19 красавiка 2024, Пятніца, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Інфляцыі быць

6
Леанід Злотнікаў: Інфляцыі быць
Леанід Злотнікаў

Улады спрабуюць няўмела адсунуць дату непазбежнай катастрофы.

У Беларусі стала больш грошай у абарачэнні. Гэта наўрад ці звязанае з «лістом Пракаповіча», але ёсць падставы меркаваць, што высокая інфляцыя вернецца і можа быць вышэйшай, чым чаканні Лукашэнкі. Пра гэта «Радыё Свабода» распавёў эканаміст Леанід Злотнікаў.

Колькасць гатоўкі ў абарачэнні (паказчык М0) павялічылася за сакавік на больш за 5%, а ў параўнанні з сакавіком мінулага года вырасла больш чым на чвэрць. За месяц таксама павысілася шырокая грашовая маса (М3 - гатоўка ў абарачэнні плюс дэпазіты), але толькі на 0,85%, а за год яна і наогул зменшылася на 3,6%. Тым часам продаж валюты насельніцтвам расце (у сакавіку на 22% больш за студзень) і стабільна перавышае куплю. А стаўку рэфінансавання зніжаюць чацвёрты раз запар з пачатку года - Нацбанк планаваў знізіць яе да канца года да 16%, а яна ўжо знізілася з 18% да 14%. Эканоміка прадаўжала падаць, за студзень-люты 2017 года валавы ўнутраны прадукт быў на 1% меншы, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Што значаць усе гэтыя лічбы і ці чакаць росту коштаў?

«Даволі хутка зніжалася адсоткавая стаўка – значыць, грошы патаннелі, - тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў. - Лагічна, што грошы сталі больш таннымі, магчыма стала больш суб'ектаў гаспадарання, якія могуць дазволіць сабе ўзяць крэдыт. А з другога боку - вельмі высокі ціск зверху на выдачу крэдытаў на выплату заробкаў.

Таму магчыма, што гэта адаб'ецца на інфляцыі, тэндэнцыя да росту коштаў ёсць. ВУП зніжаецца, а грашовая маса трохі расце. Калі выключаць інфляцыю, то пры зніжэнні ВУП трэба было адпаведным чынам зніжаць і грашовую масу. Зніжэнне на 4% працэнтнай стаўкі за такі кароткі перыяд - гэта вельмі адчувальна. Грошы сталі больш танныя, грашовая маса будзе яшчэ павялічвацца, а пры адсутнасці росту ВУП - гэта інфляцыя.

Будзе інфляцыя ці не, стане вядома праз месяц-два. Думаю, павышэнне коштаў будзе, можа спачатку не вельмі значнае. Не магу сказаць, наколькі інфляцыя павялічыцца, але будзе вышэйшай, чым цяпер, і не менш запланаванай гадавой. Пакуль жа, я думаю, адбываецца трохі штучнае заніжэнне інфляцыі.

Тое, што Пракаповіч прапануе цяпер, ён гэта гаварыў з 1995 года. Але ціск вельмі моцны: жыццё прымушае, як жа не выдаваць заробкі? Прамысловыя прадпрыемствы Мінпрама аддавалі ў пачатку года блізу 50% прыбытку на вяртанне крэдытаў (у іх не было чым плаціць заробкі, ім патрэбныя былі крэдыты). Тут не тое што Пракаповіч, тут моцны ціск з боку дырэктарата, з боку Лукашэнкі. Таму, напэўна, эканоміка паволі ссоўваецца ў бок інфляцыі».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках