25 красавiка 2024, Чацвер, 12:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Не варта было даваць нафту Лукашэнку

19
СМІ: Не варта было даваць нафту Лукашэнку

Беларусь можа абваліць кошты на расейскую нафту ў Эўропе.

Дамоўленасці, якіх Беларусь дасягнула ў ходзе ўрэгулявання нафтагазавай спрэчкі з Расеяй, уяўляюць небяспеку для бюджэту РФ. Намер Менска заняцца рээкспартам расейскай нафты Urals можа абрынуць яе кошт на эўрапейскім рынку ўжо сёлета. Імавернасць такога павароту падзей разглядаецца ў артыкуле агенцтва ПРАЙМ.

Жаданні

Для пачатку аўтар артыкула разбіраецца з пытаннем, ці будзе Беларусь рээкспартаваць расейскую нафту. Віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч, пасля заканчэння перамоваў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі і пасля кансультацый з беларускімі калегамі, быў катэгарычны: «ніякага рээкспарту не будзе». Аднак гэтая заява была неўзабаве аспрэчаная расейскімі і беларускімі афіцыйнымі асобамі.

Лукашэнка, ужо вярнуўшыся ў Менск, сказаў, што беларускі бюджэт вельмі разлічвае на паступленне грошай ад «перамытавання» расейскай нафты. Крыху пазней беларускі віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка падлічыў, што выйгрыш ад маніпуляцый з пастаўкамі Urals ужо ў 2017-м можа скласці 500 млн даляраў. А ўжо калі расейская марка да канца года будзе каціравацца вышэй за 50 даляраў за бараль – то яшчэ больш.

Нагадаем сутнасць пецярбургскіх дамоўленасцяў Пуціна і Лукашэнкі. Расея аднаўляе пастаўкі нафты ў Беларусь у ранейшым аб'ёме – 24 млн тонаў за год. З трэцяга квартала 2016 г. яны сталі зрэзаныя ў паўтара раза праз наўмысную недаплату Менскам за расейскі газ. Але пазыкі Беларусь выплаціла, і на гэтым тыдні Urals пацякла заходнім суседзям з новай сілай.

У другім квартале Расея паставіць ім ужо 5 млн тонаў нафты, а ў трэцім і чацвёртым сумарна – яшчэ 15 млн. Так, з улікам 4 млн тонаў, адпраўленых у першым квартале, Беларусь сёлета і здабудзе жаданыя 24 млн тонаў расейскай нафты. Што характэрна – вольнай ад мыты.

Заробак для Менска атрымліваецца вельмі прыстойны. У мiнулай частцы года памер мыты пры вывазе нафты Urals за межы Мытнага звяза (чытай – пры рээкспарце) падыходзіў да 90 даляраў за тону. У красавіку мытны тарыф устаноўлены на ўзроўні 88,9 даляра за тону, а ў сярэднім за першыя чатыры месяцы 2017-га ён быў роўны 87,13 даляра. Няцяжка палічыць, наколькі павялічацца дзяржпрыбыткі Беларусі, калі яна накіруе на рээкспарт, як абяцаў Лукашэнка, 6 млн тонаў нафты за год.

Выгода Менска ўзрастае яшчэ і праз лагістычныя прычыны. Раней нейкая частка нафты з Расеі ішла беларусам праз чыгунку. Цяпер жа пастаноўлена, што ўсе пастаўкі пойдуць выключна трубаправодным транспартам, які танней прыкладна на 60–70 даляраў за тону.

Магчымасці

Ні адна краіна свету не адмовіцца ад такога вялікага і відавочнага прафіту. Калі, вядома, яе не абмяжоўваюць уласныя магчымасці. Першае пытанне пры ацэнцы магчымасцяў Беларусі: ці будуць у яе гэтыя самыя «лішнія» 6 млн тонаў для рээкспарту?

У прынцыпе, гадавы аб'ём імпарту Urals – 24 млн тонаў – адпавядае намінальнай магутнасці беларускіх НПЗ. Аднак у першым квартале заводы былі недазагружаныя прыкладна на траціну. Значыць, пасля расейская нафта хлыне ў Беларусь больш магутнай плынню, якую нафтаперапрацоўшчыкам цалкам ніяк не засвоіць. Шэсць – не шэсць, але некалькі мільёнаў тонаў трэба будзе некуды падзець. Адсюль пытанне нумар два – куды?

Як паказвае аўтар артыкула, у Беларусі няма доўгатэрміновых дамоваў на пастаўку нафты з спажыўцамі на Захадзе, таму сыравіна можа рэалізоўвацца толькі на спотавым рынку з неадкладнага разліку. Асноўным для збыту сыравіны становіцца ў гэтым выпадку вельмі абмежаваны рынак Усходняй Эўропы. Калі туды за кароткі перыяд часу бухнуць усе 6 млн тонаў, то чыста тэарэтычна абвал коштаў на расейскую нафту магчымы. Аднак ці можна ўявіць такую сітуацыю практычна – яшчэ адно пытанне.

Калі Беларусь надумае пастаўляць нафту трубаправодам «Дружба», то ёй давядзецца дамаўляцца з ягоным уласнікам – «Транснафтай». Вельмі малаверагодна, што расейская кампанія лёгка дасць абрынуць рынак, які яе сілкуе. Ды і сама труба не гумавая: каб улезці ў яе з лішняй нафтай, беларусам давядзецца пацясніць экспарцёраў з РФ, якія размяшчаюць закантрактаваны аб'ём экспарту па заходнім маршруце.

Ці рэальны варыянт з больш дарагімі і, як следства, менш прыбытковымі чыгуначнымі пастаўкамі нафты з Беларусі ў блізкае замежжа. Такім шляхам рээкспарт можа ажыццяўляцца на Мажэйкаўскі НПЗ у Літве ці Крэменчугскі НПЗ на Украіне, якія здольныя перапрацоўваць Urals. Але ў першым выпадку Менск таксама натыкнецца на жорсткую канкурэнцыю з боку Расеі: павелічэнне паставак у Літву магчыма толькі за кошт прапарцыйнага памяншэння адпраўкі расейскіх аб'ёмаў з балтыйскіх партоў Усць-Лугі і Прыморска.

Па-за ўсялякай канкурэнцыяй толькі варыянт з рээкспартам на Украіну. Расейская нафта даўно не паступае на Крэменчугскі НПЗ, які кантралюецца групай «Прыват» бізнэсмэна Ігара Каламойскага. Але ці забяспечыць адно гэтае прадпрыемства Беларусі патрабаваны аб'ём збыту – вельмі вялікае пытанне.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках