28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі выпусцілі першую партыю каўбасы з бабра

49
У Беларусі выпусцілі першую партыю каўбасы з бабра

Ідэю выпускаць каўбасу і тушонку з бабра Міністэрства лясной гаспадаркі агучыла яшчэ ў студзені.

І вось першая партыя гатовая. Яна зусім невялікая і ў продаж не паступіць. Для дэгустацыі яе прэзентуюць на выставе «Паляванне і рыбалоўства», піша tut.by.

Першую партыю прадукту вырабілі на невялікім прыватным прадпрыемстве.

Выпускаць каўбасу з бабра хацелі і мясакамбінаты, але такая вытворчасць наладжана на вялікую колькасць звера. У нас, зразумела, столькі жывёл няма, — тлумачыць Сяргей Шастакоў, начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса. — Таму мы наважылі: займацца гэтым павінны невялікія кааперацыі. Мяса бабра ўсё-такі не для шырокага спажыўца. Гэта нятанны, эксклюзіўны прадукт.

Вырабленая каўбаса — вяленая ў натуральнай абалонцы. Для разнастайнасці да мяса дадалі аленіну, дзікую качку, курыцу — атрымалася некалькі відаў.

— Месяц таму мы былі на выставе ў Літве, — працягвае Сяргей Шастакоў. — Там стаяў вялізны прылавак з дзічынай і бабровай прадукцыяй. А на ім толькі бабровай каўбасы 5-6 відаў, і з грыбамі, і з казуляй. І нават вэнджаныя хвасты бабра па 25 еўраў за штуку. І чарга ад гэтага прылаўка не адыходзіла.

Пра тое, калі незвычайны для нас пакуль яшчэ прадукт патрапіць у крамы, у міністэрстве не кажуць.

— Гэта ўжо не наша задача, — рэзюмуе суразмоўца. — Наша справа паказаць, што для працы з мясам бабра ў нас ёсць тэхнічныя ўмовы, а таксама база. А далей гэтым могуць займацца лесапаляўнічыя гаспадаркі альбо іншыя арганізацыі, якія хочуць працаваць у гэтым кірунку.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках