25 красавiка 2024, Чацвер, 15:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Швэдская журналістка: Цень чарнобыльскай катастрофы ўсё яшчэ вісіць над Беларуссю

1
Швэдская журналістка: Цень чарнобыльскай катастрофы ўсё яшчэ вісіць над Беларуссю
ФОТА: SVABODA.ORG

Аварыя на ЧАЭС прымусіла пакінуць родныя месцы сотні тысяч беларускіх вяскоўцаў.

Разам са швэдскімі журналістамі ў Слаўгарадскім, Краснапольскім і Чэрыкаўскім раёнах пабывала «Свабода».

Чарнобыльская катастрофа прымусіла пакінуць родныя месцы сотні тысяч беларускіх вяскоўцаў. Тыя, хто застаўся ў зоне, як і раней, займаюцца сваёй гаспадаркай, і іх асабліва не турбуе, ці памятае пра іх улада. Яны не звяртаюць увагі на небяспеку ад радыяцыі і мяркуюць, што патрэбы адсяляць людзей не было. Пра гэта вяскоўцы распавядалі журналістам са Швэцыі, якія наведалі зону адчужэння.

Яблыневыя сады як сімвалы зніклых вёсак

«Важна шукаць яблыні. Яблыневы сад падказвае, што непадалёк стаяў дом. Цяпер ён пахаваны і на яго месцы высаджаныя хвойкі», - так апісвае адселеную праз радыяцыйнае забруджванне беларускую вёску швэдская журналістка Ганна-Лена Лаўрэн (Anna-Lena Laurén). Яна пабывала ў зоне адчужэння трох раёнаў Магілёўшчыны і зрабіла рэпартаж для газеты Dagens Nyheter.

ГАННА-ЛЕНА ЛАЎРЭН І БЕАТРЫС ЛЮНДБАРГ

Ганна-Лена Лаўрэн са сваёй калегай Беатрыс Люндбарг (Beatrice Lundborg) праехала «чарнобыльскімі» дарогамі Магілёўшчыны некалькі сотняў кіламетраў. Швэдскія госці гутарылі з жыхарамі вёсак, якія дагэтуль, нягледзячы на радыяцыйную небяспеку, трымаюцца свайго роднага кута. Журналісткі ўбачылі бязлюдныя пейзажы, убачылі тое, як беларусы ўпарта трымаюцца сваёй зямелькі, штогод наведваючы могілкі.

У сваім рэпартажы «Пасля Чарнобыля знікла сельскае жыццё» Ганна напісала, што спрабавала ўявіць, якім было жыццё ў адселеных вёсках да катастрофы.

«Дамы, адрыны, навесы. Прасёлкавая дарога вядзе да блізкіх могілак. Магілы ўсё яшчэ там, і штогод яны збіраюць жыхароў, каб на іх адзначыць Радаўніцу. Гэта той край, у якім стасункі з продкамі і роднай зямлёй канкрэтныя і адчувальныя», - адзначыла Ганна-Лена Лаўрэн.

Спыніўшыся ля адной магілы, Ганна папрасіла паказаць, што робяць вяскоўцы тут на Радаўніцу. Швэдкам распавялі пра абрусы, якімі пакрываюць магілы і ручнікі, якія завязваюць на крыж; паказалі, як вяскоўцы абыходзяць магілы сваёй радні, катаюць па іх фарбаваным яйкам і прыгаворваюць «Хрыстос уваскрос!». Іншаземкі ўважліва слухалі.

«Праз 30 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы яе цень усё яшчэ вісіць над Беларуссю. Ніводная іншая краіна так моцна не пацярпела ад яе. 70 адсоткаў радыёактыўных ападкаў выпала тут, і адзін з пяці жыхароў раптам апынуўся на атручанай зямлі. Цэлыя вёскі былі пахаваныя, і людзі не могуць у іх вярнуцца. Катастрофа разбурыла ўсю сельскую культуру», - напісала Ганна-Лена Лаўрэн.

Вяскоўцы з «зоны» здзіўлялі швэдак прастатой узаемастасункаў і гасціннасцю. Насцярожанасць да госцяў хутка знікала. Вяскоўцы-самасёлы расказвалі аб сваім жыцці, хваліліся гаспадаркай. Часам наракалі на праблемы са здароўем, ніяк не звязвалі гэта з радыяцыяй.

Пра 64-гадовую жанчыну з вёскі Дубна Слаўгарадскага раёна Ганна напісала:

«Ніна Перавалава разрываецца паміж домам і куратнікам, кароўнікам і свінарнікам. Яна носіць галёшы, ваўняны швэдар, зялёны пінжак. На ёй чырвоная спадніца-шатландка, фіялетавы шалік на галаве. У яе няма часу, каб пагаварыць з намі, бо занятая гаспадаркай».

Вяскоўцы сталага веку запэўнівалі замежных журналістаў, што неабходнасці пасля Чарнобыля пакідаць родныя месцы, якія трапілі пад радыяцыю, не было. Намагалі: тыя, хто з'ехаў, памерлі.

«Яны не былі шчаслівыя ў сваім новым доме, і цяпер большасць з іх мёртвыя. Мы ж засталіся тут і жывем дагэтуль», - даводзілі гасцям жыхары Дубна. Гэтую простую сялянскую «праўду» і перадала ў сваім матэрыяле Ганна.

«Я п'ю казінае малако, збіраю ягады, грыбы ў лесе. Ямо тое, што вырошчваем на агародзе. У нас ёсць свінні і куры, - казаў аб сваім жыцці яшчэ адзін суразмоўца швэдскім журналістам. - Баляць ногі. Можа, гэта звязана з Чарнобылем, я не ведаю. Усё ж было б лепш, калі б мы нічога не ведалі пра радыяцыю».

Швэдскіх гасцей гаспадары пачаставалі казіным малаком.

«Я адпіваю глыток (гэта смачна) і стаўлю кубак на стол, - адзначае Ганна. - Нашы прыборы паказалі нармальны ўзровень радыяцыі ў гэтай вёсцы, але я не магу прымусіць сябе выпіць. Я адчуваю сорам перад Нінай Перавалавай, але яна нічога не кажа».

«Многія вяскоўцы сталага веку ніколі не пакідалі свайго дома, - адзначыла Ганна. - Яны жылі шчыльнай сялянскай суполкай да 1980-х гадоў, нягледзячы на гвалтоўную калектывізацыю. Дзень 26 красавіка 1986 года перанёс гэта архаічнае грамадства ў ядзерны век. У 200 кіламетрах адсюль адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках