19 красавiка 2024, Пятніца, 11:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фанаты Navi: Мы не змаглі купіць квіткі на «Еўравізію», але ўсё адно едзем у Кіеў

Фанаты Navi: Мы не змаглі купіць квіткі на «Еўравізію», але ўсё адно едзем у Кіеў
ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

Прыхільнікі музыкаў зладзілі флэшмоб з сотнямі сэрцаў падчас адпраўлення Ксюшы і Арцёма на знакаміты конкурс.

У суботу 22 красавіка ў Палацы прафзвязаў Naviband праводзілі на «Еўравізію». На кожным крэсле ў зале ляжалі рознакаляровыя сэрцы і інструкцыя ад navibandarmy, у які момант іх падымаць. Самі музыкі вызначылі развітацца з фанатамі ва ўтульным фармаце: пад кантрабас, акустычныя гітары і раяль, на якім грала Ксенія Жук, паведамляе «Еўрарадыё».

«Я вельмі люблю беларускую мову, вучуся ў гімназіі №14, таму мне вельмі прыемна, што нашу мову не забываюць, на ёй спяваюць», - кажа 10-гадовая Аліна «з рожкамі», як у Ксюшы. Яе мама Анастасія дадае: «Мы зычым гурту перамогі. Гэта вельмі добра, што цяпер беларусаў убачаць такімі, якім ёсць Naviband, якімі ёсць Ксюша і Арцём, бо яны сапраўдныя беларусы».

Пра любоў да Naviband у тым ліку праз мову кажуць многія нашы суразмоўцы. Самі музыкі на сцэне карыстаюцца дзвюма мовамі, што дае магчымасць іх зразумець і замежным фанатамі.

«Я фанатка «Еўравізіі» і Naviband, - распавядае Ганна, якая разам з бацькамі прыехала на канцэрт са Смаленска. - Мне падабаюцца ўсе прадстаўнікі Беларусі - іх класна рыхтуюць, узровень расце, чакаем, калі «Еўравізія» прыедзе ў Менск. У Кіеў мы не паедзем, бо наша прадстаўніца Юлія Самойлава адмовілася ўдзельнічаць. Таму ўся наша любоў перанеслася цяпер на Беларусь. Мы нават былі на прэ-паці ў Амстэрдаме і таксама заўзелі за Naviband».

Цяперашні канцэрт Naviband здаецца больш сур’ёзным і ўдумлівым у параўнанні з вялікім энэргетычным сольнікам у Re: Public 14 лютага. Хоць фаны і крычаць, што ім больш да спадобы танцавальныя выступы гурта, сама Ксюша са сцэны кажа, што гісторыя з «Еўравізіяй» зрабіла гурт больш дарослым.

«Гэта быў адзін з нашых самых інтымных і тонкіх канцэртаў, - дадае Арцём Лук'яненка пасля выступу. - Мы ўпершыню гралі такім складам. Было складана знайсці час, але нам вельмі хацелася выказаць падзяку людзям, дзеля якіх мы ўсё гэта робім. Гэтыя эмоцыі былі нам неабходныя. Калі мы будзем стаяць на сцэне «Еўравізіі», мы будзем думаць пра сённяшні канцэрт, пра людзей, якія на яго прыйшлі, бо яны - наш якар».

Сярод наведвальнікаў канцэрту ў нас атрымалася знайсці і тых, хто едзе падтрымліваць Арцёма і Ксюшу ў Кіеў:

«Так здарылася, што квіткі мы не паспелі купіць, бо гэта было цяжка зрабіць праз чаргу на сайце. Але мы ўсё адно едзем туды падтрымліваць іх душой і думкамі. Я еду са сваімі сябрамі, нас пакуль трое. Але едзе шмат знаёмых, прынамсі, палова БДУ», - кажа Аліна.

1 траўня Naviband ляцяць у Кіеў. 3-га - упершыню выйдуць на сцэну «Еўравізіі» на рэпетыцыю. 11-га траўня музыкі выступяць пад нумарам 14 у другім паўфінале.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках