18 красавiка 2024, Чацвер, 22:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчук выйграў у мытні справу

16
Мянчук выйграў у мытні справу

Жыхар сталіцы не мае намеру спыняцца на прамежкавай перамозе і запатрабуе ад мытнікаў кампенсацыі ўсіх страт.

Паўгода сышло ў менчука Сяргея Анці, у якога канфіскавалі на беларуска-польскай мяжы імпартную выцяжку, каб давесці, што яго неабгрунтавана прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за падачу мытні недакладных звестак, піша tut.by.

22 кастрычніка мінулага года Сяргей вяртаўся з Польшчы на аўтамабілі праз пункт пропуску «Пясчатка». З сабой мянчук вёз выцяжку, якая каштавала блізу 500 даляраў. Яе вага без пакавання складала 29,4 кг, брута - 37,2 кг. Так як тавар увозіўся для асабістага карыстання, Сяргей указаў у дэкларацыі вагу нета - 30 кг і перадаў дакумент мытніку. Неўзабаве выцяжку дасталі з машыны і проста ў пакаванні паставілі на вагі, якія паказалі 37,2 кг. Гэты факт супрацоўнікі мытні зафіксавалі на фотаапарат, а мужчыну паведамілі, што ён здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне - падаў недакладныя звесткі аб тавары.

Абураны Сяргей зняў пакаванне з выцяжкі і ўзважыў яе. Тавар з усімі дэталямі важыў 29,4 кг. Аднак гэта не выратавала ні яго, ні выцяжку. Супрацоўнікі мытні адмовіліся фіксаваць паказанні вагаў без пакавання і, адпаведна, прыкласці гэтую інфармацыю да пратакола. У пакаванні ягоная выцяжка важыла больш за 35 кг, а значыць, трапляла пад вызначэнне «непадзельнага тавару», за перавозку якога неабходна заплаціць сукупную мытную плату. Сяргей жа ў сваёй дэкларацыі ўказаў вагу, меншую за 35 кг, што фармальна выглядала як падача несапраўдных звестак з мэтай ухілення ад выплаты.

Матэрыялы адміністрацыйнага правапарушэння накіравалі ў суд, які прызнаў Сяргея Анці вінаватым і пакараў штрафам 5 базавых адзінак - 105 рублёў (на той час базавая складала 21 рубель. - рэд.) - без канфіскацыі выцяжкі. Хоць мянчук і вярнуў сабе выключаны тавар, але за вінаватага сябе не ўважаў і абскардзіў гэты прысуд у Берасцейскім абласным судзе. Аднак гэта не дало вынікаў - абласны суд падтрымаў суд Маскоўскага раёна Берасця. Тады Сяргей Анці звярнуўся ў Вярхоўны суд, які прызнаў ягоныя аргументы абгрунтаванымі.

«Судом не ўлічаныя патрабаванні п.2 арт.75 ТК ТС. У адпаведнасці з гэтай прававой нормай базай для вылічэння мытных падаткаў у залежнасці ад тыпу тавараў і ўжывальных тыпаў ставак з'яўляецца мытны кошт тавараў і (або) іх фізічная характарыстыка ў натуральным выразе (колькасць, маса з улікам яго першаснага пакавання, якое неаддзельнае ад тавару да яго спажывання і ў якім тавар знаходзіцца для раздробнага продажу, аб'ём ці іншая характарыстыка), - гаворыцца ў пастанове, падпісанай старшынём Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам. - З яе сэнсу пры вылічэнні мытных падаткаў маса (вага) тавару вызначаецца з улікам толькі першаснага пакавання, якое ад тавару да яго спажывання неаддзельнае і ў якім ён прадстаўляецца для рахдробнага продажу. Пакаванне ўвезенага тавару, паводле матэрыялаў справы, складалася з кардоннай скрынкі, пенапласту, драўлянай ручкі і неаддзельным ад тавару не з'яўлялася. Адпаведна, яно не магло быць уключанае і ў яго вагу. Вага тавару без яго складала 29,4 кг, у сувязі з чым мытныя выплаты за тавар не прадугледжаныя. Склад адміністрацыйнага правапарушэння ў дзеяннях Анці С.А. з улікам гэтага адсутнічае».

Вярхоўны суд вызначыў, што пры такіх абставінах пастановы ў дачыненні да Сяргея не могуць быць прызнаныя законнымі і абгрунтаванымі. Таму іх варта скасаваць, а справу спыніць.

У размове з журналістамі Сяргей Анці адзначыў, што на гэтым не мае намеру здавацца і плануе падаць на Берасцейскую мытню ў суд з пазовам аб кампенсацыі страт.

- Вярхоўны суд прыняў пастанову вярнуць мне пяць базавых штрафу. Акрамя штрафу я два разы ездзіў у Берасце: на суд і па выцяжку. Я таксама меў выдаткі, звязаныя з размытненнем, выдаткі ў судах: раённым, абласным, Вярхоўным. Ну і разлічваю на кампенсацыю маральнай шкоды, - адзначыў суразмоўца.

Адказ з Дзяржстандарта на зварот Сяргея Анці з просьбай патлумачыць, што ж разумеюць пад тэрмінам «першаснае пакаванне»
Адказ з Дзяржстандарта на зварот Сяргея Анці з просьбай патлумачыць, што ж разумеюць пад тэрмінам «першаснае пакаванне»
Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках