29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чарнобыльскі шлях» у Менску (Відэа, онлайн)

28
«Чарнобыльскі шлях» у Менску (Відэа, онлайн)
ФОТА: TUT.BY

Галоўныя лозунгі акцыі «Не будаўніцтву Астравецкай АЭС!» і «Свабоду палітвязням!».

26 красавіка – 31-я гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Збор удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху - 2017» пачаўся а 18 гадзіне каля кінатэатра «Кастрычнік». Само шэсце пачалося а 18:30 ходнікамі праспекта Незалежнасці, вуліцай Сурганава і Арлоўскай да плошчы Бангалор, дзе а 20 гадзіне прайшоў мітынг і ўскладанне кветак ля памятнага знака «Ахвярам Чарнобыля».

У акцыі ўдзельнічалі ад 500 да 1000 чалавек. Затым частка ўдзельнікаў шэсця далучылася да мітынгу ў Кіеўскім скверы арганізаваным партыяй КХП БНФ.

Сайт Charter97.org праводзіў тэкставую онлайн-трансляцыю акцыі. Відэа далі «Белсат», nn.by, «Радыё Свабода».

20:10

Акцыі ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС скончаныя. Дзякуй, што былі з намі!

20:03

Удзельнікі акцыі праспявалі нацыянальны і рэлігійны гімн Беларусі «Магутны Божа».

20:02

Удзельнікі мітынгу ў Кіеўскім скверы прынялі рэзалюцыю, у якой гаворыцца аб наступствах катастрофы на ЧАЭС Беларусі, «ядзерных аблоках», якія апускаліся на тэрыторыі Беларусі загадам кіраўніцтва СССР, таемных выпрабаваннях ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны яшчэ задоўга да 26 красавіка 1986 года. У рэзалюцыі выказваецца рашучы пратэст будаўніцтву Астравецкай АЭС.

19:55

Павел Севярынец на мітынгу ў Кіеўскім скверы сказаў, што ў Беларусі сёння «палітычны Чарнобыль». Ён нагадаў пра падзеі 25 сакавіка ў Дзень Волі ў Менску. З ягоных слоў, рэжым Лукашэнкі не звяртае ўвагі на Божыя знакі: на будаўніцтве Астравецкай АЭС гінуць людзі, станцыю будуюць на разломах зямлі, а сам рэактар ужо некалькі разоў білі. «Нам трэба спыніць гэты рэжым!», - сказаў ён.

19:52

Выступае адзін з лідараў Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі. Ён заявіў, «маскоўская ўлада» заўсёды была ворагам Беларусі, менавіта праз яе злачынныя дзеянні Беларусь сёння адная з самых забруджаных краін у свеце, і дзякуючы гэтай маскоўскай уладзе сёння трымаецца ва ўладзе «халуйскі рэжым Лукашэнкі».

19:47

У Кіеўскім скверы праходзіць мітынг з удзелам блізу 100 чалавек.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

19:43

Людзі здзіўляюцца, чаго так спужаліся ўлады. Побач з Кіеўскім скверам стаіць шмат аўтазакаў, аўто ДАІ, аўтобусаў.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

19:34

Па дарозе ў бок Кіеўскага сквера праехаліся пяць аўтазакаў. Людзі кажуць, што не баяцца. Акцыя ў Кіеўскім скверы — дазволеная Менгарвыканкамам.

19:33

Людзей суправаджае шмат супрацоўнікаў міліцыі і КДБ у цывільным.

19:29

Блізу сотні чалавек надумалі далучыцца да акцыі ў Кіеўскім скверы і цяпер рухаюцца туды.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

19:27

Ігар Лялькоў з партыі БНФ ад імя арганізатараў шэсця падзякаваў людзям за ўдзел у акцыі. На гэтым мерапрыемства абвешчана скончаным. У той жа час Рыгор Кастусёў заклікаў людзей далучыцца да акцыі КХП-БНФ, якая акурат праходзіць у Кіеўскім скверы.

19:25

Павел Севярынец прачытаў «Ойча наш» і абвясціў хвіліну маўчання па ахвярах Чарнобыльскай катастрофы.

19:24

Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да помніка ахвярам катастрофы на ЧАЭС, устаноўленаму ля капліцы.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

19:22

Тэрыторыя ля Чарнобыльскай капліцы абгароджана турнікетамі.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

19:17

Павал Севярынец мяркуе, што пратэстны патэнцыял беларусаў не знік. Беларусы проста на час стаіліся, як партызаны.

19:16

«Гэта баявы Чарнобыльскі шлях. Людзі выйшлі, нягледзячы на дождж і масавыя арышты, якія прайшлі па краіне напярэдадні і пасля 25 сакавіка. І яны настроеныя рашуча», - сказаў адзін з лідараў партыі БХД Павал Севярынец.

19:08

Дэманстранты падышлі да Парку дружбы народаў. Калона рухаецца да Чарнобыльскай капліцы.

ФОТА: TUT.BY

19:05

«Не расейскай ядзернай бомбе!», «Верым! Можам! Пераможам!», - скандуюць людзі.

18:58

Калона падыходзіць да плошчы Бангалор. Нягледзячы на дождж, у шэсці ўдзельнічае па-ранейшаму даволі шмат людзей.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

18:46

Актывісты экалагічных арганізацый, якія прыйшлі на акцыю ў касцюмах звяроў, скандуюць «Не-АЭС у Беларусі!»

ФОТА: БАРЫС ГАРЭЦКІ

18:43

На акцыі прысутнічаюць шмат супрацоўнікаў сілавых структур. Супрацоўнікі ДАІ стаяць уздоўж праезнай часткі на працягу ўсёй калоны.

18:42

Удзельнікі шэсця скандуюць «Свабоду палітвязням!» і «Жыве Беларусь!».

18:39

Людзі скандуюць «Свабоду патрыётам!», маючы на ўвазе актывістаў «Белага легіёну», якія знаходзяцца цяпер у СІЗА КДБ.

ФОТА: «НАША НІВА»

18:37

Удзельнік акцыі з Гомеля сказаў, што прыехаў на акцыю ў Менск, бо надакучыла жыць у галечы. Мужчына таксама кажа, што супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы. «Гэта бомба. Хай яны гэтую бомбу будуюць у сябе ў Драздах», - кажа ён.

18:35

Малады ўдзельнік Чарнобыльскага шляху кажа, што выйшаў на акцыю, бо хоча перамен. «Надакучыла трываць!», - кажа ён.

18:34

У гэтым годзе на акцыі гучаць не толькі экалагічныя і эканамічныя лозунгі, але і палітычныя — з патрабаваннем вызвалення палітвязняў паводле справы «Белага легіёну», кажа лідар партыі БНФ Аляксей Януковіч.

18:32

У шэсці ўдзельнічаюць блізу 500 чалавек.

18:31

Галава калоны павярнула на вуліцу Сурганава. Наперадзе калоны нясуць чарнобыльскі звон і абраз.

ФОТА: @PR0TEZ

18:29

Дэманстранты скандуюць «Жыве Беларусь!».

18:28

Падчас акцыі раптам знік інтэрнэт. Цяпер ён адноўлены. Людзі пачынаюць шэсце.

ФОТА: @PR0TEZ

18:27

Выступае прадстаўнік партыі БНФ Ігар Лялькоў, які кажа, што Чарнобыль — гэта не мінулае, гэта беларуская штодзённасць.

18:25

Удзельнікі акцыі трымаюць у руках партрэты палітычных зняволеных — актывістаў руху «Белы легіён», антыфашыстаў, праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага.

ФОТА: @PR0TEZ

18:22

Мянчук кажа, што прыйшоў на акцыю апазіцыі ўпершыню, бо «ўлада зусім з’ехала з глузду, пазбавіла беларусаў усіх правоў і Канстытуцыі».

ФОТА: «НАША НІВА»

18:21

Каля кінатэатра знаходзяцца сотні людзей. Удзельнікі шляху паднялі бел-чырвона-белыя сцягі.

ФОТА: @PR0TEZ

18:19

«Реактор там не выбирали, один упал, второй помяли!» - плакат аднаго з удзельнікаў нагадвае пра праблемы з устаноўкай рэактара на Астравецкай АЭС.

ФОТА: TUT.BY

18:18

Дзяўчына ў касцюме дыназаўра трымае плакат «Вымрам, як дыназаўры!».

18:17

Людзі кажуць, што прыйшлі на акцыю, бо многія іх сваякі памерлі ці паміраюць ад рака — і відавочна, што гэта наступствы Чарнобыля. Нельга замочваць гэтыя праблемы, інакш яны будуць толькі пагаршацца.

18:12

На акцыю прыйшоў адзін з лідараў партыі БХД Павал Севярынец, кіраўнік руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, праваабаронца Валерый Шчукін, паэт Славамір Адамовіч, лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Сяргей Мацкойць ды іншыя.

18:08

Будаўніцтвам АЭС улады капаюць беларусам магілу, кажуць актывісты.

18:06

Актывісты экалагічных арганізацый адзетыя ў касцюмы звяроў. Яны кажуць «Мы жывем, як у заапарку! Усе звяры выйшлі пратэставаць супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС».

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

18:05

Зялёныя актывісты разгарнулі расцяжку «Час спыніць Астравецкую пачвара».

18.01

«Я прыйшоў падтрымліваць сваю свабоду слова. Прэзідэнт забараняе нам казаць тое, што мы думаем, - кажа хлопец у скураной куртцы. - Мне не страшна, я не баюся. Гэта Лукашэнка баіцца, бо можа страціць сваю ўладу».

18:00

Праблемы аварыі на ЧАЭС у Беларусі будуць назірацца ў Беларусі яшчэ многія пакаленні, мяркуе эколаг Таццяна Новікава.

Яна таксама нагадала, што сёння ў Беларусі нельга будаваць АЭС — станцыя будуецца з парушэннямі, а на корпусе маюцца дэфекты, што немінуча прывядзе да новай аварыі.

17:59

Эколаг Таццяна Новікава, выступаючы перад СМІ, сказала, што ўсе беларускія і замежныя спецыялісты мяркуюць, што наступствы аварыі на АЭС нікуды не зніклі, а наадварот — пранікненне стронцыю ў зернавыя, вырашчаныя ў Беларусі, толькі ўзрасла.

17:55

Каля кінатэатра пачынаюць збірацца людзі. Цяпер там блізу сотні чалавек, у тым ліку лідары апазіцыйных партый.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках