24 красавiка 2024, Серада, 18:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Медыкі назвалі самыя карысныя напоі

8
Медыкі назвалі самыя карысныя напоі
ФОТА: MAGMENS.COM

Якую вадкасць неабходна піць, каб арганізм працаваў як гадзіннік.

Каб арганізм працаваў як гадзіннік, лекары раяць выпіваць за дзень прыкладна 2 літры вадкасці. Але якую менавіта вадкасць неабходна піць?

Хтосьці цэлымі днямі п'е каву і мяркуе, што гэтай вадкасці арганізму цалкам дастаткова, хтосьці аддае перавагу салодкай газіроўцы, а для кагосьці галоўнае – зарадзіцца «порцыяй» алкаголю. Пра тое, якія напоі самыя карысныя для арганізма, распавёў лекар-гастраэнтэролаг Вячаслаў Скарапад. Ягонае меркаванне публікуе health info са спасылкай на ТСН.

Першае месца з пункту гледжання карыснасці займае якасная пітная вада: крынічная, калодзежная, мінералізаваная. Можна піць і вадаправодную, але яе варта абавязкова прапускаць праз якасны фільтр.

Для таго каб забяспечыць нармальнае страваванне, неабходна ўжываць кісламалочныя прадукты: ражанку, кефір, нарынэ, ёгурт і гэтак далей. Яны паляпшаюць мікрафлору кішачніка і засвойваюцца значна лепш, чым, скажам, малако. Арганізмы многіх людзей, асабліва з узростам, не могуць страваваць цукар з назвай лактоза, які знаходзіцца ў суцэльным малацэ, і таму для такіх людзей лепшыя кісламалочныя напоі.

Вельмі карысныя таксама зёлкавыя гарбаты, напрыклад, мятная. Калі ў такую гарбатку дадаць шыпшыну, разынкі або сухафрукты, то атрымаецца вядомы з даўніх часоў узвар. Менавіта такі напой рыхтавалі нашы прапрабабкі. Ён змяшчае масу карысных мікраэлементаў і вітамінаў. Асаблівасць узвару ў тым, што яго заўсёды можна гатаваць па-рознаму, выкарыстоўваючы новыя спалучэнні інгрэдыентаў, і таму ён ніколі не надакучвае!

Чарговы карысны напой у нашым пераліку – зялёная гарбата. Яна ўмацоўвае сэрца і сасуды, перашкаджае ўзнікненню анкалагічных хваробаў і выводзіць з арганізма шкодныя таксіны. Дарэчы, сёння модна ўжываць і амерыканскі напой матэ, які таксама карысны. Яго гатуюць з высушанага здробненага лісця і маладых парасткаў падуба парагвайскага. Матэ змяшчае менш кафеіну, чым гарбата і кава, пры гэтым налічвае 156 актыўных вітамінаў і мінералаў. Гэты напой называюць танізавальным і энэргетычным.

Калі казаць у цэлым пра сокі, то ў першую чаргу трэба піць тыя, якія робяць з ягадаў і садавіны, што растуць у нашым рэгіёне. Гэта маркоўны, гарбузовы, персікавы, абрыкосавы – яны ўтрымліваюць вялікую колькасць пекціну і караціноіды – папярэднікаў вітаміну А. Бясспрэчна, карысны яблычны і грушавы, а таксама ўсе сокі з ягадаў. Што тычыцца соку з агародніны, напрыклад, капуснага і бурачнага, то яны валодаюць неацэннымі гаючымі ўласцівасцямі, таму заўсёды выкарыстоўваліся ў народнай медыцыне.

Асобная гаворка пра таматны сок. У ім шмат глюкозы і фруктозы, ёсць арганічныя кіслоты, вітаміны і мікраэлементы. Некаторыя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў гэтым соку, аказваюць супрацьзапаленчае і супрацьпухлінавае дзеянне. Акрамя таго, таматавы сок дапамагае выпрацоўцы ў арганізме сератаніну – «гармону радасці». Таматавы сок абмяжоўваць варта толькі тым, хто мае алергію на «чырвоныя» прадукты ці пакутуе ад пякоткі.

Карысны таксама журавінавы морс. Падчас хваробы ён часцяком здольны замяніць антыбіётык праз высокае ўтрыманне бензойнай кіслаты.

Нарэшце, улюбёныя большасцю з нас какаву і шакалад цалкам можна піць для павышэння тонусу арганізма і барацьбы з дэпрэсіяй. Гэтыя напоі вядомыя высокім узроўнем утрымання сератаніну, таму спрыяюць добраму настрою. Аднак варта памятаць, што ўжываць трэба толькі якасныя какаву і шакалад, а не танныя цукеркі з нізкагатунковых інгрэдыентаў.

Напрыканцы пра напоі, якія трэба альбо цалкам выключыць з рацыёну альбо значна абмежаваць. Гэта алкаголь, папулярныя сёння энэргатонікі, а таксама салодкія газаваныя напоі. Чым менш іх ужывае чалавек, тым лепш для яго стрававання і стану арганізма ў цэлым.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках