23 красавiка 2024, aўторак, 10:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наш бой працягваецца

15
Наш бой працягваецца

Сваімі дзеяннямі рэжым нажыў сабе непрымірымых ворагаў.

Пра гэта каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі распавёў Charter97.org выйшаўшы на волю пасля 24-дзённага адміністрацыйнага арышту за ўдзел у Дні Волі.

- Вы гераічна вытрымалі адзін з самых працяглых тэрмінаў зняволення пасля акцыі 25 сакавіка. Якімі былі ўмовы ўтрымання?

- Першыя восем дзень я правёў у Ізалятары часовага ўтрымання, астатнія – у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Умовы не змяніліся з 2011-2014 гадоў: прагулкі вельмі кароткія, а камерах велізарная вільготнасць. Што тычыцца турэмшчыкаў – ён паводзілі сябе больш нахабна, чым у апошнія гады. Напэўна, нервовасць уладаў перадалася і ім.

- За час знаходжання на «сутках» у вас была магчымасць правесці рэфлексію і ацаніць палітычную сітуацыю ў Беларусі. Як вы можаце ахарактарызаваць тое, што адбываецца ў краіне?

- Рэжым Лукашэнкі відавочна дэманструе, што не збіраецца ісці ні на якія рэформы і збіраецца і далей карыстацца выключна рэпрэсіўнымі метадамі.

Еўропа павінна нарэшце ўбачыць, што эвалюцыя гэтай сістэмы немагчымая. Лукашэнка не здольны дзейнічаць у цывілізацыйных рамках – нават у нейкіх вельмі умоўных, прыблізных межах.

- Якой канкрэтна павінна быць палітыка Еўразвязу ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі?

- Хачу нагадаць, што мінулыя санкцыі працавалі: прынамсі ў Беларусі пасля 2010 года былі вызваленыя палітвязні. Цяпер у нас у краіне зноў ёсць палітзняволеныя – значыць, супраць Лукашэнкі павінны быць уведзеныя максімальна жорсткія санкцыі.

Гэта павінны быць санкцыі як супраць тых, хто фінансуе рэжым, так і супраць тых асоб, хто бярэ ўдзел у падаўленні грамадзянскіх пратэстаў і свабоды слова ў Беларусі.

- Вы згадалі тэрмін «палітвязні». Трэба надаць гэты статус хлопцам, якія цяпер затрыманыя паводле «справы патрыётаў»?

- Неабходна як мага хутчэй прызнаць фігурантаў «справы патрыётаў» палітвязнямі. Гэта адназначна будзе спрыяць іх хутчэйшаму вызваленню.

З нагоды пазіцыі «Вясны» ў гэтай справе хачу адзначыць, што праваабаронцы ўжо рабілі такую памылку, калі не адразу прызналі палітвязнем Міхаіла Жамчужнага. Яму не прысвоілі своечасова гэты статус праз тое, што некаторыя праваабаронцы нібыта «не валодалі поўнай інфармацыяй». І таму Жамчужны не трапіў у папярэдні этап вызвалення палітвязняў. Спадзяюся, што цяпер праваабаронцы знойдуць у сабе маральныя і фізічныя сілы прызнаць арыштаваных паводле «справы Белага легіёну» палітвязнямі і нам тады будзе лягчэй іх вызваляць.

Паводле самой сутнасці гэтай справы хачу сказаць: рэжым напалоханы народнымі пратэстамі і таму сам спрабуе запалохаць людзей. З такой жа мэтай праводзіцца і пераслед Дзмітрыя Паліенкі. Усе гэтыя справы – проста правакацыя з боку ўладаў.

Упэўнены, што гэтыя правакацыі не спыняць сапраўдных патрыётаў Беларусі і запалохаць у рэжыму нікога не атрымаецца.

Я нават бачу дыяметральна супрацьлеглы эфект: такія дзеянні, як брутальны разгон мірнай акцыі на Дзень Волі мабілізавалі і яшчэ больш раззлавалі беларусаў. Цяпер нават тыя, хто глядзелі на ўсе гэтыя падзеі «з боку», выказваюць жаданне далучыцца да пратэстоўцаў.

На мой погляд, адштурхваючыся ад таго, што мне ўдалося пачуць на «сутках», рэжым Лукашэнкі толькі нажыў сабе яшчэ болей непрымірымых ворагаў.

- Якія ў вас планы на найбліжэйшы час?

- Самае галоўнае – трэба працягваць пратэстную актыўнасць. Зараз няма ніякіх падстаў аслабляць напал нашай барацьбы. Наадварот, Лукашэнка сваёй дурной і недальнабачнай палітыкай дае яшчэ больш падстаў для акцый супраць яго. Бой працягваецца.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках