19 красавiка 2024, Пятніца, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Сітуацыя ў Беларусі – як рулетка

14
Андрэй Саннікаў: Сітуацыя ў Беларусі – як рулетка
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Беларусы ўжо зрабілі свой выбар.

Пра гэта лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў заявіў у інтэрв'ю «Радыё Любліна» (пераклад - Charter97.org) падчас прэзентацыі сваёй кнігі «Беларуская рулетка».

- Сітуацыя ў Беларусі з'яўляецца рулеткай, бо няма ніякага рэальнага палітычнага жыцця. У Беларусі - дыктатура. Назва гэтай кнігі была прапанаваная выдаўцом і адпавядае таму, аб чым я пішу ў сваёй кнізе. Мяне запрасілі ў Люблін не толькі для таго, каб распавесці аб кнізе, але і аб сённяшняй сітуацыі ў Беларусі. У нас зноў з'явіліся палітвязні, зноў сталі больш жорсткімі палітычныя рэпрэсіі, а Захад і дэмакратычныя дзяржавы агулам слаба рэагуюць на тое, што адбываецца ў Беларусі.

- Гэтай рэакцыя няма, бо ўсе баяцца Лукашэнкі?

- Выходзіць так. Не было і дагэтуль няма стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Можна сказаць, што ў Еўрапейскага Звязу не існуе і стратэгіі ў дачыненні да Расеі.

Гэта мы бачым на прыкладзе Украіны. Я мяркую, што Захад у дачыненні да Украіны заняў слабую пазіцыю для абароны тых каштоўнасцяў, на якіх грунтуецца Еўрапейскі Звяз.

- Ці азначае гэта, што ў дачыненнях «Захад-Беларусь» дамінуе Пуцін?

- Пуцін — дамінуючы фактар, бо гэта ён пачаў вайну ва Украіне. Гэта не вайна супраць Украіны, гэта вайна супраць усёй Еўропы, супраць Польшчы, супраць краін Балтыі. Ён не можа прыняць той факт, што існуе моцны Еўразвяз, заснаваны на дэмакратычных каштоўнасцях

- Таму ён і спрабуе яго аслабіць?

- Менавіта так. Памылка Польшчы ў тым, што яна спрабуе зрабіць з Лукашэнкі ворага Пуціна. Гэта немагчыма, бо «расейскі мір» у Беларусі - гэта і ёсць Лукашэнка. Гэтага не разумеюць на Захадзе.

- Ці гатовая Беларусь да дэмакратыі?

- А ці была Польшча гатовая да дэмакратыі? Напэўна, не. Яна была гатовая змагацца супраць камуністычнага ўрада, але не мела досведу дэмакратыі. Я мяркую, што Беларусь у гэтым сэнсе больш гатовая да дэмакратыі. 23 гады пад дыктатурай — гэта проста немагчыма трываць. Расея ніяк не з'яўляецца прыкладам для Беларусі. Нам патрэбнае вяршэнства закона, а там ніякія законы не дзейнічаюць. Вяршэнства права мы назіраем у Еўрапейскім Звязе, і гэта для нас прыклад. Прыкладам з'яўляецца Польшча, якая рэалізуе свой патэнцыял.

- Але ў заявах беларускіх уладаў можна пачуць, што «рэцэсія ідзе на спад», колькі ў гэтых словах праўды, а колькі прапаганды?

- Гэта прапаганда. У выніку 23-гадовага кіравання Лукашэнкі Беларусь апынулася ў вельмі цяжкай эканамічнай сітуацыі. Ён усё паўтарае, што ніякіх рэформаў не будзе, што эканамічная мадэль беларускай дзяржавы «выдатна працуе», што ўсе «задаволеныя», а супраць рэжыму нібыта выступае ўсяго «некалькі чалавек».

- Як вы ацэньваеце беларуска-польскія дачыненні: летась многія польскія дыпламаты і міністры наведвалі Беларусь, добра выказваліся пра Лукашэнку. Што вы скажаце на гэты конт?

- Па-мойму, гэта памылковая палітыка. Таму што гэтыя «пацяпленні ў стасунках» стала прыводзілі да рэпрэсій, яшчэ большых, чым папярэднія. Гэта не толькі палітыка Польшчы, гэта палітыка ўсяго Еўрапейскага Звязу. Мы чакаем іншай пазіцыі, бо Польшча — спецыяліст па Беларусі, менавіта Польшча павінна прапанаваць Брусэлю, як сябе паводзіць ў дачыненні да Беларусі, павінна сказаць, што не трэба падтрымліваць Лукашэнку, а трэба падтрымаць грамадзянскую супольнасць, апазіцыю і дэмакратычныя сілы.

- Падтрымаць тэлеканал «Белсат»?

- Безумоўна. Падтрымліваць «Белсат», сайт Charter97.org, «Радыё Рацыя». Тое, што яны працуюць у Польшчы, з'яўляецца вельмі важным у гэтай сітуацыі, бо яны знаходзяцца ў больш бяспечным становішчы, чым незалежныя СМІ, якія працуюць у Беларусі. Велізарная роля незалежных СМІ ў тым, што людзі шукаюць інфармацыю не ў дзяржаўных медыях.

- То бок, у Беларусі вялікі «інфармацыйны голад» і вялікі попыт на аб'ектыўную інфармацыю?

- Абсалютна дакладна, дзяржаўныя СМІ хлусяць аб тым, што адбываецца ў свеце, хлусяць аб дачыненнях Беларусі і Расеі, Расеі і Украіны. Дзяржаўныя медыя знаходзяцца пад уплывам Крамля. Большая частка інфармацыйнай прасторы ў Беларусі — прарасейская прапаганда.

- Хацелася б спытаць, што паўплывала на вашу пастанову ў 2010 годзе ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах?

- Я хацеў змяніць сітуацыю ў Беларусі. Я прыйшоў у апазіцыю адразу ж пасля таго, як сышоў з Міністэрства замежных спраў, дзе займаў пасаду намесніка міністра. Адразу ж пачаў браць актыўны ўдзел у палітычным жыцці, падтрымліваў іншых апазіцыйных кандыдатаў, а ў 2010 годзе была такая сітуацыя, што не было каго падтрымліваць. Мая каманда вызначыла, што мы самі павінны ўзяць удзел у выбарах.

- Але, на жаль, вам не ўдалося рэалізаваць жаданне тысяч беларусаў: пасля выбараў вы трапляеце ў турму, у 2012 годзе, пасля вызвалення з-за кратаў, вы просіце палітычнага прытулку ў Вялікай Брытаніі, затым пераязджае ў Польшчу. Варта было прайсці гэты шлях?

- Варта было. Гэта быў вельмі моцны момант у гісторыі Беларусі, можна сказаць, што гэта было паўстанне. Такое ж паўстанне перамагло ва Украіне, але і ў Беларусі дыктатура ў той час была больш моцная. Вяртаючыся да пытання, скажу, што ў той момант склалася такая сітуацыя, калі мы маглі атрымаць перамогу. Але Захад аддаў перавагу падтрымаць Лукашэнку, а не апазіцыю (гаворка не ідзе аб фінансавай падтрымцы, а аб разуменні сітуацыі ў Беларусі). Калі мы размаўлялі з нашымі еўрапейскімі калегамі за месяц да выбараў, ніхто не думаў, што людзі так масава будуць падтрымліваць апазіцыю.

- Ці азначае гэта, што Беларусь мае патрэбу ва «ўкраінскім шляху»? Бо ва Украіне спачатку была «аранжавая рэвалюцыя», затым «Майдан», і ў выпадку Украіны гэта яшчэ не канец на шляху да незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы.

- Я з'яўляюся прынцыповым праціўнікам гвалту. Мы прапануем штосьці накшталт «круглага стала», прапануем перамовы з уладамі, сапраўдныя выбары – толькі так можна развязаць усе праблемы. Так, дарога да свабоды няпростая, але тыя пратэсты, якія мы бачылі, сведчыць аб непрыняцці людзьмі гэтага рэжыму. Пратэсты не звязаныя з выбарамі, і гэта вельмі важна, што людзі выходзяць на вуліцы з надзеяй на перамены.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках