19 красавiка 2024, Пятніца, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што выгандлюе Кабякоў у Мядзведзева?

12
Што выгандлюе Кабякоў у Мядзведзева?
Фота: ТАСС

У прэм'ера Беларусі недастаткова паўнамоцтваў для развязання нафтагазавай спрэчкі.

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 30 сакавіка ў Маскве сустрэнецца са старшынём урада Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым. У парадку дня кіраўнікоў урадаў «актуальныя пытанні ўзаемадзеяння як у двухбаковым фармаце, так і ў інтэграцыйных аб'яднаннях», піша «Заўтра тваёй краіны».

Зрэшты, можна смела выказаць здагадку, што галоўным пунктам у гэтым абмеркаванні стане нафтагазавы канфлікт, які бакі доўгі час дарэмна спрабуюць развязаць. І ўсё ж на гэты раз фон, на якім адбываюцца перамовы, трохі змяніўся: у Менску была жорстка здушана акцыя пратэсту, а рыторыка Лукашэнкі змянілася з рэзкай крытыкі на больш дабрадушную. Між іншым, на сустрэчы з паслом Арменіі Армэнам Хачатранам, Лукашэнка заявіў: «У нас з Пуціным бліскучыя стасункі. Бліскучыя».

Ці зможа ўсё гэта неяк паўплываць на расейскі бок, зрабіўшы яго больш згаворлівым у пытаннях, што хвалююць афіцыйны Менск, і нейкія «пернікі» прывязе Кабякоў з Масквы?

Манёнак: Развязанне нафтагазавай спрэчкі сёння — не ўзровень прэм'ераў, гэта ўзровень кіраўнікоў

На думку экспэрта ў пытаннях паліўна-энэргетычнага комплексу Таццяны Манёнак, апошнія палітычныя падзеі ніяк не паўплываюць на перамовы з РФ у дачыненні да паставак газу і нафты ў Беларусь. Не варта чакаць і таго, што маючая адбыцца сустрэча Кабякова і Мядзведзева наблізіць фініш гэтых перамоваў.

— Так, Мядзведзеў мае, вядома ж, пэўныя паўнамоцтвы і ўплыў у частцы ўстанаўлення ўмоў у пастаўках энэрганосьбітаў у Беларусь, але сёння апошняе слова за Уладзімірам Пуціным, — упэўненая экспэртка. — Гэта не ўзровень прэм'ераў, гэта ўзровень кіраўнікоў.

Тацяна Манёнак нагадвае, што паўтарагадовыя перамовы пакуль не прывялі да выніку. Расейскія чыноўнікі ўжо адкрыта заяўляюць, што ўсе рабочыя групы, якія былі створаны для развязання гэтай канфліктнай сітуацыі, вычарпалі свае паўнамоцтвы.

—Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што фактычна падрыхтаваны ўжо 22 варыянт пратакола, але ва ўрада няма паўнамоцтваў падпісаць усе гэтыя папярэднія дамоўленасці, таму што гэта ўзровень кампетэнцыі Лукашэнкі, — тлумачыць эканаміст. — Ніякіх навін што да гэтага пытання ад сустрэчы Мядзведзева і Кабякова я не чакаю.

У той жа час Уладзімір Сямашка анансаваў сустрэчу Лукашэнкі і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Дзе яна адбудзецца, пакуль невядома, але абмяркоўваць, са слоў беларускага віцэ-прэм'ера будуць работу аб ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў у ЕАЭС.

Што ж тычыцца ўмоў, якія неабходна выканаць для развязання спрэчкі, то тут варта казаць не толькі пра выплату Беларуссю 600 мільёнаў запазычанасці, а пра цэлы пакетны варыянт умоў.

— Беларускі бок, вядома ж, выплаціць гэтую запазычанасць, пры ўмове, калі атрымае гарантыі набліжэння ў агляднай перспектыве цаны на газ для Беларусі да расейскіх цэнаў, — удакладняе экспэртка.

У прынцыпе, гэтыя ўмовы папярэдне закладзеныя ў пагадненнях Еўразійскага эканамічнага саюза, дзе прадугледжваецца стварэнне адзінага рынку газу. Але адбыцца гэта павінна толькі да 2025 года. Рынак электраэнэргіі ў ЕАЭС плануецца стварыць да ліпеня 2019 года.

— Беларускі бок намагае, каб фарсіраваць гэта збліжэнне коштаў на газ для Беларусі. У адваротным выпадку беларуская электраэнэргія будзе неканкурэнтаздольная на агульным рынку электраэнэргіі ў ЕАЭС, — тлумачыць эканаміст.

Між тым гэты механізм збліжэння досыць няпросты. У любым выпадку фарсіраванне гэтых тэрмінаў мае на ўвазе, што РФ павінна даць пэўныя субсідыі для Беларусі ў плане цаны на газ.

— Каб паскорыць гэта збліжэння спатрэбяцца дадатковыя энэргетычныя бонусы, чаго, відавочна, расейскае кіраўніцтва не хоча сёння рабіць, — адзначае Таццяна Манёнак. — Як толькі расейскі прэзідэнт палічыць гэта патрэбным, у прынцыпе канфлікт будзе развязаны.

Хутчэй за ўсё, гэтым дамоўленасцям будзе папярэднічаць таксама пэўны гандаль, і Расея запатрабуе некаторых саступак з боку Беларусі.

— Думаю, расейскае кіраўніцтва яшчэ не забылася, што пакуль не рэалізаваны ўсе інтэграцыйныя праекты, у тым ліку ёсць нюансы і ў сферы вайсковага супрацоўніцтва. У любым выпадку, каб гэты канфлікт удалося развязаць, неабходная сустрэча лідараў.

Апошнія падзеі, якія адбыліся ў Беларусі, могуць быць толькі фонам гэтых перамоў па развязанні канфлікту, але ніяк не вызначальным фактарам, упэўненая Таццяна Манёнак.

— Наўрад ці магчыма будзе націснуць на Пуціна, заявіўшы, што ў нас цяжкая сітуацыя і неабходная дапамога, каб не дапусціць пагаршэння. Фактычна ў РФ назіраецца падобная сітуацыя, там таксама адбыліся пратэстныя выступы. Ды і эканамічная сітуацыя там няпростая. Расея сёння вельмі прагматычная ў дачыненні да Беларусі і проста так не ідзе на саступкі, — кажа эканаміст.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках