19 красавiка 2024, Пятніца, 4:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі дэпутат: На БелАЭС дзейнічае ўстаноўка хаваць інфармацыю

4
Літоўскі дэпутат: На БелАЭС дзейнічае ўстаноўка хаваць інфармацыю

Беларускія ўлады з самага пачатку ператварылі будоўлю ў маштабную правакацыю.

Былы дарадца прэзідэнта Літвы, сябра Камітэта ў ахове навакольнага асяроддзя літоўскага Сейма і парламенцкай камісіі ў пытаннях будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі Лінас Бальсіс у інтэрв'ю DW крытычна ацаніў заявы беларускіх уладаў аб «палітычных» прэтэнзіях Вільні да АЭС, якая будуецца ў Астраўцы. На думку дэпутата, Менск абавязаны падаваць усю інфармацыю, звязаную з бяспекай атамнага аб'екта ў адпаведнасці з падпісанымі міжнароднымі дамовамі.

«Чыста палітычнымі» ўважае патрабаванні літоўскага боку першы намеснік міністра ў надзвычайных сітуацыях Беларусі Васіль Сцепаненка. Пра гэта ён паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 20 красавіка. А кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з грамадскасцю 3 лютага назваў «лухтою» заклапочанасць Літвы бяспекай БелАЭС.

- У Менску ўпэўненыя, што Вільня не можа выставіць тэхнічных прэтэнзій да будоўлі беларускай АЭС, а патрабаванні носяць палітычны характар. Як вы гэта ацэньваеце?

- Тут няма палітыкі. Гэта законная трывога, таму што за 50 км ад сталіцы Літвы будуецца ядзерны монстр, які пачаў узводзіцца без праектнай дакументацыі з усякага роду інцыдэнтамі і без дэталёвай інфармацыі, якая павінна была б паведамляцца суседзям. Усе нашы пытанні да Менска - у асноўным, тэхнічныя. Мы іх задаём з 2010 года і не атрымліваем адказу. Самае важнае з іх - чаму для будоўлі была абраная менавіта пляцоўка ў Астраўцы. Нам вядома, што яна знаходзіцца на геаграфічным пласце, схільным да рызыкі землятрусу.

Справа ў тым, што місіі SEED МАГАТЭ, якія прыязджаюць у Беларусь, могуць займацца кантролем толькі тых модуляў, якія выстаўляе беларускі бок. Але для ацэнкі МАГАТЭ Менск ні разу не прапанаваў пытанне аб мэтазгоднасці выбару астравецкай пляцоўкі для АЭС, хоць менавіта гэтага дамагалася Літва.

Акрамя таго, мы не ведаем, як будзе дзейнічаць сістэма астуджэння рэактараў на АЭС. Плануецца, што вада будзе забірацца з ракі Віліі, якая цячэ праз Вільню. Але ці сапраўды будзе выкананы закрыты цыкл выкарыстання гэтай вады для патрэб астуджэння або ж частка вады будзе спускацца назад у раку? Ці не паднімецца ад гэтага тэмпература ў рацэ?

Ёсць і іншыя пытанні - наколькі ўстойлівай апынецца АЭС да падзення самалёта? Па праектнай дакументацыі беларускі бок не плануе будаваць ахоўны саркафаг вакол рэактараў. Чаму? Напрыклад, у праекце «Расатама» для АЭС у Фінляндыі такі саркафаг прадугледжаны, як і многія іншыя меры бяспекі.

Міжнародныя канвенцыі «Эспа» і «Орхус», падпісаныя Беларуссю, абавязваюць яе падаваць усю аператыўную і актуальную інфармацыю краінам-суседзям. Але тое, што мы толькі аднойчы атрымалі з Менска, быў Google-пераклад на літоўскую мову, з якога нам цяжка што-небудзь зразумець. А беларускі бок падае гэта як адказы на пытанні Вільні, называючы іх чамусьці палітычнымі.

- МЗС Літвы ў 2016 годзе заяўляла аб 6 няштатных сітуацыях на БелАЭС. Адкуль афіцыйная Вільня атрымлівае інфармацыю такога роду?

- Ніякіх паведамленняў ад беларускіх службаў, якія павінны клапаціцца аб бяспецы атамнай станцыі, у Літвы няма. Усё, што мы ведаем, паступае да нас нефармальнымі шляхамі - з незалежных крыніц, ад беларускіх актывістаў. Калі на будоўлі АЭС загінулі двое работнікаў, мы пра гэта даведаліся са СМІ. Частка фактаў беларускі бок вымушаны прызнаць, частку адмаўляе.

Гэта лішні раз даводзіць, што ў Беларусі, як у савецкі час, ёсць адмысловая ўстаноўка хаваць непажаданую інфармацыю пра інцыдэнты. Пры гэтым мы пастаянна чуем з Менска запэўніванні, што на атамнай станцыі ўсё выдатна. А потым высвятляецца, што першы корпус рэактара вагай 330 тон пры ўсталёўцы выпусцілі з 4 метраў, а другі корпус пры транспартаванні па чыгунцы ўдарылі аб металічныя канструкцыі.

Дарэчы, адзін з гэтых карпусоў ужо быў усталяваны на АЭС 1 красавіка. Камісія на месцы вырашыла, што ўсё ў парадку. Але мы не можам пракантраляваць, ці ёсць там хоць нейкая драпіна, якая можа з часам вырасці ў расколіну.

- Афіцыйныя СМІ Беларусі паведамілі, што на АЭС у Астраўцы ўжо былі праведзены стрэс-тэсты сістэмы бяспекі, на якіх намагаў літоўскі бок.

- Менск рапартуе, што там штосьці праводзіць, але ў нас няма довадаў, з якім вынікам. Недастаткова паведамляць у СМІ аб праведзеных стрэс-тэстах. Трэба інфармаваць суседзяў і праводзіць тэставанне ў адпаведнасці з пэўным рэгламентам, з запрашэннем спецыялістаў, якія б ажыццяўлялі незалежны кантроль.

А нядаўна ў Беларусь чамусьці не пусцілі прадстаўнікоў Еўрапарламента, у тым ліку і ад Літвы, якія як раз хацелі абмеркаваць з уладамі пытанні, звязаныя з бяспекай будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

- Аднак беларускі бок сцвярджае, што з 2014 года спрабуе і не можа заключыць з Літвой дамову пра абмен інфармацыі па АЭС. Пра які дакумент ідзе гаворка?

- Па-першае, ніякія асобныя дамоўленасці Менска з Вільняй не патрэбныя. Трэба проста сумленна і шчыра працаваць у адпаведнасці з падпісанымі міжнароднымі канвенцыямі і падаваць неабходную інфармацыю аб будоўлі.

Па-другое, працуючы ў Сейме Літвы, я не бачыў афіцыйных дакументаў, якія з 2014 года прапаноўваліся б Беларуссю для супрацоўніцтва. Магу паручыцца, што іх у нас няма. Усё, што я ведаю - мы задаём пытанні і не атрымліваем адказаў.

Літва шануе Беларусь як гандлёвага партнёра і пастаўшчыка грузаў праз нашу тэрыторыю, але гэта не значыць, што праз эканамічныя выгады мы будзем скрозь пальцы глядзець на бяспеку ядзернага аб'екта, які будуецца ў нас пад вокнамі. Нам не абыякавы таксама і лёс жыхароў Беларусі. Гэтая краіна сур'ёзна пацярпела ад Чарнобыльскай аварыі. Няўжо з такога мінулага нельга засвоіць урокі?

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках