25 красавiка 2024, Чацвер, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мост на Нямізе адрамантуюць за $1,5 мільёна

13
Мост на Нямізе адрамантуюць за $1,5 мільёна
ФОТА: TUT.BY

Меркаваны тэрмін правядзення мадэрнізацыі - 3,5 месяца.

Да Дня горада ў Менску капітальна адрамантуюць мост на пачатку праспекта Пераможцаў, на што выдаткуюць блізу 3 мільёнаў рублёў бюджэтных грошай. Tut.by даведаўся, з чым звязаная патрэба работ і як зменіцца гэтае збудаванне ля Нямігі.

У камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менскага гарвыканкама кажуць, што патрэба капітальнага рамонту моста з мадэрнізацыяй абумоўленая некалькімі чыннікамі.

Па-першае, фізічнай спрацаванасцю канструкцый і знадворным выглядам аб'екта. Па-другое, агульнай канцэпцыяй развіцця праспекта Пераможцаў, на пачатку якога і знаходзіцца гэтая эстакада. Візуальна сёння яна сапраўды выглядае не найлепшым чынам.

На задуму архітэктараў, пасля мадэрнізацыі мост мае стаць сувязным звяном ансамбля вуліцы Леніна з праспектам Пераможцаў. Для гэтага бетонныя апоры эстакады абкладуць гранітнымі плітамі і ўсталююць восем свяцільняў. Яны будуць падобныя да тых, якія цяпер стаяць на вуліцы Леніна.

На мосце таксама цалкам заменяць агароджу, а замест асфальту на пешаходнай зоне пакладуць тратуарную плітку з узорам у тым ліку ў выглядзе нацыянальнага арнаменту. Некаторыя элементы эстакады будуць выглядаць прыкладна наступным чынам.

Мадэрнізаваны мост адаптуюць і для маламабільных груп насельніцтва. Так, у месцах перасячэння ходніка з праезнай часткай бардзюр панізяць да нуля. Усталююць таксама тактыльныя папераджальныя і накіравальныя паказальнікі для інвалідаў зроку. Падчас капрамонту ўпарадкуюць прывядуць і азеляненне вакол эстакады.

Замоўцам работ выступае сталічны «Гаррамаўтадар». Хутка адбудуцца таргі для выбару выканаўцы, які зоймецца капрамонтам. Вартасць усіх работ з улікам дэмантажу — блізу 3 мільёнаў рублёў, або прыкладна 1,5 мільёна даляраў. Меркаваны тэрмін правядзення мадэрнізацыі — 3,5 месяца. Плануецца, што абноўлены мост будзе гатовы да Дня горада ў верасні.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках