20 красавiка 2024, Субота, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сілавікі заняліся кіраўніком «Гроднамясамалпраму»

8
Сілавікі заняліся кіраўніком «Гроднамясамалпраму»
Аляксандр Кавецкі

Праваахоўныя органы ўзялі ў абарот Аляксандра Кавецкага.

Гэтую інфармацыю tut.by пацвердзілі дзве крыніцы.

«Наколькі вядома, там расследуецца карупцыйная схема. Прайшлі ператрусы ў Кавецкага і ягонага былога падначаленага. Мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту быццам бы не ўжывалася», - сказаў адзін з суразмоўцаў.

Інфармацыю аб затрыманні першых асоб мяса-малочнай прамысловасці Гарадзенскай вобласці на мінулых выходных распаўсюдзілі СМІ са спасылкай на свае крыніцы. З іх звестак, акрамя гендырэктара «кіроўнай кампаніі холдынгу «Гроднамясамалпрам» Аляксандра Кавецкага нібыта быў затрыманы гендырэктар «Слонімскага мясакамбіната» Павел Макей.

38-гадовага Макея, які працуе на «Слонімскім мясакамбінаце» толькі два з паловай месяцы, мы сёння заспелі на працоўным месцы. Да гэтай пасады ён 16 гадоў прапрацаваў на Ашмянскім мясакамбінаце, прайшоўшы шлях ад шараговага спецыяліста да намесніка дырэктара ў камерцыйных пытаннях. «Я на працы, жывы і здаровы. А тое, што пішуць у інтэрнэце, асабліва на форумах, мяне за выходныя вывела з раўнавагі. Таму мне не хочацца нічога каментаваць, каб не было пагалосак», - сказаў Павел Макей. З ягоных слоў, асноўная задача дырэктара - забяспечыць жыццядзейнасць камбіната. Цяпер «прадпрыемства працуе з прыбыткам, экспарт расце. Асноўныя паказчыкі выконваюцца».

Макей змяніў на «Слонімскім мясакамбінаце» Аляксандра Кавецкага, які сышоў на павышэнне ў холдынгавую кампанію «Гроднамясамалпрам», якая аб'ядноўвае шэраг прадпрыемстваў Гарадзенскай вобласці. Цяпер Аляксандр Іванавіч знаходзіцца «ў адпачынку без утрымання», сказалі журналістам у «Гроднамясамалпраме». Работнікі холдынгавай кампаніі кажуць, што «праблемы ў кіраўніка былі нібыта дзень-два, цяпер з ім работнікі звязваліся ўжо праз тэлефон». «З ім усё нармальна, у найбліжэйшы час будзе на працы», - выказаў надзею адзін з намеснікаў Кавецкага.

42-гадовы Аляксандр Кавецкі - ураджэнец Ашмянаў, там жа скончыў школу і мясцовы сельскагаспадарчы тэхнікум. Пасля службы ў войску вучыўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Працоўная біяграфія пачалася ў Ашмянах: 11 гадоў працаваў на мясакамбінаце, дзе прайшоў пасады ад эканаміста да намесніка дырэктара ў камерцыйных пытаннях. Узначальваў Ашмянскі сыраробны завод, затым - блізу 3 гадоў - Слонімскі мясакамбінат. Кавецкі - бацька трох сыноў.

Атрымаць каментар у праваахоўных органах пакуль не ўдалося.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках