28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп збіраецца аб'явіць пра вялікую падатковую рэформу

1
Трамп збіраецца аб'явіць пра вялікую падатковую рэформу
ДОНАЛЬД ТРАМП І МІНІСТР ФІНАНСАЎ СТЫВЕН МНУЧЫН

Прэзідэнт ЗША напісаў у «Твітары», што «ў сераду будзе абвешчана пра вялікую рэформу падатковай сістэмы і зніжэнне падаткаў».

Як патлумачыў у суботу супрацоўнік адміністрацыі, Трамп раскажа пра агульныя прынцыпы змяненняў і абмалюе прыярытэты падатковай рэформы. Перагляд падатковага заканадаўства быў адным з галоўных абяцанняў перадвыбарнай кампаніі прэзідэнта, паведамляе «Голас Амерыкі».

У пятніцу Трамп зрабіў нечаканую заяву на мерапрыемстве ў Міністэрстве фінансаў ЗША пра тое, што ў сераду зробіць «буйную заяву з нагоды падатковай рэформы».

У суботу ён напісаў у «Твітары»: «У сераду будзе абвешчана пра вялікую рэформу падатковай сістэмы і зніжэнне падаткаў».

Супрацоўнік адміністрацыі, які захацеў застацца неназваным, не падаўшы падрабязнасцяў, паведаміў, што адміністрацыя «ў агульных рысах раскажа пра прынцыпы і прыярытэты» ў сераду.

Стаўшы прэзідэнтам, Трамп з цяжкасцю прасоўвае сваё бачанне ўнутранай палітыкі, уключаючы падаткаабкладанне, нягледзячы на тое, што Рэспубліканская партыя кантралюе абедзве палаты ў Кангрэсе. Праз тыдзень споўніцца 100 дзён з часу ягонага ўступлення на пасаду, аднак да гэтага часу Трамп не змог дамагчыся змены заканадаўства або ўхвалення прапанаванага ім праекта закона. У большасці ягоных папярэднікаў да гэтага часу на пасадзе прэзідэнта атрымлівалася дамагчыся шэрагу заканадаўчых перамог.

Паводле амерыканскага заканадаўства, толькі Кангрэс мае паўнамоцтвы ўносіць значныя змяненні ў падатковае заканадаўства. У той самы час прэзідэнт часта ўплывае на парадак дня, прапаноўваючы змены.

«Мы гаворым пра ўсёабдымную рэформу падатковага заканадаўства, якая прадугледжвае зніжэнне падаткаў для фізічных асобаў, спрашчэнне нашай занадта складанай сістэмы і стварэнне працоўных месцаў, дзякуючы павышэнню канкурэнтаздольнасці амерыканскага бізнэсу», – сказаў супрацоўнік адміністрацыі.

Будучы кандыдатам у прэзідэнты, Трамп даў падставу завышаным чаканням на фінансавых рынках і сярод бізнэс-супольнасці пра тое, што складаная падатковая сістэма, у якой поўна выкрутаў, будзе рэфармаваная. У сваёй праграме «Кантракт з амерыканскімі выбарнікамі» Трамп абяцаў разам з Кангрэсам заняцца падатковым заканадаўствам «у першыя 100 дзён працы ягонай адміністрацыі».

Згодна з заяўленым планам дзеянняў, падаткі павінны быць значна зніжаныя для сярэдняга класу і бізнэсу, колькасць прыступак у падатковай шкале павінна быць зменшаная з сямі да трох. Акрамя гэтых прапановаў, праграма прадугледжвала спрашчэнне падатковых дэкларацыяў і падатковыя канікулы для рэпатрыяваных з афшораў прыбыткаў кампаній.

З тых часоў Трамп не прапанаваў афіцыйнага плана ці прапановаў у рэформе падатковага заканадаўства. Час ад часу ён выказваўся ў падтрымку плана, распрацаванага рэспубліканцамі ў Палаце прадстаўнікоў, аднак на сёння невядома, якой пазіцыі прэзідэнт прытрымліваецца з нагоды падатку на імпарт.

У лютым Трамп паабяцаў даць «фенаменальны» план у рэформе падатковай сістэмы цягам некалькіх тыдняў, не ўдаючыся ў падрабязнасці. План так і не быў пададзены. Калі ў мінулым месяцы ў Кангрэсе правалілася падтрыманая кіраўніком Белага Дому спроба адмяніць закон пра ахову здароўя, вядомы як Obamacare, прэзідэнт сказаў, што сканцэнтруе намаганні на падатках.

Як заявіў у чацвер міністр фінансаў Стывен Мнучын, ён чакае, што Кангрэс ухваліць план рэформы падатковай сістэмы сёлета.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках