25 красавiка 2024, Чацвер, 20:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вялікдзень спалучаецца сёння з цвёрдай надзеяй на перамогу праўды і святла ў Беларусі»

17
«Вялікдзень спалучаецца сёння з цвёрдай надзеяй на перамогу праўды і святла ў Беларусі»
ФОТА: ORTHOS.ORG

Архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій звярнуўся да вернікаў з нагоды свята.

Зварот архіепіскапа апублікавала «Радыё Рацыя»:

«Хрыстос уваскрос!

Дарагія браты і сёстры, шчыра віншую вас з найвялікшым святам – светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем! З Пасхай Гасподняй! Гэтыя велічныя словы велікоднага вітання будуць гучаць пераможным гімнам жыцця, якое для нас ёсць Хрыстос – у нашых храмах, дамах, сем'ях, а таксама ў сэрцах і душах, напаўняючы іх невычэрпнай радасцю пра ўваскрослага Госпада.

Пасха Хрыстова – гэта свята дзівоснай перамогі над смерцю – і цялеснай, і духоўнай. Цяперашні 2017 год асабліва знакавы і для царквы, і для грамадства.

Успомнім драматычныя падзеі, якія разгарнуліся амаль сто гадоў таму на тэрыторыі нашай краіны. У мінулым 20 стагоддзі Праваслаўнай царкве наканавана было прайсці праз суровыя выпрабаванні – тысячы святароў і простых вернікаў перанеслі жорсткія пакуты і нават пакутлівую смерць за веру Хрыстову.

Савецкі Саюз быў абвешчаны атэістычнай краінай. З былых рэспублік Саюза менавіта БССР павінна была стаць узорна-паказальнай атэістычнай рэспублікай. Беларуская праваслаўная царква, яе архіпастыры, святары, вернікі разам з усім народам прайшлі хросным шляхам Беларусі – ад крывавага віру рэвалюцыі і братазабойчай грамадзянскай вайны, праз гвалтоўныя змены ў грамадскім ладзе жыцця ў 20 і 30-я гадах мінулага стагоддзя, праз вогненны горан вайны – да атэістычных часоў так званай «адлігі» і «застою».

Як уваскрос Хрыстос, так і царква сёння ўваскрасае да новага жыцця. Спраўдзіліся словы Збаўцы: збудую Царкву Маю і брамы пякельныя не адолеюць яе. З гэтай хвалі атэістычнага вар'яцтва і крывавых рэпрэсій, што накрылі нашу краіну і народ яе, Праваслаўная царква выйшла падужэлай, здолеўшы захаваць свой кананічны вобраз, іерархію і чысціню веравучэння.

Праваслаўная царква ўкрыжаваная, але ўваскрослая цяпер адраджаецца, і будзем спадзявацца, будзем верыць у тое, што Гасподзь дабрасловіць сваёю ласкаю нашу зямлю і наш беларускі народ, які паступова вяртаецца да сваіх спрадвечных хрысціянскіх вытокаў і каранёў.

Светлае Уваскрэсенне Хрыстова спалучаецца сёння з цвёрдай надзеяй на перамогу праўды і святла ў нашым жыцці. У светлы дзень Вялікадня малітоўна зычу вам вялікай радасці, узаемнай любові і еднасці ў Хрысце. З Пасхай Гасподняй!»

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках