28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскія ўлады хочуць адабраць у інваліда прыватызаваную кватэру

23
Гомельскія ўлады хочуць адабраць у інваліда прыватызаваную кватэру

«Законнасць» сваіх дзеянняў у гарвыканкаме тлумачаць указам Лукашэнкі.

Гомельскія чыноўнікі адбіраюць прыватызаваную кватэру. З такой праблемай у рэдакцыю «Белсату» звярнуўся Васіль Ануфрыеў — інвалід другой групы, жыхар дома №2 на вуліцы Галавачова.

Адміністрацыя Навабеліцкага раёна Гомеля прызнала будынак аварыйным і небяспечным, таму цяпер патрабуе ад інваліда выселіцца. Старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка даў афіцыйны адказ: калі дом прызнаны аварыйным, то прыватызацыя кватэры не ўлічваецца.

«Кірычэнка даў мне адказ: дамо табе тры капейкі, дамо камерцыйнае жыллё. Калі ты камерцыйнае жыллё не хочаш, цябе выкінем на вуліцу без выдавання жылой плошчы. Інваліда 2-й групы», — дзеліцца з намі Васіль Ануфрыеў.

Законнасць такога абмену ў гарвыканкаме тлумачаць указам №563, падпісаным Лукашэнкам 4 гады таму. Значыцца, каб забраць прыватныя кватэры ў любым прыгожым раёне, дастаткова сабраць камісію ў справе прызнання дома аварыйным.

«Наша Канстытуцыя гарантуе грамадзянам права набыцця ўласнасці і гарантаванага захавання, калі ўласнасць набытая законным шляхам, — кажа праваабаронца Аляксандр Яўсеенка з Беларускага Хельсінкскага камітэта. — Мы бачым, што законным шляхам уласнасць у грамадзяніна набытая, але дзяржава не выконвае сваёй функцыі ў абароне гэтай уласнасці, пазбаўляе грамадзяніна ўласнасці фактычна».

У двухпавярховіку, дзе жыве Васіль, засталося толькі сем жылых кватэр. Астатнія жыхары жыллё не прыватызавалі, таму цяпер, згодна з гарвыканкамам, ім наогул нічога не належыць. Бо самі нібыта адмовіліся ад жылля.

«Нам ніхто не прапаноўваў. А яна кажа: як ніхто не прапаноўваў? У вас жа подпісы стаяць, што вы адмовіліся ад кватэр», — кажа жыхарка дома №2 Марыя Андрыянец.

«Я адзінокая. Дачка ў мяне памерла ў 31 год. Жыву тут 6 гадоў. Высяляюць або ў дом састарэлых, або на вуліцу», — распавядае пра сябе іншая суседка Васіля Ануфрыева.

Васіль мяркуе, што ў чыноўнікаў ёсць свае матывы такой актыўнасці.

«Выселіць дом, і на гэтым месцы пабудаваць гмах, вось, што яны хочуць. Ці свайму чыноўніку аддаць за базавую велічыню гэты дом», — мяркуе Ануфрыеў.

Праваабаронцы раяць у такой сітуацыі захоўваць перапіску з чыноўнікамі, звяртацца да юрыстаў і ў незалежныя СМІ. А Васілю Ануфрыеву давядзецца абараняць прыватнае жыллё ў судзе. Не першы раз: ён ужо абараніў сваю кватэру ў 2005-м і 2008-м гадах.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках