Аляксандр Новак: Беларусь і Расея не дамовіліся наконт газу
93- 30.03.2017, 17:45
- 47,157
Беларусь не гатовая выплаціць запазычанасць за газ сумай, большай за $700 мільёнаў.
Са слоў міністра энэргетыкі Расеі Аляксандра Новака, Беларусь не гатовая пакуль выплаціць запазычанасць за газ у суме, большай за $700 млн, паведамляе ТАСС.
Расея і Беларусь не змаглі дамовіцца пра ўрэгуляванне газавай спрэчкі ў выніку перамоваў прэм'ер-міністраў дзвюх краін. Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік Мінэнэрга Аляксандр Новак у выніку гэтых перамоваў:
«Толькі што скончыліся перамовы наконт газавага пытання паміж урадамі Расейскай Федэрацыі і Беларусі. Абмеркавалі пазіцыі бакоў, яшчэ раз зверылі існую сітуацыю. На жаль, не дамовіліся канчаткова аб урэгуляванні канфлікту», - сказаў міністр.
«На жаль, не дамовіліся канчаткова аб урэгуляванні канфлікту, у першую чаргу, у выніку таго, што беларускі бок не гатовы выплаціць назапашаную запазычанасць без надання расейскім бокам прэферэнцый як у кошце, так і ў тэрмінах, механізмах фармавання кошту. Нагадаю, што на сёння назапашаная запазычанасць складае больш за $700 млн», - сказаў міністр.
Расея адзначае недастаткова канструктыўную пазіцыю Менска ў газавай спрэчцы, дадаў Новак.
«Мы адзначаем недастаткова канструктыўную пазіцыю беларускага боку. Аднак перамовы прадаўжаюцца. Не мы пачыналі гэты канфлікт, і мы разлічваем на тое, што пазіцыя беларускага боку будзе больш канструктыўнай», - сказаў ён.