23 красавiка 2024, aўторак, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа ўказала Лукашэнку на яго месца

95
Еўропа ўказала Лукашэнку на яго месца

Захад не паверыў казкам дыктатара.

Нядаўна адноўлены дыялог Беларусі з ЕЗ можа быць прыпынены праз апошнія жорсткія дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў. У гэтым беларускі кіраўнік прызнаўся, выступаючы са «зваротам да народа і парламента», піша карэспандэнт «Независимой газеты» ў Беларусі Антон Хадасевіч.

«Няўжо назад вяртаемся да таго, з чаго пачыналі», – абураўся Аляксандр Лукашэнка, гаворачы пра цяперашні стан беларуска-еўрапейскіх стасункаў. Ён прызнаўся, што нядаўна ажыўшы «дыялог» зноў тармозіцца праз негатыўную ацэнку еўрапейскімі чыноўнікамі дзеянняў беларускіх уладаў падчас мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка і напярэдадні гэтай падзеі. «Спыніце нас панукваць – «вось вы ўжылі нейкую празмерную сілу», – распавёў Лукашэнка аб рэакцыі ЕЗ на беларускія падзеі. Нагадаем, што праваабаронцы налічылі тады блізу тысячы затрыманых. Людзей па-за залежнасці ад узросту і мэты знаходжання ў цэнтры горада падчас акцыі апазіцыі хапалі, збівалі і груба закідвалі ў так званыя аўтазакі – камеры на колах вытворчасці МАЗ.

Паводле слоў Лукашэнкі, пасля гэтых падзей міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ўжо не прымаюць у Еўропе з распасцёртымі абдымкамі. «Гэты Макей ужо баіцца да вас ехаць. Ён ужо высах. Як ні прыедзе, то там празмерная сіла, то там», – сказаў дыктатар.

Раней СМІ неаднаразова пісалі пра тое, што «дыялог» Менска і Брусэля хоць і ідзе, што відаць па колькасці візітаў у Менск еўрапейскіх чыноўнікаў, але змест яго шырокай грамадскасці невядомы. У сваіх публічных заявах бакі, у тым ліку і беларускія, устрымліваліся ад канкрэтных заяў. Дарэчы, спічрайтэры Лукашэнку рэкамендавалі і гэтым разам зрабіць такім жа чынам. З «паперкі» ён прачытаў, што Беларусі «жыццёва неабходна ўжо сёлета істотна прасунуцца ў дасягненні паўнавартаснага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках» з Еўрапейскім звязам», што ён вельмі ўдзячны ЕЗ за скасаванне абмежавальных мер і «развіццё розных двухбаковых інструментаў палітычнага дыялогу». Аднак затым Лукашэнка не вытрымаў, адышоў ад напісанага дакладу і даў волю эмоцыям. Як правіла, так рэзка, груба і эмацыйна беларускі кіраўнік выказваецца, калі абмеркаванне нейкага пытання заходзіць у тупік. Так было і ў стасунках з Расеяй, калі падчас нафтагазавага канфлікту ён не толькі адмовіўся падпісваць Мытны кодэкс, але і не паехаў на Савет ЕАЭС і папярэдзіў, што адклікае сваіх прадстаўнікоў з еўразійскіх структур.

Мяркуючы па ўсім, цяпер заходзяць у тупік адносіны з ЕЗ. Паказальна, што менавіта толькі з Еўропай. Да ЗША ў Лукашэнкі прэтэнзій няма. «Сёння мы кажам і слухаем адзін аднаго», – ацаніў ён узровень двухбаковага ўзаемадзеяння з гэтай краінай.

Цалкам магчыма, што ў гэтай сітуацыі, і без таго няпростыя перамовы з МВФ стануць яшчэ больш складанымі. Лукашэнка «раскрыў некаторыя сакрэты» дыялогу і з гэтай структурай. Афіцыйны Менск не гатовы адыходзіць ад перакрыжаванага субсідавання ў эканоміцы найбліжэйшыя год-паўтара, як таго патрабуе МВФ, бо гэта прывядзе да неабходнасці павысіць кошт тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва. «Мы не можам за адзін раз за год-паўтара зрабіць 100% плату жыллёва-камунальных паслуг, таму што будуць велізарныя неплацяжы і гэта дэстабілізуе абстаноўку ў грамадстве», – растлумачыў дыктатар. З ягоных слоў, экспэрты МВФ пагадзіліся з тым, што тэрмін будзе павялічаны да 4-5 гадоў. Адмаўляецца Менск і рэфармаваць дзяржсектар, неэфектыўнасць якога становіцца ўжо пагрозай і для эканомікі, і для банкаўскага сектара. Раней ішла гаворка пра тое, што дзяржпрадпрыемствы адсартуюць па прынцыпе «захоўваць», «банкрутаваць», «прадаваць». Для пакінутых выпрацуюць правілы працы, дадуць ім гаспадарчую самастойнасць і выведуць з-пад прамога кіравання галіновымі міністэрствамі і перавядуць у падпарадкаванне Дзяржкаммаёмасці. «Гэта бухгалтэрыя», – ахарактарызаваў Лукашэнка гэта ведамства і заявіў, што кіраваць прадпрыемствамі яно не здольнае.

На думку экспэртаў, не спадабаюцца фонду і іншыя заявы кіраўніка Беларусі з нагоды эканамічнай палітыкі. Ён заявіў, што ніякай лібералізацыі там не будзе, і загадаў міністру гандлю і антыманапольнага рэгулявання вярнуцца да ранейшай практыцы рэгулявання цэнаўтварэння.

Мяркуючы па сказанаму Лукашэнкі, Еўропа не паверыла ў створаную беларускімі прапагандыстамі ідэю, што пасадкі, затрыманні і збіцці апошняга часу былі выкліканыя пагрозай дэстабілізацыі звонку. Праўда, гэта не перашкодзіла беларускаму кіраўніку ўзгадаць яе ў сваім пасланні: «Людзі з боепрыпасамі, са зброяй з усіх бакоў пруць у краіну».

Непераканаўчай гэтую версію мясцовыя назіральнікі і праваабаронцы лічаць таму, што ніякіх пацверджанняў ёй не знаходзіцца. Напрыклад, гісторыя з аўтамабілем зброі, які прарываўся з Украіны, так і не атрымала працягу, і пад ціскам украінскага боку беларускія памежнікі фактычна самі ад яе адмовіліся. Пакуль уладам не ўдалося даказаць, што дзіцячы лагер пад Бабруйскам рыхтаваў «баевікоў», як не знайшлося доказаў існавання такіх «лагераў» і ў Польшчы, і ў Літве. «Лукашэнка атрымаў цяжкую маральна-псіхалагічную траўму», – кажа палітолаг Валерый Карбалевіч аб рэакцыі дыктатара на сацыяльныя пратэсты насельніцтва супраць зніжэння ўзроўню жыцця і эканамічнай палітыкі ўлады, якія прайшлі ў сакавіку.

Напісаць каментар 95

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках