28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Каштуем дранікі і салянку, падабаецца беларускі лес»

7
«Каштуем дранікі і салянку, падабаецца беларускі лес»

Пяць гісторый бязвізавых турыстаў у Менску.

Бязвізавы рэжым на пяць дзён у Беларусі працуе з лютага. На пачатак красавіка такой магчымасцю скарысталіся блізу васьмі тысяч замежнікаў. Што думаюць «бязвізавыя турысты» аб новаўвядзенні і ці падабаецца ім адпачываць у Менску? Партал tut.by апытаў пецярых гасцей беларускай сталіцы.

«Бязвізавы рэжым дапамог зэканоміць час»

Бенуа Мармілод (Benoit Marmillod), 25 гадоў, прыехаў у Беларусь з Вільні. Ён француз, але цяпер жыве ў Літве і працуе мэнэджэрам праекта. Пра бязвізавы рэжым даведаўся ад сяброў з Беларусі, затым прачытаў некалькі артыкулаў, якія ўбачыў на старонках сяброў у Facebook.

— Упершыню ў Беларусь я прыехаў у 2013 годзе. З таго часу прыязджаю сюды кожны год, каб наведаць сяброў. У цэлым я быў у Беларусі пяць разоў. І кожны раз прыязджаў з візай, толькі цяпер — без яе, — распавядае ён.

У Беларусь Бенуа зноў запрасілі сябры.

— Нічога асаблівага пра беларускую культуру да паездкі я не ведаў, і, сапраўды, адкрыў для сябе Беларусь. Бязвізавы рэжым дапамог мне зэканоміць час. Калі б рабіў візу, то трэба было б выдаткаваць працоўны дзень на тое, каб забраць запрашэнне, чакаць у чарзе ў пасольстве на падачу дакументаў, затым зноў чакаць у чарзе, каб забраць пашпарт... Пры гэтым віза каштавала 60 еўраў. Столькі ж, колькі і квіток на самалёт, — кажа ён.

Пашпартны кантроль у аэрапорце малады чалавек прайшоў за некалькі хвілін. Памежнікі толькі спыталі, ці ёсць у яго страхоўка.

Са слоў Бенуа, нягледзячы на тое, што Беларусь знаходзіцца побач з краінамі ЕЗ, яна многім адрозніваецца: алфавітам, культурай, архітэктурай.

— Цяпер я вучу расейскую мову і імкнуся, каб больш даведацца пра людзей, якія жывуць у Беларусі. Таму падчас наступнай паездкі планую наведаць не толькі Менск, але і іншыя гарады, вёскі.

Бенуа кажа, што было б добра, калі б без візы можна было ўязджаць у Беларусь не толькі праз аэрапорт.

«Не гавару на беларускай ці расейскай мове, але па-польску мяне разумелі»

Караліна Шумская (Karolina Szumska) прыехала ў Беларусь з Польшчы. Яна памочнік па SEO на тэлевізіі і мэнэджар футбольнага фанацкага клуба AKS ZŁY. Пра бязвізавы рэжым даведалася з інтэрнэту і на наступны жа дзень купіла білет на самалёт у Менск.

— У Беларусь я прыехала ўпершыню, але гэта не апошняя мая паездка сюды. У мяне была мара — наведаць вашу краіну. Адсутнасць візы дапамагла яе ажыццявіць. У мяне шмат сяброў з Беларусі, і я б прыехала сюды ў любым выпадку, але, магчыма, у іншы час, — кажа яна.

У Менску Караліна арандавала кватэру. Яна паспела схадзіць на канцэрт Brutto, пагуляла па парку Горкага, цэнтру горада, пахадзіла па крамах і рэстарацыях.

— У мяне не было ніякіх праблем падчас паездкі. Я не гавару на беларускай і расейскай мовах, але па-польску мяне разумелі, — адзначае яна.

У плане бязвізавага рэжым Караліна рэкамендуе павялічыць колькасць дзён і абяцае прыехаць да нас яшчэ летам.

«З візай мне трэба было больш за гадзіну, каб выйсці з аэрапорта»

Паскаль Медавар (Pascal Medawar), 46 гадоў, працуе тэхнічным дырэктарам у ІТ-кампаніі. Кажа, што ён «напалову ліванец, напалову кіпрыёт».

Пра пяцідзённы бязвізавы рэжым яму распавяла жонка-беларуска. Раней ён ужо прыязджаў у нашу краіну. Яму тут падабаецца «холад, дрэвы і лес».

— Віза была для мяне праблемай. Яна дарагая, і яе няпроста атрымаць. Не думаю, што прыязджаў бы ў Беларусь, калі б візу не скасавалі, — адзначае ён.

Кантрольна-прапускны пункт у аэрапорце Паскаль перасёк нашмат хутчэй, чым раней, калі трэба было рабіць беларускую візу:

— Раней мне трэба было больш за гадзіну, каб выйсці з аэрапорта. Цяпер у мяне спыталі аб наяўнасці страхоўкі, тэрмінах яе дзеянні і зоне пакрыцця.

Падчас гэтай паездкі Паскаль быў у менскім цырку, хадзіў па крамах.

— Для мяне было сюрпрызам, наколькі Беларусь прыязная краіна, нягледзячы на моўны бар'ер. У вас чыстыя вуліцы і тратуары, кіроўцы выконваюць правілы дарожнага руху, бяспечна гуляць, — кажа ён.

Паскаль мяркуе, што бязвізавы рэжым варта падоўжыць як мінімум на два тыдні:

— Краіна вялікая, і ёсць шмат месцаў, якія турыст захоча наведаць. А чым больш чалавек будзе знаходзіцца ў краіне, тым больш грошай ён выдаткуе.

«Калі б у краіне было больш людзей, якія гавораць па-ангельску»

Ганна Ёрк (Anna York), 57 гадоў, прыехала ў Беларусь з Паўночнай Ірландыі. Па прафесіі яна кухар. У Беларусі ў яе жывуць родныя: дачка, яе муж і ўнукі. Таму ў нас у краіне яна была ўжо дзесяць разоў.

— Прайшла мяжу ў аэрапорце за 15 хвілін, але я чакала, што на гэта спатрэбіцца пэўны час. Калі б у краіне было больш людзей, якія гавораць па-ангельску, было б выдатна, — каментуе яна.

Ганна спадзяецца, што дзякуючы бязвізаваму рэжыму будзе прыязджаць у Беларусь часцей.

«Турысты абавязкова павінны наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны»

Тэхнічны работнік Брэма Вербруге (Bram Verbrugghe), 27 гадоў, прыляцеў у Менск з Бельгіі. Яго дзяўчына — беларуска. Яна і распавяла пра бязвізавы рэжым.

У Менску ён атрымліваў асалоду ад мясцовай кухні. Спрабаваў «дранікі, сырнікі, салянку». Хадзіў у музей Вялікай Айчыннай вайны.

— Турысты абавязкова павінны наведаць гэты музей, каб зразумець багатую гісторыю Менска. Яшчэ я ездзіў на экскурсійным аўтобусе па горадзе. Рэкамендую такое падарожжа, калі цёмна: Менск вечарам прыгожы, — кажа ён.

У наступны раз Брэма плануе наведаць Берасце.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках