25 красавiка 2024, Чацвер, 10:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Анішчанка: Рэнесанс кантрабанды з Беларусі ўсё яшчэ магчымы

6
Генадзь Анішчанка: Рэнесанс кантрабанды з Беларусі ўсё яшчэ магчымы
Генадзь Анішчанка

Дэпутат Дзярждумы РФ абвінаваціў Менск у падмане пакупнікоў-расейцаў і нядобрасумленнай канкурэнцыя з расейскімі прадпрыемствамі.

Дазвол Рассельгаснагляду на імпарт мяса і малака з двух беларускіх прадпрыемстваў на расейскі рынак - частка дынамічнага працэсу ў гандлёвых дачыненнях РФ і РБ. Пра гэта федэральнай агенцтву «Эканоміка сёння» распавёў дэпутат Дзярждумы РФ Генадзь Анішчанка.

«Кампетэнцыя Рассельгаснагляду - спыняць увоз тавараў, якія могуць быць заражаныя агульнымі для жывёл і чалавека хваробамі. І з эпізаатычнай сітуацыяй у Беларусі ўсё больш-менш добра - інакш давялося б перакрываць імпарт тавараў з суседняй краіны цалкам: праз невялікую тэрыторыю ў выпадку эпідэміі ці праз выбліск атрымаецца лакалізаваць адной вобласцю. Уся праблема ў гандлёвых расейска-беларускіх стасунках у кантрабандзе, якую суседняя краіна масава пастаўляе ў РФ. А таксама ў якасці тавару, якая вельмі часта выяўляецца істотна ніжэйшай за заяўленую», - адзначыў парламентарый.

Раней Рассельгаснагляд дазволіў увоз у Расею прадукцыі двух беларускіх прадпрыемстваў - кампанія «Вялес-Міт» зноў можа пастаўляць ялавічыну, мясапрадукты і гатовую мясную прадукцыю, а «Бабулін гладыш» - малочную прадукцыю (за выключэннем сыроў і сухога малака). Дазвол, са слоў прэс-сакратара ўстановы Юліі Мэланы, пачаў дзейнічаць 14 красавіка. Яму папярэднічалі абследаванні 18 мясных і малочных прадпрыемстваў Беларусі супрацоўнікамі Рассельгаснагляду з 5 да 13 красавіка.

«Не сакрэт, што Беларусь увозіць у Расею санкцыйныя прадукты, у першую чаргу з Еўразвязу. На польска-беларускай мяжы створаная цэлая зона свабоднага гандлю, дзе на выгадных умовах купляецца тавар ЕЗ. У РФ ён ужо «пераліцоўваецца» - праходзіць перапакаванне, атрымлівае адпаведныя дакументы і ўсе легальныя довады беларускага «паходжання». А тавары, вырабленыя ў РБ, не адказваюць патрабаванням - якасць іх часта ніжэйшая за заяўленую. Да прыкладу, прадукцыя, якая ўвозіцца, робіцца не з натуральнага малака, а з сухога - у наяўнасці падман пакупнікоў-расейцаў і нядобрасумленная канкурэнцыя з расейскімі прадпрыемствамі», - падкрэслівае дэпутат.

Паводле статыстыкі Мінсельгаса Расеі, з моманту ўвядзення продэмбарга ў 2014 годзе Беларусь заняла звыш 15% імпартнага рынка Расеі, а яшчэ ў 2012-м доля паставак прадукцыі з гэтай краіны не перавышала 1%.

У лютым Рассельгаснагляд абмежаваў пастаўкі з Беларусі ялавічыны і ялавічных прадуктаў, вырабленых у Менскай вобласці. Тлумачылася гэта тым, што пры іх вытворчасці выкарыстоўвалася ўкраінская сыравіна. Нараканні з боку расейскіх уладаў выклікае і прадукцыя, вырабленая ў самой Беларусі. У канцы сакавіка Рассельгаснагляд забараніў увоз некалькіх тыпаў сыроў ад шэрагу буйных беларускіх вытворцаў. Нагодай стала іх неадпаведнасць тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза.

«Беларускія тавары на расейскім рынку традыцыйна таннейшыя за аналагі, вырабленыя ў РФ, але часта прычынай таму становіцца падман спажыўцоў або перасартаванне. У выніку пакутуе частка расейцаў, якая мае самыя нізкія даходы - яны традыцыйна шукаюць цэнавую выгаду, а не якасны тавар. Менавіта на гэта Рассельгаснагляд звяртае ўвагу ў першую чаргу, забараняючы пастаўкі той ці іншай прадукцыі з РБ. Забарона на імпарт і наступны дазвол - працэс дынамічны, накіраваны на абарону інтарэсаў грамадзян РФ. Беларускія прадпрыемствы ўвесь час павінны быць на кантролі расейскіх устаноў, інакш «рэнесанс» кантрабанды або нізкаякаснага тавару ў РФ непазбежны. Гэта ўдарыць не толькі па шараговых расейцах-пакупніках, але і па фермерах РФ, якія ў варунках нядобрасумленнай канкурэнцыі проста не змогуць развівацца», - рэзюмуе Генадзь Анішчанка.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках