29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Таварышы чэкісты з міліцыянтамі, вы ж самі супраць дэкрэту №3»

7
«Таварышы чэкісты з міліцыянтамі, вы ж самі супраць дэкрэту №3»

Неяк надта шчыльна ўсё. І не так, каб справядліва.

Не ачуняў яшчэ ад арышту ў Брэсце, а ўжо прысудзілі арышт у Мінску. Не паспеў па гэтым прысудзе адсядзець, а ўжо даслалі позвы на два новыя суды. І на допыт у КГБ...

Неяк надта шчыльна ўсё, грамадзяне суддзі, таварышы чэкісты з міліцыянтамі. І не так, каб справядліва. Ну, каб не толькі мне, але і вам.

Вось вы прысудзілі мне арышт за ўдзел у мітынгу супраць дэкрэту №3. Але ж напярэдадні вы самі даверліва мне казалі, што таксама супраць гэтага дэкрэту. Дык чаму супраць мы разам, а сядзець мне аднаму?

Цяпер вы збіраецеся пасадзіць мяне ў ізалятар на Акрэсціна за тое, што я сустракаў там вызваленых з ізалятара.

Сам падыход ваш да справы, трэба сказаць, крэатыўны, не банальны. Хто адсядзеў - выходіць, хто сустракае - сядае. Непарыўны працэс. Але ж мой удзел у ім наўрост абумоўлены вашым удзелам. Я прыйшоў да ізалятара сустрэць ні ў чым не вінаватых людзей, бо вы іх туды, ні ў чым не вінаватых, пасадзілі. Дык дзе мне было іх сустракаць? У лесе, куды турэмшчыкі вывозяць арыштантаў, каб застрашыць, каб паказаць, што могуць іх там застрэліць і закапаць? Як іх папярэднікі стралялі і закопвалі ў Курапатах.

Дарэчы, вы палічылі злачынствам нават тое, што я ў Курапатах вершы чытаў. І за гэта таксама прызначылі суд.

Што сказаць на такое?..

У Курапатах я мог вершы і не чытаць... Калі б не было Курапатаў. Разумееце? Калі б не было вашых папярэднікаў, праз якіх ці не ўся наша зямля - Курапаты. І калі б не было ў тых, хто прыйшоў бараніць Курапаты ад бульдозераў, ад здзеку, святой памяці ў сэрцах.

Усё, што коціцца,

Дакоціцца да нас…

І дакацілася.

Ля могілак якраз,

Дзе сны пра вечнасць сняць

Ці спяць без сноў

З усімі

Караткевіч,

Куляшоў… —

Маўклівы мітынг.

З кожным, хто прыйшоў,

З’явіліся і сталі побач продкі…

Маўклівыя

стаялі цені родных,

Маўклівыя

стаялі цені блізкіх:

Пад крыжам злеглых. Зоркай. Абеліскам.

Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых

Пад Грунвальдам. На Калыме «прышытых».

Бясследна зніклых. Хапам пахапаных.

Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных,

Ці ў Курапатах

скінутых у роў…

Ад плоці плоць

І ад крывінкі кроў —

Мы ведалі,

пра што маўчалі з імі.

Жывыя з мёртвымі.

І мёртвыя з жывымі.

І ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот,

З натоўпу глянуў люд. Амаль народ.

Уладзімір Някляеў

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках