаў па ўсёй краіне затрыманыя больш за 1500 чалавек, паведаміў актывіст. Аднак арышт або турэмнае зняволенне - з ягоных слоў, не самае горшае, што можа здарыцца з чалавекам у Расеі. За апошнія некалькі гадоў былі забітыя некалькі журналістаў, прадстаўнікоў апазіцыі, праваабаронцаў, актывістаў, якія змагаюцца з карупцыяй.

Злучаным Штатам варта сумленна ацэньваць тое, што адбываецца ў Расеі, не «спрыяць карупцыі або злоўжыванням» уладаў РФ, працягнуў Уладзімір Кара-Мурза-малодшы, заклікаўшы амерыканскіх палітыкаў узаемадзейнічаць з расейскім грамадзянскім грамадствам. З ягоных слоў, масавы ўдзел моладзі ў акцыях пратэсту супраць карупцыі паказвае, што яна больш не давярае рэжыму Пуціна, які «вядзе Расею ў тупік».

Апазіцыянер таксама выказаў меркаванне, што Расея змагла ўмешвацца ў выбары ў заходніх краінах таму, што іх ўлады «не адрэагавалі прынцыпова і жорстка на дзеянні» Крамля.

За мінулыя два гады Уладзімір Кара-Мурза перажыў дзве спробы атручвання. Апошняя была ўчынена ў пачатку лютага 2017 года. Тады ён трапіў у рэанімацыю з дыягназам «поліорганнай недастатковасці», пасля чаго лекары ўвялі яго ў стан штучнай комы. Пазней яму быў пастаўлены дыягназ «вострая інтаксікацыя неўстаноўленым рэчывам».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках