25 красавiка 2024, Чацвер, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Sueddeutsche Zeitung: Моладзь Расеі страчвае страх перад рэжымам Пуціна

Sueddeutsche Zeitung: Моладзь Расеі страчвае страх перад рэжымам Пуціна
Фота: Mikhail Svetlov/Getty Images

Пратэстны патэнцыял расейцаў расце.

Маладое пакаленне расейцаў, якое выйшла на пратэсты ў мінулыя выходныя, не памятае рэпрэсіі 2012-га года. Справаздача аб карумпаванасці расейскага прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева сапраўды кашмарная, піша zn.ua са спасылкай на нямецкае выданне Sueddeutsche Zeitung.

Апазіцыянер Аляксей Навальны і раней выкрываў цёмныя справы і таемнае багацце некалькіх іншых чыноўнікаў і людзей з акружэння прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Але раней гэтыя абвінавачванні не выклікалі абурэнне і пратэсты, як у мінулую нядзелю, а фаталізм і адчай у расейцаў: «Часта людзі казалі: хай ужо будзе гэтая карумпаваная эліта, якую мы ведаем, чым новая, якая яшчэ не набіла сабе кішэні», - піша выданне.

Але на гэты раз усё адбылося інакш. Вуліцы некалькіх дзясяткаў расейскіх гарадоў былі напоўнены людзьмі, хоць улада ім не дазваляла ладзіць масавыя дэманстрацыі. Удзельнікі актыўна супраціўляліся затрыманням і нават у некаторых выпадках спрабавалі адбіць затрыманых.

«Здаецца, у людзей знік страх, які паралізаваў іх з часоў пратэстаў у дзень інаўгурацыі Пуціна 6 траўня 2012 года, калі адбыліся сутыкненні паміж дэманстрантамі і паліцыяй», - піша выданне, нагадваючы, што потым блізу 30 удзельнікаў тых падзей прысудзілі да турмы.

Эксперты «Лявада-Цэнтра» яшчэ з 90-х гадоў спрабуюць вымераць пратэстныя настроі ў Расеі. Але з моманту анэксіі ўкраінскага паўвострава Крым іх справаздачы сведчылі, што расейцы не гатовыя выступаць супраць улады. У лістападзе апытанні сведчылі, што толькі адзін расеец з дзесяці быў гатовы ўдзельнічаць у палітычных мітынгах. Але цяпер высветлілася, што гэтая статыстыка не поўная, таму што звычайна ў апытаннях бралі ўдзел дарослыя расейцы. А ўдзельнікамі пратэстаў у нядзелю былі часта падлеткі і студэнты.

«Атрымліваецца, што пакаленне, якое з нараджэння жыве ў Расеі Уладзіміра Пуціна не лічыць нармальным той факт, што карумпаваная эліта крадзе іх будучыню», - гаворыцца ў артыкуле. Калі па Расеі пракацілася папярэдняя хваля пратэстаў, яны былі яшчэ дзецьмі і не памятаюць з уласнага досведу пра рэпрэсіі.

Раней выданне New York Times пісала, што Крэмль баіцца расейскай моладзі, якая выйшла на пратэсты. Застаецца не зразумелым, ці надоўга, ці захаваецца гэты энтузіязм расейскай моладзі, з якім яна вырашыла кінуць выклік уладзе. І ці неяк паўплываюць пратэсты і тое, як жорстка іх паспрабавалі здушыць, на завоблачны рэйтынг Пуціна.

У нядзелю, 26 сакавіка, у Маскве, Санкт-Пецярбургу і іншых расейскіх гарадах пачаліся акцыі пратэсту супраць карупцыі. Падставай для выступу стала расследаванне «Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага аб раскошным жыцці прэм'ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева. Праз 20 хвілін пасля пачатку акцыі пратэсту ў Маскве быў затрыманы расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках