19 красавiка 2024, Пятніца, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: Народ, які выходзіць з турмы смеючыся, ужо перамог

7
Уладзімір Някляеў: Народ, які выходзіць з турмы смеючыся, ужо перамог
ФОТА: SVABODA.ORG

Сёння мы назіраем апошнія канвульсіі рэжыму Лукашэнкі.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

— Перш за ўсё давайце пагаворым пра вашы «прыгоды» ў Берасці. Ад самога пачатку, калі вас затрымалі ў цягніку «Варшава — Менск».

— Усю ноч на 25 сакавіка і амаль увесь дзень я правёў у турэмнай камеры і выйшаў са шпіталя чалавекам, які нікому ня можа адказаць дакументальна, дзе ён быў. Як і ў выпадку са Статкевічам, мне таксама намякалі, што калі я пачну нейкія «наезды», то яны скажуць, што ён усё выдумляе, нібыта яго КДБ затрымаў і біў. Бо ўсё гэта казка, яму ў цягніку стала кепска, і яго на насілках занеслі ў шпіталь добрыя людзі.

Гэта поўнае беззаконне, якое ў нас творыцца. Таму я патрабаваў: напішыце мне паперу, на якой падставе вы мяне забралі. Таму я і скаргу ў шпіталі напісаў у Генеральную пракуратуру, каб гэта было зафіксавана — скаргу, якую некаторыя называюць бесталковай. Мая жонка ў 2010 годзе дзесяць дзён ня ведала, ці жывы я, ці забіты. А тут толькі суткі. Але мне не здаецца, што гэта драбяза. Я разумеў, што адбываецца з маімі роднымі, і патрабаваў даць мне патэлефанаваць. Я патрабаваў — «дайце мне зрабіць адзін званок і сказаць два словы, што я жывы». Не, «не паложана». Бесчалавечнасць — у сутнасці гэтай улады, і гэта найстрашнейшае, што ў ёй ёсць.

— Калі б з вамі ня здарыўся гіпертанічны крыз, то, можа, вас бы і не перавялі ў шпіталь?

— Дык яны мяне і не пераводзілі. Калі ў мяне пачаў падымацца ціск, то я ня мог яго збіць, бо ў мяне не было неабходных лекаў. Я ехаў у Варшаву на тры дні і ўзяў толькі лекаў на гэтыя тры дні. Я ім кажу — «Мне неабходныя лекі». — «Няма доктара, ён выходны». Урэшце я дабіўся толькі таго, што мяне вывелі ў двор. Бо камера маленькая, і ўсе там кураць. Яны з павагі да мяне адыходзілі ў кут курыць, але гэта мала ратавала сітуацыю.

Я выйшаў у двор, вершы пачаў чытаць, каб пераключыцца. Дзяўчаты ў суседнім дворыку пачалі «брава» крычаць, эмоцыі пайшлі лепшыя нібыта. Але, вярнуўшыся ў камеру, я нагнуўся над нарамі і страціў прытомнасць. І толькі тады, калі хлопцы сталі грукаць у дзверы і крычаць, што Някляеў канае, то доктарка выклікала хуткую дапамогу. Трэба аддаць ёй належнае, гэта не Сярэнка з нашай менскай лякарні.

— То бок яны проста хацелі пратрымаць вас 3–4 дні за кратамі і потым сказаць, што нічога не было?

— Ну, так, відаць. Але быў момант, калі я падумаў, што будуць ляпіць «крыміналку». У мяне была сярод іншых дакументаў пастанова замежнай камісіі польскага Сейму па сітуацыі ў Беларусі. І другі дакумент мне дала спадарыня Агнешка па Белсату і іншых СМІ, якія маюць замежную падтрымку. І мне сталі тыкаць гэтыя дакументы — маўляў, гэта мае наўпроставае дачыненне да нацыянальнай бяспекі.

Я ім грубавата адказаў, куды яны могуць засунуць гэтыя дакументы. Але такі намёк прагучаў. Так што я быў гатовы і да таго, што будуць ляпіць крыміналку. І да таго, што суткі могуць перайсці ў большы тэрмін.

— Апазіцыйны палітык у Беларусі павінен прадугледжваць, што яго могуць затрымаць у любы момант, ня даць яму даехаць да месца падзеі. Калі вы ехалі цягніком у Менск з Варшавы — вы на што разлічвалі?

— Як бы вам адказаць, каб нікога не пакрыўдзіць. Я, канечне, не прафесійны разведчык, але не зусім такі чалавек, які ня думае трошкі наперад. Я не збіраўся вяртацца ў Менск ані самалётам, на які ў мяне быў квіток, ані цягніком — на які я адмыслова купіў квіток ужо ў Варшаве, каб у іх была мітусня, дзе мяне лавіць. Дабірацца я збіраўся зусім іншым шляхам. На жаль, гэта не ўдалося зрабіць — гэта асобная гісторыя, звязаная з маімі адносінамі ў Варшаве з адным чалавекам.

Я сеў на цягнік толькі з той прычыны, што была безвыходная сітуацыя. Падвечар 24 сакавіка я ўжо ні на чым іншым у Менск не трапляў, а ня трапіць на Дзень Волі я ніяк ня мог. Я разумеў, што імавернасць таго, што мяне не затрымаюць, у мяне 0,001. Але ўсё-ткі спадзяваўся — раптам у некага мазгі перакруціліся, раптам яны вырашылі даць магчымасць людзям прайсці свабодна па галоўным праспекце.

Яны ж далі мне магчымасць прайсці мытню, пашпартны кантроль, вярнулі нават мне пашпарт. І калі я ўжо падумаў, што праскочыў, і, значыць, што, можа, чапаць ня будуць там — тут яны і з’явіліся.

— Чаму ўлады пайшлі на разгон акцыі 25 сакавіка? Што гэта азначае? Ці сапраўды мы назіраем пэўны гістарычны паварот?

— Улада ня толькі магла, але і мусіла зрабіць іначай. Калі яна насамрэч ставіць тыя мэты, якія дэкларуе — дэмакратызацыі, лібералізацыі — то навошта кідацца з дручкамі на людзей, якія хочуць дэмакратызацыі, свабодных выбараў, вольнай Беларусі? Дык ня трэба кідацца, дайце ім прайсці. Што б сталася, калі б людзі прайшлі ад Акадэміі Навук да Кастрычніцкай? Але ўлада прадэманстравала тое, што заўсёды — сваю сілу. «А то ж яны зусім разбэсцяцца і будуць патрабаваць, каб Лукашэнка сыходзіў». Канечне, будуць патрабаваць.

— Большасць лідараў апазіцыі не змаглі ўзяць удзел у акцыі, бо былі за кратамі. Нягледзячы на гэта, усё роўна гучаць абвінавачанні на іхні адрас — маўляў, трэба было гэтага пазбегнуць, арганізаваць усё па-іншаму.

— Мы стараліся гэта зрабіць. Статкевіч застаўся, спрабаваў сысці ад наглядчыкаў, па-мойму, зрабіў, што мог. І я, паверце, зрабіў, што мог, каб быць 25 сакавіка каля Акадэміі Навук. Ня выйшла. Вінаваціцца і біцца галавой праз гэта я ня стану. Гэта барацьба, і сілы пакуль няроўныя.

Мы пакінулі там людзей, нашы хлопцы 25-га там былі. І яны зрабілі, што маглі. Яны не далі частцы людзей прайсці да Акадэміі Навук, калі там хапун пачаўся. Яны павярнулі людзей назад, яны перавялі людзей з загароджанай часткі праспекту на процілеглы бок. У мяне да іх прэтэнзій практычна няма. Да самога сябе... Калі надта некаму хочацца лічыць мяне вінаватым — лічыце мяне вінаватым.

— Многія лічаць, што сітуацыя ў грамадстве цяпер кардынальна памянялася. Расце перакананне, што большасць у Беларусі ўжо не падтрымлівае ўладу. Як можна развязаць гэты вузел, калі ўлада мае штыхі, але ня мае даверу? Што апазіцыя можа рабіць у гэтай прынцыпова новай сітуацыі?

— Сёння прынцыпова іншая сітуацыя ў параўнанні з 2010 годам. Я толькі што прыехаў з Акрэсціна, дзе мы разам са Статкевічам сустракалі людзей, якіх пабралі 25 сакавіка. Як выходзілі людзі? Выходзіць, расказвае, што яго білі, катавалі, голага вывозілі ў ноч, каб ён мёрз. Ён выходзіць, разгортвае бел-чырвона-белы сцяг мэтраў на 15, і ўсе, хто яго сустракае, гэты сцяг падымаюць і крычаць: «Жыве Беларусь!».

Вось якая прынцыпова новая на сёння сітуацыя. Ні ў каго ніякага страху, ні ў каго ніякага сумневу, што гэта канвульсіі ўлады. Яна ўжо робіць тое, што толькі паскарае яе сыход. Апазіцыя толькі сама, вядома, няздольная перамагчы рэжым, які ўмацаваўся гэтымі страшнымі машынамі, а ў яго яшчэ ёсць і танкі, і войскі.

Але з народам, які выходзіць з турмы смеючыся, зрабіць ужо нічога немагчыма. Паглядзіце, як выглядае ўлада ў параўнанні з народам, а народ смяецца. Гэта і ёсць перамога. Бо там, дзе смех, там прападае страх і ўзнікае неадольная вера ў пераможнасць той ідэі, за якую ты змагаесся.

— Мікола Статкевіч прапанаваў працягваць акцыі пратэсту і 1, і 9 траўня. Якое ваша стаўленне да гэтага?

— Ёсць тое, што называецца «дыялогам» — дыялогам Еўразвязу з беларускім рэжымам. Ці, як яны дэкларуюць, дыялогам з Беларуссю. Я — за, абедзвюма рукамі. Гэта палітычны інструмент, ім трэба абавязкова карыстацца.

Але я яшчэ за маналог. За маналог беларускага народу. За ягонае неадʼемнае права заяўляць сваю пазіцыю і выяўляць сваю волю. Як гэтым правам карыстацца? Седзячы па хатах? Не. Выходзіць на вуліцы, на плошчы, і заяўляць гэтае права. Дык вось. Мы ня здрадзім беларускаму народу, ягонаму праву, і будзем яму дапамагаць. Заклікаючы ў адпаведны час і адпаведнае месца прыходзіць, і пазіцыю сваю заяўляць, і права сваё выяўляць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках