20 красавiка 2024, Субота, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі парламентарый: Будаўніцтва БелАЭС - пытанне палітычнае.

3
Літоўскі парламентарый: Будаўніцтва БелАЭС - пытанне палітычнае.

Афіцыйны Менск павёў сябе як варожая Літве дзяржава.

Падчас дыскусіі ў пытанні будаўніцтва ў суседняй Беларусі Астравецкай АЭС, якая праходзіла ўчора ў Еўрапейскім інфармацыйным бюро Сейма Літвы, кіраўнік парламенцкага камітэта замежных спраў Эгідзіюс Варэйкіс заявіў, што галоўнае ў гэтым пытанні не толькі адпаведнасць патрабаванням і рэкамендацыям, паведамляе delfi.lt.

Э. Варэйкіс упэўнены, што рана ці позна беларускія ўлады пададуць усе неабходныя дакументы, а пытанне будаўніцтва АЭС - палітычнае, таму трэба не толькі патрабаваць адпаведнасці стандартам. На ягоную думку, трэба дзейнічаць інакш, каб Еўропа зразумела, што Астравецкая АЭС - гэта другі Чарнобыль.

«Назіраючы за тым, што адбываецца, я бачу адну метадычную памылку. Мы ведаем, што Беларусь - варожая ў дачыненні да нас дзяржава, таму АЭС нельга будаваць. Але мы гэтага публічна не гаворым, мы кажам, што нешта не так у паперах, дрэнны цэмент, не стае нейкага дакумента, сцяна занадта нізкая. Варожая дзяржава раней ці пазней падасць вам усе дакументы, падробленыя або сапраўдныя, але падасць. Нарэшце мы развядзём рукамі і скажам, што ж мы можам зрабіць, яны ўсё падалі», - разважаў парламентарый.

Э. Варэйкіс упэўнены, што звязанае з будаўніцтвам АЭС у Беларусі пытанне ў першую чаргу палітычнае. «Гэта пытанне больш палітычнае і асноўны інструмент, які зможа спыніць Астравец - гэта напалохаць Еўропу, што гэта другі Чарнобыль. Еўропа павінна ў гэтым сэнсе баяцца», - сказаў на заканчэнне парламентарый, чалец фракцыі Саюза сялян і зялёных Літвы.

Дыскусія была арганізаваная фракцыяй зялёных у Еўрапейскім парламенце супольна з Інфармацыйным бюро Еўрапарламенту ў Літве. У ёй узялі ўдзел літоўскія палітыкі, грамадскія дзеячы і госці з Беларусі.

Нагадаем, што 20 красавіка Cейм Літвы прыняў пастанову абмежаваць імпарт электраэнэргіі з Беларускай атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў Астраўцы, і іншых небяспечных АЭС трэціх краін. Небяспечнай будзе названая АЭС суседняй краіны, пры будаўніцтве і працы якой не выконваюцца патрабаванні экалагічнай, атамнай, радыяцыйнай бяспекі, парушаюцца міжнародныя пагадненні і канвенцыі, якая праз геаграфічнае становішча і тэхналагічныя асаблівасці ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы, навакольнаму асяроддзю і грамадскаму здароўю.

Міністр энэргетыкі Жыгімантас Вайчунас раней паведамляў, што Астравецкая АЭС разам са спыненым праектам АЭС у Калінінградскай вобласці РФ уяўляюць пагрозу для Літвы, парушаюць Канвенцыю аб ядзернай бяспецы, якая патрабуе ўзгадняць выбар пляцовак з суседнімі дзяржавамі і ацэньваць іх уплыў і магчымую шкоду. У чэрвені мінулага года ўрад Літвы ўхваліў план эмбарга электраэнэргіі, вырабленай на Астравецкай АЭС і ў іншых трэціх краінах, паводле якога яе імпарт у Літву і адначасова ў іншыя краіны ЕЗ, будзе абмяжоўвацца на таргах ў літоўскай зоне Nord Pool. Нядаўна Польшча заявіла, што далучыцца да гэтай ініцыятывы Літвы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках