28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мадура губляе кантроль над Венесуэлай

16
Мадура губляе кантроль над Венесуэлай
Нікалас Мадура
ФОТА: REUTERS

Як кіроўца аўтобуса загнаў лацінаамерыканскую краіну ў тупік.

Сітуацыя ў Венесуэле, якая пакутуе ад эканамічнага, валютнага і харчовага крызісу, прадаўжае пагаршацца, піша ghall.com.ua.

Апазіцыя, якая кантралюе 106 месцаў у парламенце з 160, заклікае насельніцтва не спыняцца і выходзіць на вуліцы пасля таго, як Вярхоўны суд дазволіў прэзідэнту Нікаласу Мадура, былому кіроўцу аўтобуса і прафсаюзнаму лідару, дзейнічаць у абыход Нацыянальнай Асамблеі і дэ-факта ўзурпаваць уладу.

З 17 красавіка Мадура вывеў на вуліцы войска.

З канца мінулага тыдня ў Венесуэле спыніў працу амерыканскі канцэрн General Motors пасля таго, як завод GM у Валенсіі быў канфіскаваны ўрадавымі сіламі.

Эканамічная сітуацыя тым часам прадаўжае пагаршацца, нягледзячы на рост коштаў нафты. Курс даляра на чорным рынку ўзляцеў яшчэ ў 4 разы з пачатку года і, паводле звестак dollartoday, дасягнуў гістарычнага максімуму 4911,62 балівара за даляр.

Інфляцыя перавысіла 260% пасля таго, як грашовая маса была павялічаная ўтрая за паўгода, а золатавалютныя рэзервы ўпалі да 15-гадовага мінімуму ў 10,19 млрд даляраў.

Прычым непасрэдна ў валюце ў Венесуэлы засталося крыху больш за 3 млрд даляраў. Рэзервы змяншаюцца, бо іх даводзіцца выдаткоўваць на выплаты вонкавай пазыкі і імпарт прадуктаў харчавання, вытворчасць якіх зменшылася падчас будаўніцтва сацыялістычнага раю.

Апошнюю рату сваім крэдыторам - 2 млрд даляраў - Мадура выплаціў ў сакавіку. Наступную, на 3,5 млрд даляраў, - трэба выплаціць у лістападзе і снежні.

Калі не здарыцца цуду на рынку нафты, гэтая выплата «з'есць» усю даступную венесуэльскаму ЦБ валюту. Прадбачачы такое развіццё падзей, улады краіны пачалі перамовы з амерыканскімі банкамі аб магчымым абмене на даляры залатых зліткаў з рэзерваў, паведамляе Bloomberg.

Золата складае тры чвэрці аб'ёму ЗВР Венесуэлы, або 7,7 млрд даляраў. Аперацыя, як чакаецца, пройдзе ў форме ўгоды «своп» - гэта значыць, зліткі будуць абмененыя на валюту ў крэдыт, і калі да пэўнага тэрміну даляры не будуць вернутыя, у банкіраў застанецца «залаты» заклад.

Як паведамляў Reuters раней, у рамках такой жа схемы Венесуэла змагла атрымаць 1 млрд даляраў летась ад Citigroup. Улетку 2016 года золата было канфіскаванае, бо выплаціць пазыку Мадура не змог.

Тады ад калапсу эканоміку Венесуэлы выратавалі расейскія грошы - «Раснафта» ўклала блізу 5 млрд даляраў у праекты па здабычы, пагадзіўшыся прымаць аплату нафтай. Як стала вядома ў лютым, Венесуэла выявілася не здольнай плаціць нават «натурай», бо яе тэрмінал на Багамскіх выспах быў арыштаваны за запазычанасці.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках