24 красавiка 2024, Серада, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці асуджанага за наркотыкі: пайду пад дом урада, каб мяне пачулі

75
Маці асуджанага за наркотыкі: пайду пад дом урада, каб мяне пачулі
Фото: gomel.today

У Беларусі блізу 30% усіх асуджаных да пазбаўлення волі – зняволеныя за наркотыкі, а 328 артыкул сталі называць «народным».

Амаль два гады таму тэрміны зняволення за захоўванне і распаўсюджванне наркотыкаў павялічыліся амаль удвая. Максімальны тэрмін – 15 гадоў.

10 сакавіка сёлета сын гамяльчанкі Таццяны Канеўскай Аляксандр атрымаў 8 гадоў за распаўсюджванне наркотыкаў. Жанчына адразу ўступіла ў таварыства «Матчын рух 328» – ініцыятыву, якая дамагаецца перагляду справаў сваіх сваякоў, асуджаных за наркотыкі і змякчэння пакарання.

Жанчына дала інтэрв'ю «Моцным навінам».

– Таццяна, раскажыце, калі ласка, абставіны, пры якіх сын здзейсніў правапарушэнне.

– Мой сын курыў марыхуану, ён у гэтым прызнаўся. Аднойчы ў сына з'явіўся новы сябар. Неўзабаве ён прапанаваў абмыць заробак, набылі піва, потым – больш моцныя напоі. Сябар прапанаваў сыну папаліць і спытаў, ці ёсць у яго, дзе ўзяць. Сын адказаў станоўча, і яны разам пайшлі да прадаўца. Але ў сына грошай не было, сябар яму пазычыў. Сын падняўся ў кватэру, набыў 3 г марыхуаны, яны дайшлі да прыпынку, дзе іх затрымаў АМАП. Сашу адвезлі ў СІЗА, а сябра адпусцілі. Думаю, што сябар быў правакатарам. Суд доўжыўся 9 месяцаў. Мурыжылі, мурыжылі.

– Раскажыце, як праходзіў суд?

– У справе фігуравала група асобаў. Судзілі 7 чалавек, 4 чалавекі – за захоўванне наркотыкаў, у аднаго была плантацыя канопляў і яшчэ адзін – прадавец. У таго, які прадаваў, набывалі ўсе чацвёра. Адзін з іх – мой Саша. Таго, які саджаў, я не ведаю. У клетцы на працэсе сядзелі 3 чалавекі: той, які саджаў, які прадаваў і Саша. Усе астатнія былі пад падпіскай пра нявыезд і самі прыходзілі на суд. Адна з семярых была дзяўчына: яна ўцякла, невядома, дзе цяпер. Судзілі траіх паводле першай часткі – захоўванне, ім далі 2 гады хіміі або хатняга арышту, свабоднае пасяленне, яны дома, але павінны прыходзіць адзначацца. Таму, хто саджаў плантацыю, і ў яго мяшкамі забіралі каноплі, далі 6 гадоў. Той, хто прадаваў, ужо меў 2 гады ўмоўна паводле гэтага ж артыкула, яму далі 10 гадоў. І майму сыну далі 8 гадоў. У мяне шмат пытанняў, якія я хацела б задаць суддзям і міліцыянтам.

Фото: gomel.today

– Ці быў у вас адвакат і ці была ад яго рэальная карысць?

– Адвакатцы аддала 30 млн, карысці ніякай. Яны нават не хочуць яе слухаць, хоць яна казала слушныя рэчы, але ніякай рэакцыі. Яна казала, што ідэя пайсці набыць была сябра, грошы былі сябра. Яны распісалі гэта так, што сын нібыта двойчы падымаўся, набываў, адзін раз для сябе, другі раз – для сябра. Адвакатка спрабавала даказаць, што было супольнае ўжыванне. Нават у прысудзе не гучаў матыў, бо ён павінен быць «дзеля прыбытку». У мяне было адчуванне, што суддзя Савецкага раёна Сыцько пастаянна прыходзіла нападпітку. Усе 9 месяцаў, як у тумане, першы раз з гэтым сутыкнулася, у мяне 4 сыноў, малодшаму – 8 гадоў. Сэнсу ў адвакатах я не бачу. Вось аддала 30 млн і ўсё. Узяла крэдыт, адно пасяджэнне абыходзілася 1.5 млн. Былі пасяджэнні 15 хвілінаў, прыйшлі, адну паперку пачыталі – 1.5 млн плаці, не прыйшлі сведкі – зноўку плаці.

– Якія ўражанні ў Вас ад суда і СІЗА?

– Вось тая колькасць, якая цяпер сядзіць у СІЗА... Склалася такое ўражанне, што гэта мэтанакіраванае знішчэнне нацыі. Бо пераважна там сядзяць паводле наркатычнага артыкула. Я размаўляла з маці, і ва ўсіх адна і тая ж праблема. Мама хлопца, якога асудзілі на 10 гадоў, пляскае ў ладкі, што яму далі 10, а не 15. Можа, нашаму ўраду нехта заплаціў? Суддзі бяздушныя, яны ўвогуле не слухаюць. Характарыстыкі не ўлічваюцца, што ў першы раз – не ўлічваецца. Які сын распаўсюднік? Што і каму ён распаўсюджваў? Чаму яны не чуюць, не ведаюць, што адбываецца? Можа, Лукашэнку вушы затыкаюць, калі пра гэта кажуць. Суддзі ж не аднаго майго Сашу асудзілі, яны практычна знішчылі сям'ю, таму што я, мой муж, мае сыны – у шоку ўсе. Вось гэтыя 9 месяцаў следства выбітая з каляіны цэлая сям'я. Думае пра гэта Лукашэнка? Ці ён напрыканцы надумаў проста беларусаў знішчыць?

– Што Вы цяпер будзеце рабіць? Неяк будзеце змагацца за сына?

– Пасля прысуду ў галаве вір пытанняў: куды цяпер звяртацца, скардзіцца на тое, што суд быў неаб'ектыўны, некваліфікаваны? Вельмі шмат было парушэнняў пры разглядзе. Такое адчуванне, што сына наўмысна падводзілі да трэцяй часткі 328 артыкула. Спачатку іх затрымалі як спажыўцоў паводле часткі 1. Чаму пазней перакваліфікавалі ў частку 3?

10 сакавіка мой сын атрымаў 8 гадоў, на наступны дзень я ўступіла ў таварыства «Матчын рух 328». Там для рэгістрацыі папрасілі даслаць ліст сына з СІЗА. Я даслала, мяне прынялі ў таварыства. Сталі мяне там распытваць, распавялі пра сваю дзейнасць. Усё жыццё я сябе меркавала моцнай жанчынай, а цяпер не ведаю, куды бегчы. Навошта знішчаецца беларуская маладая нацыя? Там сядзіць працоўная сіла. Я не спынюся адназначна. Я гатовая і на крайнія меры: пашыю сабе вялікую кашулю, пайду пад дом ўрада, каб мяне пачулі.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках