24 красавiка 2024, Серада, 9:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мастак Генік Лойка падаў у суд праз русіфікацыю дзяцей у гімназіі

13
Мастак Генік Лойка падаў у суд праз русіфікацыю дзяцей у гімназіі

У беларускамоўнай школе настаўнікі фізкультуры знарок не размаўляюць па-беларуску.

Скульптар Генік Лойка ўжо восьмы год ваюе з гімназіяй №4, дзе вучыцца ягоны сын Любарт. Усё праз недастатковую, на думку спадара Лойкі, павагу да беларускай мовы ў школе. Для яго прынцыпова, каб у гімназіі з беларускай мовай навучання ўсе настаўнікі вялі заняткі і размаўлялі паміж сабой па-беларуску, піша nn.by.

На днях спадар Лойка напісаў скаргу ў суд Фрунзенскага раёна на дырэктара гімназіі №4 Андрэя Гоцмана і начальніцу Управы адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна Ірыну Чарняўскую. Раней бацька гімназіста звяртаўся да іх з просьбай развязаць моўнае пытанне, аднак, як ён сцвярджае, у адказ атрымліваў банальныя адпіскі. Звяртаўся ён і да кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна, і ў Менгарвыканкам - безвынікова.

«Ізноў чыноўнікі сістэмы адукацыі адказваюць мне не на маё пытанне. Зноў хаваюць праблему за мудрагелістымі фразамі накшталт «якасць фармавання маўленчай кампетэнцыі». Мяне не цікавіць гэтая «кампетэнцыя». Мяне цікавіць мова. Ці гавораць у беларускамоўнай школе на беларускай мове?

Зноў «...адбыліся гутаркі з дырэктарам...гімназіі Гоцманам А.М., намесніцамі дырэктара Сафронавай Л. А., Нікалайчык Г. Л., узятыя службовыя запіскі, правераная гімназічная дакументацыя». А я мяркую, што школа існуе не дзеля праверкі начальствам дакументацыі, а каб дзяцей нашых навучаць», - піша ў скарзе Генік Лойка.

«Уважаю дзеянні (бяздзейнасць) А.М. Гоцмана і І.А. Чарняўскай парушэннем Закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» (артыкулы 4 і 21), пазбаўленнем мяне права выбару мовы навучання (артыкул 50 Канстытуцыі Беларусі) і абразай маёй нацыянальнай годнасці», - падсумоўвае спадар Лойка.

Генік Лойка ўзяўся за развязанне моўнага пытання шмат гадоў таму, яшчэ ў гімназіі №14, дзе вучыўся ягоны старэйшы сын Яраш. Спадар Лойка распавядае, што калі ў школе адкрылі расейскамоўны клас, ён напісаў «паклёп», і мяккую русіфікацыю згарнулі. Гэта надало яму энтузіязму змагацца за мову і надалей. І калі ў 2009 годзе ягоны сын Любарт прыйшоў у чацвёрты клас гімназіі №4, спадар Лойка з першага дня стаў пільна сачыць за навучальным працэсам.

«Я размаўляў з настаўнікамі і ўвесь час ім казаў: «Размаўляйце на беларускай мове паміж сабой. Вучняў не чапайце, яны самі дойдуць да гэтага». І вось мой сын ужо ў дзясятым класе. Дзяцей беларускай мове не навучылі. Дык для чаго тады школа? - задаецца пытаннем Лойка. - І вось будзе суд. Для мяне галоўнае - дамагчыся, каб ён быў на беларускай мове. Астатняе хай будзе на іх сумленні. Я проста хачу такім судом адзначыць у гісторыі беларускага народа, як дзяржава ў 2017 годзе ставіцца да беларускай мовы. Мы павінны фіксаваць гэта на паперы для нашчадкаў. Студэнты потым будуць пісаць рэфераты аб тым, якая была сітуацыя з беларускай мовай у 2017 годзе».

У гімназіі прынцыповага бацьку ведаюць добра. Дырэктар Андрэй Гоцман не здзіўляецца, калі мы паведамляем яму аб скарзе ў суд.

«У спадара Лойкі заўсёды былі нейкія пытанні. У нас усё нармальна, усё ў межах заканадаўства. Настаўнікі фізкультуры таксама праводзяць урокі на беларускай мове», - каментуе кіраўнік гімназіі. - Спадару Лойку не падабаецца, што настаўнік расейскай мовы гаворыць на расейскай мове. Ён патрабуе, каб настаўнікі нават пад коўдрай размаўлялі па-беларуску».

Андрэй Гоцман тлумачыць, што сёння ў краіне, згодна з Канстытуцыяй, дзвюхмоўе. Адпаведна, як можна, напрыклад, забараніць настаўніку ў перапынку адказаць на тэлефонны званок па-расейску?

«Таму ўважаю ўсе яго заўвагі прадузятымі, - кажа дырэктар гімназіі і дадае, што Генік Лойка не раз прыходзіў у гімназію і нават сустракаўся з настаўнікамі на пасяджэнні педагагічнага савета. - У нас сёння настаўнікі дзеляцца на расейскамоўных і беларускамоўных? У нас сёння выдаецца дыплом устаноўленага ўзору ўсім настаўнікам, і там такога падзелу няма.

Сапраўды, летась шэсць настаўнікаў прыйшлі, іх прымаў не я, але тое, што трэба, у іх спыталі. Яны могуць выконваць свае абавязкі згодна з патрабаваннямі, якія сёння існуюць. Акрамя таго, усе настаўнікі стала павышаюць кваліфікацыю. Калі яны не будуць гэтага рабіць, не толькі што да беларускай мовы, гэта будуць несапраўдныя настаўнікі».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках