29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЖКГ збірае з людзей грошы на рамонт. І не робіць яго

13
ЖКГ збірае з людзей грошы на рамонт. І не робіць яго

Камунальнікі ўпарта не звяртаюць увагі на праблемы жыхароў аднаго з гомельскіх дамоў.

Гамяльчанка Аксана Філіпенка, якая жыве ў доме нумар 14 на вуліцы Урыцкага, шэсць гадоў таму перастала плаціць за капрамонт, тэхнічнае абслугоўванне дома і прыборку месцаў агульнага карыстання. Пра гэта яна афіцыйна паведаміла ў мясцовае ЖРЭУ і Міністэрства ЖКГ. Цяпер Аксана – «неплацельшчыца», паведамляе «Белсат».

«Яны называюць мяне неплацельшчыцай, – кажа Аксана Філіпенка. – Я аплачваю ацяпленне, ваду, газ, інтэрнэт: усё, на што ў мяне заключаныя дамовы. І не аплачваю тыя працы, якія не выконваюцца».

За паўстагоддзя будынак, дзе жыве жанчына, так і не зведаў капітальнага рамонту. Цяпер у ім цячэ дах, прамярзаюць вонкавыя сцены, у пад'ездах і кватэрах сцены ад грыбка пачарнелі і аблупіліся. Каналізацыйныя сцёкі цякуць проста ў падзямелле, з прычыны чаго ў пад'ездах невыносны смурод. Дом у аварыйным стане, што звонку, што знутры, сцвярджаюць мясцовыя жыхары.

«Прыйшлі, з пульверызатара дзве жанчыны папырскалі і сышлі. Вось такі фасад яны зрабілі. За 50 гадоў ні разу не рабіўся фасад. Вельмі страшныя балконы знізу: пліта можа абрынуцца ў любы момант, шчыліна ідзе да трэцяга паверха», – кажа жыхарка дома Алена Грынько.

Не першы год жыхары дома на Урыцкага 14 скардзяцца ва ўсе магчымыя інстанцыі. Пісалі нават у пракуратуру. Паводле словаў жыхароў, на іх скаргі прыходзяць выключна адпіскі, што рамонт з розных прычынаў не плануецца. Тым часам пражыванне ў доме звязанае нават з рызыкай для жыцця. Бо электрашчыток, напрыклад, у дождж залівае вадой.

«Калі ідзе дождж, то падстаўляем тазікі, залазім на гарышча і ставім тазікі, каб не капала», – кажа Валянціна Аскерка, адна з жыхарак.

Нягледзячы на спраўную шматгадовую аплату камунальных рахункаў, цяпер жыхары могуць спадзявацца толькі на сябе.

Паводле нормаў капрамонт павінен праводзіцца раз на 25 гадоў, гэта значыць у доме нумар 14 на вуліцы Урыцкага ў Гомелі яго павінны былі правесці ўжо двойчы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках