29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем прычын пайсці на «Чарнобыльскі шлях»

5
Сем прычын пайсці на «Чарнобыльскі шлях»
Фота: tut.by

Акцыя ў Менску пачнецца а 18:00 каля кінатэатра «Кастрычнік».

Актывісты суполкі «Рух Баста» прыводзяць сем прычын пайсці на дэманстрацыю.

1. Паводле асабістага указання Лукашэнкі на сталы беларусаў трапляюць гародніна, малако і мяса з раёнаў, якія былі прызнаныя непрыдатнымі для жыцця яшчэ ў савецкі час (Брагін, Хойнікі, Хоцімск і г. д.) — улада проста труціць беларусаў радыяцыяй.

2. У гэтыя ж раёны паводле прымусовага размеркавання адпраўляюць працаваць маладых спецыялістаў, падвяргаючы велізарнай небяспецы іх здароўе і здароўе іх будучых нашчадкаў.

3. У 1986 годзе 1/3 тэрыторыі Беларусі падпала пад радыяцыйнае забруджванне рознай ступені інтэнсіўнасці. Пры гэтым большасць дзяржаўных праграм дапамогі насельніцтву забруджаных тэрыторый пры Лукашэнку былі згорнутыя. Акрамя таго, у Беларусі існуе мыта на замежную гуманітарную дапамогу, што не дазваляе замежнікам аказваць дастатковую падтрымку пацярпелым беларусам.

4. Увесь тэрмін кіравання Лукашэнка планамерна змагаўся з пацярпелымі ад аварыі — паступова скасоўваў розныя льготы і іншыя формы дапамогі. У 2009 годзе беларускіх ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС пазбавілі практычна ўсіх ільготаў, а ў 2013 годзе афіцыйна скасаваны статус ліквідатара аварыі на ЧАЭС.

5. У 2011 годзе распачатая будоўля на БелАЭС. Атамны рэактар для станцыі быў замоўлены ў расейскага завода «Атаммаш», які за апошнія 30 гадоў не вырабіў ніводнага такога агрэгата — беларускі праект для яго, фактычна, эксперыментальны.

6. У снежні 2016 года, падчас транспарціроўкі ў Астравец, ужо заменены пасля падзення корпус рэактара сутыкнуўся з апорай ЛЭП. Ад паўторнай замены корпуса адмовіліся. Таксама беларускія ўлады не дапускаюць спецыялістаў міжнародных атамных арганізацый на будаўніцтва БелАЭС, што не дазваляе даць аб'ектыўную ацэнку бяспекі будучай станцыі.

7. «Чарнобыльскі шлях» — гэта штогадовае (з 1989 года) шэсце памяці і салідарнасці з тымі, хто загінуў і пацярпеў праз найбуйнейшыя тэхнагенныя катастрофы ў гісторыі чалавецтва. У выніку аварыі на ЧАЭС у атмасферу было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасля атамнай бамбардзіроўкі японскага горада Хірасіма. Наш народ прыняў на сябе асноўны ўдар радыяцыі. Удзел у гэтай акцыі — грамадзянскі абавязак кожнага свядомага беларуса.

«Чарнобыльскі шлях» 2017 года пройдзе ў Менску 26 красавіка, у гадавіну аварыі на ЧАЭС. Шэсце пачнецца з мітынгу а 18:00 ля кінатэатра «Кастрычнік». Акцыя санкцыянаваная Менгарвыканкамам — з сабой можна браць сцягі, транспаранты і іншую атрыбутыку.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках