29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія «леапарды» будуць перакінутыя на 400 кіламетраў на ўсход

3
Польскія «леапарды» будуць перакінутыя на 400 кіламетраў на ўсход
Leopard 2A5
Фота: defence24.com

Вайсковыя часткі каля Варшавы і на мяжы з Калінінградскай вобласцю РФ будуць узмоцненыя танкамі найноўшага ўзору.

Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы наважылася перакінуць два батальёны, узброеныя найноўшымі танкамі Leopard 2A5, для ўзмацнення войскаў каля ўсходняй мяжы, піша аўтарытэтнае выданне janes.com (пераклад - «Белсат»).

Танкі са складу 34-й бронекавалерыйскай брыгады імя вялікага кароннага гетмана Яна Замойскага адпраўляюцца да 1-й бранятанкавай брыгады імя Тадэвуша Касцюшкі. У танкавы батальён польскага войска ўваходзяць 58 машын. Гаворка ў выніку ідзе пра перакідванне 116 самых сучасных танкаў на ўзбраенні Польшчы на ўсход - гэта прыкладна палова ўсіх польскіх «леапардаў».

Такім чынам, блізу 100 «леапардаў» патрапяць з Жагані на захадзе Польшчы ва ўсходнія наваколлі Варшавы - баявыя машыны будуць перакінутыя больш чым на 400 кіламетраў на ўсход.

Leopard 2 - танк нямецкай вытворчасці, якім Польшча замяняе савецкія машыны на базе Т-72. Мадыфікацыя А5 была распрацаваная ў канцы 1990-х гадоў і мае ўзмоцненае браняванне, абноўленыя прылады назірання, цалкам электрычны механізм павароту вежы. Механізм лафета гарматы абноўлены для магчымага ўстанаўлення новай, больш доўгай рулі і выкарыстання больш магутных боепрыпасаў.

Як паведаміў начальнік Генеральнага штаба польскага войска генерал-лейтэнант Лешэк Сураўскі, чакаецца, што перасоўванне сотні танкаў і падрыхтоўка да баявой гатоўнасці на новым месцы зойме блізу года.

Танк PT-91 Twardy

Адначасова польскія танкі PT-91 Twardy (мадэрнізаваныя ў 1990-я гады танкі Т-72) са складу 1-й бранятанкавай брыгады будуць адпраўленыя таксама на ўсходнюю мяжу краіны - у горад Гіжыцка, які знаходзіцца недалёка ад расейскага Калінінграда. Тут стаіць 15-я механізаваная брыгада імя Завішы Чорнага. А састарэлыя танкі Т-72М1 савецкай вытворчасці будуць перамешчаныя на захад - да 34-й брыгады.

«У сувязі з перадысьлякацыяй двух батальёнаў да 1-й брыгады мы створым у 16-й механізаванай дывізіі (у якую ўваходзіць 1-я ТБр) моцную танкавую брыгаду, неабходную на ўсходнім беразе Віслы. У сваю чаргу перакідванне танкаў РТ-91 Twardy да Гіжыцка значна палепшыць баявыя здольнасці 15-й механізаванай брыгады», - сказаў генерал Сураўскі ў інтэрв'ю вайсковаму часопісу Polska Zbrojna.

Раней Томаш Шаткоўскі, дзяржаўны віцэ-сакратар у Мінабароны Польшчы, таксама адзначыў сувязь перадыслакацыі самых магутных баявых машын польскага войска з замежнапалітычнай сітуацыяй.

«Пастанова аб перанясенні часткі сіл 34-й бронекавалерыйскай брыгады з Жагані да 1-й бронекавалерыйскай брыгады ў Вэсолэй (усходні прыгарад Варшавы) была прынятая на аснове рацыянальных прычын, якія ідуць у тым ліку праз новую сітуацыю ў сферы бяспекі, выкліканую канфліктам ва Украіне, а таксама недастатковасцю абароннага патэнцыялу ва ўсходняй частцы Польшчы», - сказаў чыноўнік.

Лешэк СУРАЎСКІ

Польшча ўжо шмат гадоў паступова замяняе танкі, заснаваныя на савецкіх распрацоўках (такіх як Т-72) на нямецкія Leopard 2, цалкам інтэгруючы сувязь, лагістычнае забеспячэнне і ўзбраенне магутных баявых машын з партнёрамі ў NATO. Цяпер Варшава мае блізу 250 танкаў Leopard 2А4 і Leopard 2А5, больш за 200 танкаў PT-91 Twardy і блізу 500 састарэлых Т-72.

Танкі нямецкай вытворчасці плануецца і далей купляць для павышэння магутнасці польскіх танкавых войскаў, аднак у бундэсвера ўжо няма запасаў, якія б дазвалялі прадаваць «лішнія» машыны, таму польскія вайскоўцы шукаюць варыянты, дзе купіць новыя ці не занадта старыя «леапарды» за адносна невялікі кошт.

У той жа час Польшча не выключае магчымасці распрацаваць танк уласна польскай канструкцыі, што б дало магчымасць быць больш незалежнымі на рынку зброі і даць дадатковы штуршок для развіцця польскай цяжкай прамысловасці.

«Грошы на гэта запланаваныя», - сказаў генерал-лейтэнант Сураўскі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках