23 красавiка 2024, aўторак, 23:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты памаліліся ў «віцебскіх Курапатах»

Актывісты памаліліся ў «віцебскіх Курапатах»

Віцебцы ўшанавалі памяць сваіх землякоў.

З 2014 года, калі ў лесе пад Хайсамі былі знойдзеныя парэшткі людзей, і пачалася дзейнасць ініцыятывы на чале з сябрам КХП-БНФ Янам Дзяржаўцавым, піша грамадская актывістка Таццяна Севярынец на сайце bchd.info.

Шмат намаганняў зрабілі сябры, каб гэтае месца ўшанаваць і зрабіць месцам памяці, смутку, пакаяння, але чыноўнікі ніяк не згаджаюцца з тым, што менавіта тут, пад вёсачкай Хайсы Мазалаўскага сельсавета, у 30-я гады мінулага стагоддзя былі закатаваныя сотні, а то і тысячы нявінных. Першыя, блізу двухсот, знойдзеныя 52-м пошукавым батальёнам, былі пахаваныя ў брацкай магіле на станцыі «Лужасна», як расстраляныя падчас вайны.

Але не дажылі да яе пакутнікі - і гэта ініцыятыва, якая не першы раз спрабуе гэта давесці. Створаныя дзясяткі відэазапісаў успамінаў мясцовых жыхароў, што сведчыць: менавіта ў гэтым лесе супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей, па начах чуліся крыкі і стрэлы, зямля ў лесе варушылася, невыносны пах смерці даносіўся да вёскі, а ў лес не пускалі, ды і людзі сёння яго пазбягаюць. Знойдзеныя чарапы з дзіркамі ад куль, кулі, якія з гэтых чэрапаў павыпадалі, шмат рэшткаў адзення і абутку. Напэўна, расстрэльвалі людзей або ранняй вясной, або ўвосень, бо сярод абутку шмат гумовых галёшаў, якія ў той час насілі.

Як толькі сышоў снег, у лесе з'явіліся «чорныя капальнікі», якія добра ведалі: тут ёсць чым пажывіцца. Гэтым стварэнням у чалавечым абліччы не патрэбныя пралескі, ім трэба тое, чым нашпігаваная зямля. Яны бессаромна капаюць ямы, з тупой абыякавасцю раскідваюць косткі ў пошуках залатых зубоў і чагосьці каштоўнага, што няшчасныя, якія не верылі ў свой страшны лёс, бралі з сабой - знаходзіліся сярод костак нават кубачкі, талеркі, шкло ад акуляраў, алоўкі - мы гэта ўбачылі на ўласныя вочы, калі прыйшлі 24-га красавіка на іншае месца, якое стала вядомым літаральна месяц таму - за метраў пяцьсот ад таго, дзе былі знойдзеныя першыя астанкі, дзе ўжо створаны своеасаблівы мемарыял памяці, пастаўлена шмат крыжоў.

На новых раскопах ужо пабываў 52-і пошукавы батальён, косці сабраў і некуды вывез, але адчуванне такое, што кожны крок у гэтым лесе - па магілах. Як толькі батальён з'ехаў, капальнікі прадоўжылі сваю чорную справу.

У роспачы стаялі мы сярод костак, чэрапаў, рэшткаў абутку...Малітва айца Дзмітрыя ўзносілася да неба - сведкі ўсіх часоў, усіх злачынстваў.

Колькі людзей згінула тут, у гэтай няветлай балоцістай зямлі, колькі смеху і спеваў не пачута!...

І яшчэ падумалася: пакуль не прызнае ўлада, што і гэта месца павінна стаць мемарыялам памяці, як сімвал пакаяння за злачынствы супраць чалавека - не бачыць беларусам дабра. Пакуль пачвары, прагныя да страшнага ўлову, беспакарана капаюцца ў чалавечых парэштках - не быць нам шчаслівымі...

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках