18 красавiка 2024, Чацвер, 19:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністэрства адукацыі адмовілася спыніць русіфікацыю польскіх школ у Горадні

9
Міністэрства адукацыі адмовілася спыніць русіфікацыю польскіх школ у Горадні

Улады праігнаравалі патрабаванне амаль 400 сем'яў.

Бацькі дзяцей, якія навучаюцца ў гарадзенскай польскамоўнай школе атрымалі адмоўны адказ на свой ліст у Міністэрства адукацыі Беларусі, які падпісалі 380 чалавек.

Як паведаміў «Белсату» адзін з бацькоў Веслаў Кеўляк, ліст прыйшоў некалькі дзён таму. Некаторыя з бацькоў вучняў школы № 36 у Горадні адразу сабраліся на нараду. Падчас бурнага абмеркавання бацькі наважылі, што не пагаджаюцца з пастановай і будуць рабіць далейшыя крокі для скасавання запланаваных змен у польскіх школах.

«Вельмі дзіўна, што ў сваім адказе Міністэрства адукацыі абсалютна не лічыцца з меркаваннем грамадзян Беларусі. У абгрунтаванні прадстаўлены незразумелыя аргументы. Калі спыталі прычыны, чаму ўводзяцца такія змены ў Кодэкс, нам адказалі, што прычына — нізкі ўзровень навучання ў польскіх школах і адсутнасць канкурэнтаздольнасці. Афіцыйная статыстыка паведамляе, што польскія школы як у Горадні, так і Ваўкавыску маюць высокі ўзровень навучання. Нядаўна трое вучняў нашай школы сталі аднымі з пераможцаў на абласной алімпіядзе па матэматыцы. Гэта вялікі поспех для школы. Акрамя таго 80% выпускнікоў летась паступіла ў ВНУ. Гэта добры паказчык канкурэнтаздольнасці», — гаворыць Веслаў Кеўляк.

Калі змены ў Кодэксе аб адукацыі адбудуцца, праз 2 гады пяць прадметаў будуць пераведзены з польскай на дзяржаўную (хутчэй за ўсё рускую — заўв. «Белсат») мову навучання. А ўсе экзамены вучні будуць вымушаныя здаваць па-расейску або па-беларуску, хоць на працягу ўсіх гадоў навучання прадметы вяліся на польскай мове, між іншым і матэматыка.

«Які сэнс вучыцца на польскай мове, калі экзамены прыйдзецца здаваць на расейскай ці беларускай? Нас вельмі турбуе, што ў гэтых папраўках плануецца даць магчымасць мясцовым органам адукацыі спіс гэтых прадметаў пашыраць. Кожны загадчык аддзелам адукацыі можа сваім загадам перавесці прадмет з польскай мовы на іншую. Гэта парушае нашыя правы як нацыянальнай меншасці. Польская школа існуе больш за 20 гадоў. Са сцен гэтай школы выйшла шмат дзяцей. Мы ўважаем, што калі ўсё добра працуе, калі школы паказваюць добры ўзровень навучання, навошта гэта мяняць? Мы не згаджаемся з папраўкамі і будзем пратэставаць усімі законнымі спосабамі, якія дазваляе беларускае права, — дадае Веслаў Кеўляк.

Праект Кодэкса аб адукацыі быў апублікаваны ў лютым 2017 года і на разгляд «палаты прадстаўнікоў» павінен быць вынесены да ліпеня. Як выказалася на сустрэчы з бацькамі ў сакавіку прадстаўніца Мінадукацыі Ірына Каржова, «выкладанне некаторых прадметаў па-расейску ці па-беларуску палепшыць умовы сацыялізацыі дзяцей у грамадстве і дазволіць ім больш паспяхова здаваць экзамены і працягваць навучанне не толькі ў Польшчы». Самі бацькі з такім абгрунтаваннем не згаджаюцца.

Мінулы ліст у Міністэрства адукацыі Беларусі падпісала 380 бацькоў. Гэтым разам са сваёй скаргай бацькі плануюць аб'яднацца з польскай школай у Ваўкавыску і двума літоўскімі школамі. Таксама бацькі ўспамінаюць, што згодна з польска-беларускім пагадненнямі школа будавалася за польскія грошы для адукацыі на польскай мове.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках