25 красавiка 2024, Чацвер, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калгас «Новая Друць» сабраўся заваліць краіну жэньшэнем

36
Калгас «Новая Друць» сабраўся заваліць краіну жэньшэнем

Ураджаю чакалі цэлых пяць гадоў.

Першы ўраджай кораня жэньшэню збяруць сёлета ў ААТ «Новая Друць» Бялыніцкага раёна. Каб яго атрымаць, давялося чакаць пяць гадоў. Столькі часу прайшло з пачатку стварэння ў гаспадарцы свайго жэньшэнарыю на плошчы 33 соткі. Ён пакуль адзіны ў Беларусі.

Зборам першага ўраджаю кораня жэньшэню ў «Новай Друці» будуць займацца восенню. Пры спрыяльных умовах надвор'я спадзяюцца атрымаць блізу 500 кг лекавай культуры, якая высока цэніцца ў медыцыне і касметалогіі.

Як распавяла аграном-садавод гаспадаркі Наталля Мялешка, сёння ў «Новай Друці» прапрацоўваюцца рынкі збыту першай прадукцыі. Яе канчатковы кошт будзе вядомы да восені. Усё залежыць ад сітуацыі на сусветным рынку. Аднак, цікавасць да кораня жэньшэню ўжо праявілі патэнцыйныя пакупнікі, у тым ліку, з Кітая, паведамляе 6tv.by.

Паводле папярэдніх планаў эканамістаў прадпрыемства, рэалізацыя першай партыі павінна акупіць усе пяцігадовыя выдаткі на яго вытворчасць. Першапачаткова ў бізнэс-план закладзеная 40-адсоткавая рэнтабельнасць, але з досведу іншых вытворцаў вядома, што вырошчванне жэньшэню можа дасягаць 140, і 300 адсоткаў прыбытковасці. Ва ўсякім разе, менавіта на гэта разлічвалі папярэднія кіраўнікі ААТ «Новая Друць».

З сакавіка 2016 года ААТ «Новая Друць» узначальвае Анатоль Драздоў, які да таго ж у верасні мінулага года абраны членам «савета рэспублікі нацыянальнага сходу» Рэспублікі Беларусь.

ААТ «Новая Друць» - самае буйное сельгаспрадпрыемства Бялыніцкага раёна. У канцы мінулага года да і так вялізнай гаспадаркі, якая была створаная шляхам аб'яднання шэрагу сельгаспрадпрыемстваў, было дадаткова далучана ААТ «Падзевічы». Дарэчы, цягам доўгага часу дырэктарам ААТ «Падзевічы» працаваў усё той жа Анатоль Драздоў.

Нягледзячы на жэньшэнь, велічэзныя плошчы і дырэктара - «сенатара», ААТ «Новая Друць» знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы праз велізарную закрэдытаванасці. Гаспадарка не заўсёды своечасова выплачвае заробкі сваім працаўнікам. Крамы прадпрыемства палохаюць наведвальнікаў голымі паліцамі праз адмову пастаўшчыкоў завозіць новыя тавары, пакуль ААТ «Новая Друць» не разлічыцца за папярэднія пастаўкі.

Аднак, спецыялісты і рабочыя ААТ «Новая Друць» вераць у далейшыя светлыя перспектывы свайго прадпрыемства, спадзяюцца, што цяжкасці будуць пераадоленыя ўжо ў хуткім часе. Можа, у гэтым дапаможа не толькі нарошчванне вытворчасці малака і мяса, але і той жа жэньшэнь.

Ды і што ім застаецца рабіць - у астатніх сельгаспрадпрыемствах Бялыніцкага раёна, за выключэннем СВК «Калгас« Радзіма», эканамічная сітуацыя ані не лепшая.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках