19 красавiка 2024, Пятніца, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі назвалі сустрэчу з экс-лідарам БРСМ «трупам дохлага каня»

7
Менчукі назвалі сустрэчу з экс-лідарам БРСМ «трупам дохлага каня»
ФОТА: TUT.BY

Жыхары вуліцы Усходняй прадаўжаюць змагацца з уладамі за права жыць у чалавечых умовах.

У пятніцу ўвечары ў актавай зале гімназіі №6 на сустрэчу з прадстаўнікамі адміністрацыі Савецкага раёна сабралася больш за 200 жыхароў дамоў па вуліцы Усходняй, якія выступаюць супраць капрамонту сквера ў тым выглядзе, у якім яго плануе правесці УКБ, паведамляе tut.by.

Нагадаем, тыдзень таму ў скверы на Усходняй пачалі пілаваць дрэвы. Мясцовыя жыхары даведаліся, што сквер плануюць рэканструяваць: акрамя новых дарожак і лаваў у ім паставяць спартовыя і дзіцячыя пляцоўкі і пляцоўку для правядзення масавых мерапрыемстваў і сезоннага гандлю. Людзі тут жа сталі збіраць подпісы супраць такой рэканструкцыі. У сераду ў скверы жыхары сустрэліся з мясцовым «дэпутатам» Юрыем Чачукевічам (былы першы сакратар Менскага БРСМ – рэд.), дзе папрасілі арганізаваць ім сустрэчу з мясцовай уладай і заказчыкам праекта — УКБ Савецкага раёна. «Дэпутат» паабяцаў дапамагчы. І сёння стала вядома, што сустрэча адбудзецца.

Акрамя намеснікаў кіраўніка адміністрацыі Алы Санкоўскай і Максіма Сакалова, мясцовага дэпутата Юрыя Чачукевіча, былі і прадстаўнікі «Зелянбуда», і заказчыка праекта — УКБ Савецкага раёна.

Яшчэ да пачатку сходу адзін з чальцоў ініцыятыўнай групы Павел падышоў да «дэпутата» Чачукевіча і папрасіў даць яму слова ў пачатку сустрэчы, каб выказаць калектыўнае меркаванне жыхароў квартала.

Але мікрафон Паўлу не далі. Замест гэтага «дэпутат» Чачукевіч дзесяць хвілін расказваў, навошта ўсе сабраліся. Гэта выклікала абурэнне ў мясцовых жыхароў.

— Дайце мікрафон Паўлу, хай ён скажа, супраць чаго мы пратэстуем! — патрабавалі ў зале.

З МІКРАФОНАМ - «ДЭПУТАТ» ЮРЫЙ ЧАЧУКЕВІЧ

— Пачакайце, давайце я вам раскажу рэгламент сустрэчы, — намагаў «дэпутат».

Але ў зале не сунімаліся.

— Паўлу! Паўлу! Паўлу! — скандавалі мясцовыя жыхары.

— Пазначце, калі ласка, статус гэтага сходу? Мы проста пагаварыць сабраліся? — удакладнілі жыхары ў «дэпутата».

— Гэта сустрэча з дэпутатам, — патлумачыў Чачукевіч.

— Сустрэча з «дэпутатам» ужо была і гэта была праца дохлага каня, — выказаўся мужчына ў зале.

— Давайце дамо слова прадстаўніку УКБ, — прапанаваў Чачукевіч.

Намеснік дырэктара УКБ Савецкага раёна Дзмітрый Навіцкі прэзентаваў праект і распавёў пра спортпляцоўкі, веладарожку, пляцоўку для выгулу сабак і лавы, якія плануюць усталяваць у скверы.

Але ў зале шумелі і не слухалі выступоўцу.

— Мы ўсё гэта ведаем! І не хочам, каб гэта там ставілі! — крычала жанчына.

НАМЕСНІК ДЫРЭКТАРА УКБ САВЕЦКАГА РАЁНА ДЗМІТРЫЙ НАВІЦКІ

— Мы прадугледзелі азеляненне. Усе газоны будуць адноўленыя, новыя дрэвы будуць высаджаныя, — прадаўжаў Навіцкі. — Ніякіх функцый сквера мы не мяняем. Задача стаяла добраўпарадкаваць дарожную сетку і зрабіць асвятленне.

— Вось! Давайце дарожкі і ліхтары! — запатрабавалі ў зале.

— У праект таксама ўнеслі пляцоўкі. Зваротаў у адміністрацыю было нямала, таму іх і наважылі ставіць, — скончыў Навіцкі.

— Навошта нам тут пляцоўкі? Хай будзе проста зялёная зона! — крычалі ў зале. — Навошта нам ваша веладарожка, якая вядзе ў нікуды?

— Мяне завуць Дар'я, я жыву ў доме №38 у першым пад'ездзе і кожны дзень бачу, як вы высякаеце сквер. Мой дзядуля пасяліўся тут больш за 30 гадоў таму і ён у гэтым скверы саджаў дрэвы на суботніку. Мне проста балюча і крыўдна бачыць, як дрэвы майго дзядулі знікаюць марна. Вы хочаце рабіць пляцоўкі і штосьці паляпшаць? Проста зрабіце дарожкі, нармальнае асвятленне. Тут жа можна рабіць не перарабіць. У маім пад'ездзе жудасныя прыступкі, вазок падняць немагчыма. Каля шостага пад'езда ёсць дзіцячая пляцоўка і там ужо пяць гадоў зламаныя арэлі. Іх ніхто не рамантуе. Каля першага пад'езда была добрая пляцоўка, яе знеслі і паставілі лаўку. Дзе гуляць дзіцяці? Вы хочаце зацэментаваць сквер? Нам не патрэбная пляцоўка для выгулу сабак, у мяне маленькае дзіця, яно баіцца сабак, а вы хочаце паставіць пляцоўку ля школы. Вы падумайце, што вы робіце.

— Калі для вас лепшая тая сітуацыя, што цяпер ёсць, калі падчас дажджоў усе дарожкі плывуць, то я вас не разумею, — адказаў Навіцкі. — Ды і цяпер уладальнікі сабак шпацыруюць па ўсім сквера, а будуць на пляцоўцы. Гэта ж лепш.

У зале прадаўжалі шумець. Праз гадзіну слова ўсё ж далі прадстаўніку ініцыятыўнай групы Паўлу.

— Хачу пачаць з пазітыўнай ноты. Мы ўсе вельмі рады, што пра наш сквер памятаюць і яго нарэшце прывядуць у парадак. Мы разумеем, што над праектам працавала шмат людзей і мы за гэта ўдзячныя. Мы вельмі шануем сквер: хтосьці тут вырас, хтосьці купляў кватэру праз яго. Мы просім, молім, каб тыя, хто працуе для нас, дзеля нашага дабра, нас пачулі. Мы хочам, каб мясцовая ўлада спытала ў нас, што мы хочам бачыць у гэтым скверы. Мы выдатна разумеем, што немагчыма ўлічыць меркаванне кожнага чалавека, таму просім правесці галасаванне і ўлічыць меркаванне большасці. У праекце шмат аб'ектаў: туды ўваходзіць і добраўпарадкаванне сквера, і ўсталяванне новых пляцовак. Таму за кожны з іх трэба галасаваць асобна. Мы гатовыя дапамагчы адміністрацыі раёна правесці такое галасаванне, раздрукаваць бланкі з асобнымі пунктамі аб кожным аб'екце, сабраць людзей або абыйсці іх. Мы выдатна разумеем, што такіх выпадкаў, напэўна, яшчэ не было, што гэта прэцэдэнт. Але мы хочам, каб вы, прадстаўнікі ўлады, сталі прыкладам для іншых. Уявіце, колькі бюджэтных сродкаў мы зможам зэканоміць, калі не давядзецца будаваць частку аб'ектаў? Гэтыя грошы можна будзе выдаткаваць на нешта больш карыснае.

У зале падтрымалі яго плясканнем у ладкі. А «дэпутат» Чачукевіч паабяцаў, што дапаможа з галасаваннем.

— У беларускім заканадаўстве ёсць працэдура, якая, на жаль, ні разу не ўжывалася, — мясцовы рэферэндум. Гэта будзе складана арганізаваць, але магчыма, — сказаў «дэпутат». — Прапаную сфармуляваць вашу прапанову ў пісьмовым выглядзе і аднесці ў адміністрацыю Савецкага раёна. Магчымасць правесці мясцовы рэферэндум ёсць.

Прапанову ініцыятыўнай групы і «дэпутата» ў зале прынялі. Але на гэтым сустрэча не скончылася. Мясцовыя жыхары патрабавалі прыпыніць рамонт сквера, пакуль пытанне не будзе развязанае да канца. Такога абяцання ні УКБ, ні адміністрацыя раёна не далі. А каб пытанні ў зале скончыліся хутчэй, праз паўтары гадзіны патушылі святло.

— Наша сустрэча скончаная, давайце разыходзіцца, — рэзюмавалі прадстаўнікі ўлады.

— Мы будзем дамагацца прыпынення работ у скверы і правядзення галасавання, — паабяцаў Павел.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках