25 красавiка 2024, Чацвер, 8:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд ААН абавязаў Расею выконваць правы чалавека ў Крыме

8
Суд ААН абавязаў Расею выконваць правы чалавека ў Крыме

(Абноўлена) Суд часткова задаволіў патрабаванні Украіны аб накладанні часовых абмежавальных мер на Расею.

Міжнародны суд ААН абавязаў Расею забяспечыць правы крымскіх татараў на прадстаўленне сваіх інтарэсаў, між іншым, у рамках забароненага ў Расеі меджліса.

Акрамя таго, суд запатрабаваў ад Расеі забяспечыць права жыхароў Крыма на атрыманне адукацыі на ўкраінскай мове, паведамляе расейская служба BBC.

Гэта прадугледжваюць уведзеныя Міжнародным крымінальным судом у Гаазе часовыя абмежавальныя меры ў сувязі з разглядам пазову, у якім Украіна абвінаваціла Расею ў парушэнні двух міжнародных канвенцый - у барацьбе з фінансаваннем тэрарызму і аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі.

Уведзеныя судом меры тычацца толькі адной часткі пазову - звязанай з канвенцыяй аб расавай дыскрымінацыі. Адначасова суд адмовіўся ўводзіць любыя абмежавальныя меры ў сувязі з абвінавачваннямі, якія тычацца канвенцыі барацьбы з фінансаваннем тэрарызму: у пастанове гаворыцца, што на гэтым этапе Украіна не змагла падаць дастатковых аргументаў для гэтага.

У той жа час суд прызнаў сваю юрысдыкцыю ў дачыненні да магчымага парушэння абедзвюх канвенцый.

Пастанова суда не з'яўляецца канчатковай: экспэрты мяркуюць, што фінальны вердыкт прагучыць у Гаазе не раней чым праз некалькі гадоў.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў дзень прыняцця першых пастаноў паводле гэтага пазову «вельмі важным днём».

Сутнасць пазову

У студзені гэтага года Украіна ўпершыню ў сваёй гісторыі падала ў Міжнародны суд ААН скаргу на іншую дзяржаву: яна абвінаваціла Расею ў парушэнні канвенцый аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму і аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі.

У сакавіку суд прыступіў да разгляду гэтага пазову.

Кіеў сцвярджае, што ў 2014 годзе, пасля дзесяцігоддзя ціску на Украіну, Расея ўварвалася ў яе з прымяненнем вайсковай сілы.

Украінскія прадстаўнікі заяўляюць, што Масква аказвае падтрымку незаконным узброеным фармаванням на ўсходзе Украіны і просіць суд прызнаць адказнасць Расеі «за тэрарыстычныя акты, учыненыя ва Украіне яе стаўленікамі».

У пазове ў гэтым кантэксце згадваюцца катастрофа рэйса МН17 летам 2014 года, абстрэлы мірных жыхароў у Валнаваха, Марыўпалі і Краматорску, а таксама выбухі ў Харкаве ў лютым 2015 года.

Акрамя таго, Украіна заяўляе, што Масква вядзе ў анэксаваным ёю Крыме «мэтанакіраваную кампанію культурнай зачысткі» ў дачыненні да крымскататарскай і ўкраінскай суполак, нагадваючы, што дзеянні Расеі на паўвостраве былі асуджаныя Генеральнай асамблеяй ААН.

Кіеў просіць у суда, між іншым, абавязаць Расею:

- неадкладна адмовіцца ад любой падтрымкі «узброеных груп, што ўчыняюць акты тэрарызму ва Украіне»,

- прыняць меры для вывазу ўсёй зброі, раней выдадзенай гэтым групам,

- пачаць крымінальны пераслед асоб, якія маюць дачыненне да «фінансавання тэрарызму»: у гэтым кантэксце згадваюцца міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, віцэ-спікер Дзярждумы Уладзімір Жырыноўскі, лідары «Справядлівай Расеі» Сяргей Міронаў і КПРФ Генадзь Зюганаў.

- цалкам кампенсаваць страты, звязаныя з катастрофай МН17, а таксама «ўсімі іншымі тэрарыстычнымі актамі», у датычнасці да якіх Кіеў абвінавачвае Маскву.

У «крымскай часткі» пазову гаворка ідзе пра тое, што Расея павінна гарантаваць поўную абарону ўсіх этнічных груп у «акупаваным Крыме»: аднавіць працу ўкраінскіх і крымскататарскіх СМІ, спыніць беспадстаўныя ператрусы і арышты крымскіх татараў, расследаваць знікненні актывістаў і неадкладна аднавіць правы меджліса.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках