19 красавiка 2024, Пятніца, 5:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра што схлусіў Лукашэнка ў «палатцы»

56
Пра што схлусіў Лукашэнка ў «палатцы»

Разыходжанне паміж словамі дыктатара і рэальнасцю проста ўражвае.

«Еўрарадыё» праверыла словы Лукашэнкі, сказаныя 21 красавіка ў традыцыйным «пасланні да парламента і народа».

«Няма такой краіны, дзе менш дзяржслужбоўцаў»

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

«Дзяржаўных службоўцаў павінна быць столькі, колькі трэба. Не шмат. Мы ўжо на першым месцы, у добрым сэнсе слова, у колькасці дзяржслужбоўцаў на тысячу чалавек. Няма такой краіны, дзе менш дзяржслужбоўцаў на пэўную колькасць насельніцтва, чым у Беларусі».

ШТО НАПРАЎДУ

Колькасць чыноўнікаў сапраўды зніжаецца, прынамсі, так сцвярджае Белстат. У 2011 годзе ў Беларусі працавала больш за 56 тысяч дзяржслужбоўцаў, у 2013 - 49 тысяч. А яшчэ праз два гады на тысячу менш - 48 тысяч. Можна парадавацца. Калі б не іншыя даследаванні. У рэйтынгу ўплывовага расейскага агенцтва РБК у колькасці дзяржслужбоўцаў мы там на...другім месцы ў свеце пасля Егіпта. Расейскія экспэрты мяркуюць, што ў Беларусі дзяржслужбоўцаў (у іх колькасць уключылі праваахоўнікаў, настаўнікаў, лекараў, работнікаў дзяржкампаній) цэлых 43% ад агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва (звесткі за 2014). Больш толькі ў Егіпце - 63,4%. У Расеі - 30,6%, у Польшчы - 20,2%, у ЗША - 14,4%.

«Чалавек можа звярнуцца не толькі на біржу працы, а ў органы ўлады»

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

«У выканкамах створаныя камісіі для працаўладкавання, у якія можа звярнуцца кожны грамадзянін, і атрымаць садзейнічанне. Чалавек можа звярнуцца не толькі на біржу працы, а ў органы ўлады».

ШТО НАПРАЎДУ

Такія камісіі пры выканкамах сапраўды існуюць! Гэтыя камісіі прапануюць беспрацоўным вакансіі...якія ёсць у цэнтрах занятасці. У чым тады розніца? Вось што тлумачыць прадстаўніца камісіі ў працаўладкаванні Вілейскага раёна Таццяна Цітуленка (яна ж супрацоўніца раённага цэнтра занятасці):

«Раней мы ўсе штодня засядалі ў выканкаме, запрашалі людзей, і яны прыходзілі. Але цяпер ужо людзі не ідуць, таму мы наважылі, каб дзесяць чальцоў камісіі не сядзелі штодня, не чакалі без справы, накіроўваць усіх ахвотных да мяне. Я іх запісваю, але не тое, што стаўлю на ўлік у цэнтр занятасці, а запісваю на прыём камісіі. І потым мы з гэтымі людзьмі працуем. але, каб вы разумелі, камісія гэта, або цэнтр занятасці, усё адно мы карыстаемся аднымі і тымі ж звесткамі аб наяўных вакансіях».

«Смяротнасць сярод немаўлятаў і мацярынская смяротнасць роўная нуля»

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

«Сёння з Расеі прыязджаюць у Віцебск нараджаць. Я не кажу пра Менск. Прыязджаюць - маюць давер. Вось да чаго прывяла смяротнасць сярод немаўлятаў і мацярынская смяротнасць, якая ў нас роўная нулю».

ШТО НАПРАЎДУ

Сапраўды былі гады, калі мацярынская смяротнасць у Беларусі раўнялася нулю. Так было, напрыклад, у 2013 і 2015 гадах. Але не летась. У 2016 годзе мацярынская смяротнасць у Беларусі склала два чалавекі. У 2010, 2011, 2012 і 2014 гадах было па адным выпадку мацярынскай смяротнасці.

Яшчэ адзін важны паказчык, смяротнасць сярод немаўлят. Дык вось, у 2016 годзе ў Беларусі памерлі 373 немаўляці. Гэта больш, чым годам раней (352). У сусветным рэйтынгу Беларусь дзесьці ў топ-20, што добры паказчык.

«Прынялі ў сябе больш за 160 тысяч украінскіх перасяленцаў»

ШТО СКАЗАЎ ЛУКАШЭНКА

«Украіна не проста наша суседка. Гэта братэрская нам краіна, братэрскі народ. Мы прынялі ў сябе больш за 160 тысяч перасяленцаў».

ШТО НАПРАЎДУ

Гэтую лічбу ў 160 тысяч упершыню агучвае прадстаўнік Управы Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў у Беларусі Жан Іў Бушардзі. Дакладна такую ж лічбу называе начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун. Паводле ягонай інфармацыі, блізу 160 тысяч грамадзян Украіны прыехалі ў Беларусь цягам 2014-2015 гадоў. Але ў Беларусі ўсе не засталіся.

«...Яны катаюцца: хтосьці прыязджае, хтосьці з'язджае. Мы лічым толькі новых, а тыя, хто ўжо тут асеў - той прасеў», - тлумачыць «Еўрарадыё» Аляксей Бягун.

Паводле звестак Белстата, за 2014 і 2015 год з Украіны ў Беларусь прыехалі 16 882 чалавекі. У 2016 годзе яшчэ 4 тысячы. Гэта значыць, у агульнай складанасці 21 тысяча ўцекачоў з Украіны.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках